Беларусь

«Стымул-Брэст» – калектыў аднадумцаў


Таварыства з абмежаванай адказнасцю выпускае не зусім знаёмыя, але такія неабходныя ў народнай гаспадарцы агрэгаты.
Птушкавоз, вуллявоз, акучнік прышчэпаў, выкапачны плуг для саджанцаў, касілка для здрабнення галінак, лесапасадачная машына, бур, пасадачная машына караняхрэна, выкапачны плуг караняхрэна, шчылінарэз дыскавы… Упэўнена, што многія людзі гэтыя назвы чуюць упершыню і сапраўды ніколі не бачылі такіх агрэгатаў.
Між тым, яны ёсць і вырабляюцца не дзе-небудзь за мяжой, а ў нашым абласным цэнтры. Тэхніка гэтая незаменная для работы ў садах, лясгасах і зелянгасах, на птушкафабрыках і пчолагадавальніках. Знаходзіцца для яе прымяненне і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, у пагранічных атрадах, а касілкі – для догляду за пашавымі ўгоддзямі, для абкошвання тэрыторыі ўздоўж аўтамабільных дарог і чыгункі, для работы ў лесапаркавых зонах.
Распрацоўку і выраб гэтых, недзе нават унікальных, сельгасмашын па ініцыятыве інстытута пладаводства асвоілі ў ТАА “Стымул-Брэст”. Заснавальнікі “прабацькі” гэтага прадпрыемства МУП “Стымул” – былыя работнікі эксперыментальнага цэха завода “Цветатрон”, дзе яшчэ ў савецкі час рыхтавалі токараў і фрэзероўшчыкаў, Любоў Бяляцкая і Уладзімір Сярогін.
Распрацоўкай і выпускам сельгасмашын для пасадкі, догляду і ўборкі плодаагародніннай прадукцыі заняліся з прыходам на прадпрыемства інжынера Мікалая Баярэвіча. Яго любоў да тэхнікі, па словах Любові Бяляцкай, і падштурхнула калектыў, у якім зараз працуе каля 40 чалавек, на вытворчасць сельгасагрэгатаў. А калі ўлічыць той факт, што да “Стымула” Мікалай Баярэвіч працаваў інжынерам у сельгаспрадпрыемстве, дзе быў вялікі сад, дык зусім зразумелым стане яго жаданне займацца сельгасмашынамі для садаводчай галіны.
Для наладжвання вытворчасці ТАА “Стымул-Брэст” выкупіла ў Міністэрства абароны памяшканні былой воінскай часці, якія раней арэндавала, і зямлю. У адным з будынкаў, практычна паўразбураным, пасля рамонту абсталявалі офіс, тут жа размясцілі канструктарскае бюро, якое і займаецца распрацоўкай праектаў сельгасмашын. Складскія памяшканні пераабсталявалі пад цэхі, у якіх чаруюць над агрэгатамі слесары-зборшчыкі, токары, фрэзероўшчыкі, газаэлектразваршчыкі. На прадпрыемстве ёсць трактар для выпрабавання тэхнікі. Уся вытворчасць размясцілася на тэрыторыі плошчай 1,5 гектара.
Цяпер ТАА “Стымул-Брэст” выпускае каля 30 мадыфікацый сельгасмашын, якімі вялікія прадпрыемствы займацца не хочуць з-за малых аб’ёмаў іх вытворчасці.
“Стымул-Брэст” рэалізуе сваю прадукцыю ў асноўным у Беларусі сельгаспрадпрыемствам, якія займаюцца садаводствам, фермерскім гаспадаркам, лясгасам. Паступаюць заказы і з Расіі. Не столькі, праўда, як хацелася б кіраўніцтву прадпрыемства, аднак вытворцы спадзяюцца, што іх прадукцыя зойме годнае месца і на тамашнім рынку. Пасля ўдзелу Мікалая Баярэвіча ў ХХVI Міжнароднай канферэнцыі па садаводстве ва Украіне прадукцыяй брастаўчан зацікавіліся і ў гэтай краіне.
– Ужо і заказы першыя з’явіліся, – гаворыць Мікалай Іванавіч. – А гэта значыць, што мы працуем у правільным кірунку. Проста нашу тэхніку пакуль не ведаюць. Але зрухі ёсць. Калі раней некаторыя агрэгаты мы рабілі толькі на заказ, дык зараз можам дазволіць выпусціць некалькі найбольш запатрабаваных адзінак і без заяўкі – ведаем, што прадукцыя доўга не будзе стаяць на складзе. У цэлым жа ў год рэалізуем да сотні розных сельгасмашын, а таксама запасныя часткі да іх. У перспектыве нашых кліентаў чакаюць новыя, не менш цікавыя распрацоўкі.
Дарэчы тут будзе сказаць і пра тое, што цана выпускаемых у ТАА “Стымул-Брэст” агрэгатаў прымальная як для буйных сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый, так і для невялікіх фермерскіх гаспадарак. Тэрмін іх службы – 10-11 гадоў, гарантыя – два гады. Рамонт тэхнікі па гарантыі праводзіць прадпрыемства, хоць паломак, па словах дырэктара, амаль не бывае. А гэта – сведчанне высокай якасці прадукцыі.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”
г.Брэст

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля