Сёння стартуе XI Рэспубліканскі экалагічны форум. Сярод удзельнікаў – дэлегацыя Брэстчыны

Сёння стартуе XI Рэспубліканскі экалагічны форум. Сярод удзельнікаў – дэлегацыя Брэстчыны

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

З   23 па 25 жніўня больш за 500 дэлегатаў з розных куточкаў Беларусі і гасцей з блізкага замежжа будуць абмяркоўваць надзённыя праблемы аховы прыроды, павышэння экалагічнай адукаванасці людзей. Актуальнасці мерапрыемству, між іншым, дадае і той факт, што 2013-ы год абвешчаны ў Садружнасці незалежных дзяржаў Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. Прычым з падобнай іныцыятывай выступіла менавіта Беларусь, якая сёлета старшынствуе ў СНД.
– Пад дэвізам экалагічнага выхавання прайшлі і рэгіянальныя этапы форума – разнастайныя акцыі ды конкурсы адпаведнай скіраванасці, – паведаміў напярэдадні Аляксей Лячэк, намеснік начальніка аддзела прававой работы і каардынацыі кантрольнай дзейнасці абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Знайшлося шмат удзельнікаў, неабыякавых да стану нашай планеты – як з ліку звычайных жыхароў вобласці, так і з ліку арганізацый. Але хацелася б яшчэ больш людзей розных узростаў далучыць да карыснай справы, тым больш што пераможцы абласных конкурсаў у межах форуму маюць шанс паспрачацца за лаўры ў фінале і нават трапіць у лік мацнейшых.
Апошніх, дарэчы, у Бабруйску па традыцыі ўзнагародзяць дыпломамі, прызамі і грашовымі прэміямі. На жаль, сёлета берасцейцам не хапіла літаральна трошачкі, каб падняцца на вышэйшыя прыступкі п’едэстала. Аднак тое, што прадстаўнікі вобласці стабільна дэманструюць добрыя вынікі, не можа не радаваць: у нас тры другія месцы. Адзначаны Баранавіцкі станкабудаўнічы завод,  філіял ЗАТ “Атлант” – за лепшае ўладкаванне месцаў масавага адпачынку ў межах водаахоўных зон водных аб’ектаў. Па выніках фотаконкурсу “Гэта твая зямля” другімі таксама сталі Сяргей Рабаў (намінацыя “Прыгажосць роднай прыроды”) сярод прафесіяналаў і Мікіта Чыркун (намінацыя “Экалогія і чалавек”) – сярод навучэнцаў.
У склад дэлегацыі Брэстчыны на XI Рэспубліканскі экалагічны форум увайшлі 49 чалавек.
– Гэта не толькі прадстаўнікі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і кіраўнікі раённых інспекцый, – падзяліўся Сяргей Мычко, начальнік аддзела арганізацыйнай і кадравай работы абласнога камітэта. – Улічваючы тое, што гэты год прысвечаны экалагічнай культуры і адукацыі, акцэнт у нашай камандзе зроблены менавіта на педагогаў – лепшых выкладчыкаў БрДУ імя А.С. Пушкіна, Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай Акадэміі навук Буларусі, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, дырэктараў гімназій і школ, устаноў адукацыі з экалагічным ухілам. Іх удзел у падобных мерапрыемствах нават не аспрэчваецца, бо гэтыя людзі працуюць з падрастаючым пакаленнем, ад якога будзе залежаць наша будучыня, у тым ліку і экалагічная.
У складзе дэлегацыі – і тыя, хто непасрэдна ўплывае на экалагічную сітуацыю ў вобласці: прадстаўнікі жыллёва-камунальных служб. Акрамя гэтага, з мэтай папулярызацыі зялёных турыстычных маршрутаў паўдзельнічаюць у форуме і кіраўнікі рэспубліканскіх заказнікаў “Прыбужскае Палессе” і “Сярэдняя Прыпяць” – Мікалай Лукашук і Віктар Бяленка. Ужо заўтра падчас выставы “Сучасныя тэхналогіі ў вобласці аховы і выкарыстання прыродных рэсурсаў” яны прэзентуюць відэафільмы і па-дзеляцца з калегамі вопытам у галіне турызму.
І хоць кожны год гарачая экалагічная трохдзёнка, якой па сутнасці з’яўляецца форум, мяняе месца дыслакацыі, тэматыку правядзення, ды нязменным застаецца жаданне пастаянных удзельнікаў голасна абмяркоўваць праблемы навакольнага асяроддзя. У гэтым сугуччы разнастайных тэмбраў можна ўлавіць і голас Брэстчыны, які дзень за днём становіцца ўсё мацней.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Брэстчыну наведалі прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання Валынскай вобласці Украіны

Следующая запись

Прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага конкурсу “Уладар сяла”