Станоўча адзначана работа Пружанскага райвыканкама
Падмурак для будучай пяцігодкі трэба закласці ўжо сёлета, працуючы на безумоўнае выкананне асноўных прагнозных паказчыкаў.
Прыступаючы да абмеркавання вынікаў работы народнай гаспадаркі вобласці і выканання бюджэту ў студзені-сакавіку сёлетняга года, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар запатрабаваў разглядаць іх праз прызму выканання пяцігодкі ў цэлым. “Першы квартал – менавіта той прамежак часу, зыходзячы з якога, можна ўбачыць, наколькі мы ўпісваемся ў ажыццяўленне пастаўленых перад намі задач”, – зазначыў губернатар. Ён назваў раёны – Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Камянецкі і Кобрынскі, якім у бліжэйшы час трэба скаардынаваць сваю работу, каб усё-такі выйсці на запланаваныя рубяжы пяцігодкі. Астатнім рэгіёнам варта нарошчваць тэмпы, працаваць на перспектыву.
“Увогуле, гэты год – ключавы, будзем успрымаць яго як стартавы перыяд для паспяховага ўваходу ў наступную пяцігодку”, – заўважыў Канстанцін Андрэевіч, тут жа нагадаўшы Пасланне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і парламенту. А менавіта пра тое, што сёлета неабходна закласці падмурак для хуткага і якаснага прарыву: Беларусь павінна выйсці з крызісу больш сучаснай і гатовай да жорсткай канкурэнцыі ва ўмовах паслякрызіснага свету.
З выступленняў намеснікаў старшыні аблвыканкама Міхаіла Юхімука, Мікалая Крывецкага і Леаніда Цупрыка вынікала, што наяўнасць станоўчых тэндэнцый – яшчэ не нагода для самазаспакоенасці. Большасць прагнозных паказчыкаў засталіся недасягальнымі для ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны, акрамя Пружанскага раёна, які не справіўся толькі з двума. Сярод абласных арганізацый – падобная сітуацыя, за выключэннем прадпрыемстваў “Брэстмеліявадгаса” і “Аб’яднання Брэст-аблсельбуд”.
Станоўча адзначана работа Пружанскага райвыканкама, які за апошнія гады не зніжае інвестыцыйнай актыўнасці. Ды падобныя прыклады пакуль што адзінкавыя. Між тым, зазначыў Міхаіл Юхімук, “інвестара трэба шукаць, ствараць яму належныя ўмовы, а нярэдка – і рызыкаваць разам з ім”. За недастатковае прыцягненне інвестыцый у эканоміку кіраўнік вобласці пакрытыкаваў Брэсцкі, Баранавіцкі і Пінскі гарвыканкамы. Па цвёрдым перакананні старшыні праўлення Нацбанка краіны Пятра Пракаповіча, які прымаў удзел у пасяджэнні, кожнае прадпрыемства павінна распрацаваць інвестыцыйную праграму, з дапамогай якой эфектыўна развіваць вытворчаць.
Пётр Пракаповіч звярнуў увагу прысутных на адну з важнейшых задач, акрэсленых Прэзідэнтам у нядаўнім Пасланні: у наступнай пяцігодцы Беларусь павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найбольшым індэксам чалавечага патэнцыялу – і на гэта павінны быць скіраваны ўсе нашы эканамічныя імкненні. “Калі хочам добра жыць – павінны навучыцца добра працаваць”, – сказаў ён. А для гэтага ўсё неабходнае ёсць, у тым ліку і рэзервы.
У сваю чаргу Канстанцін Сумар абавязаў гаррайвыканкамы і абласныя структуры да 1 мая распрацаваць графікі рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з паквартальнай разбіўкай. Яшчэ адна задача – зніжэнне пратэрмінаванай запазычанасці па бюджэтных пазыках. Канстанцін Андрэевіч таксама нагадаў ранейшую размову, што тычылася развіцця ўласных дапаможных гаспадарак: па выніках работы за паўгоддзе будуць зроблены пэўныя вывады. “Бо нікуды не варта, – не без падстаў заўважыў ён, – што ніводны раён не выходзіць на абяцаныя паказчыкі”. А наконт добраўпарадкавання населеных пунктаў з улікам праведзенага ў красавіку месячніка пытанне будзе разгледжана ў маі. Тым больш, што прадэманстраваныя перад прысутнымі слайды яскрава сведчылі аб значных недахопах у навядзенні парадку на зямлі.
Пры разглядзе астатніх трох пытанняў – аб выніках ацяпляльнага сезона і задачах па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду 2010-2011 гадоў, аб рабоце са зваротамі грамадзян у гаррайвыканкамах, арганізацыях і ўстановах вобласці, аб дадатковых мерах па папярэджанні пажараў і гібелі людзей – акцэнт рабіўся на недапрацоўках, якіх у будучым не павінна быць. Толькі так, аналізуючы зробленае, ставячы новыя мэты і працуючы над іх ажыццяўленнем, можна павысіць якасць тавараў, паслуг, кіравання і, у рэшце рэшт, жыцця людзей, на што нацэльвае ўсіх нас сёлетняе Пасланне кіраўніка дзяржавы.
Галіна МАЗІНА, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.