Беларусь

Святая кніга


Урачыста перададзена прадстаўнікам бібліятэк Брэстчыны факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля
Удзел у гэтай акцыі, якая прайшла ў абласным грамадска-культурным цэнтры, прынялі епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, выконваючы дырэктар выдавецтва Беларускага Экзархату Уладзімір Грозаў, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Рыгор Бысюк.
Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля  з’яўляецца дакладнай копіяй рукапіснага шэдэўра, упрыгожанага геаметрычным і раслінным арнаментамі з выкарыстаннем пазалоты і кінавары. Гэтую кнігу ў XVI стагоддзі асабіста перапісаў князь Юрый Алелькавіч. Яна захоўвалася ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры, потым – у фондах Мінскага і Магілёўскага музеяў. Евангелле знікла ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам са знакамітым Крыжом Еўфрасінні Полацкай, але ў 2003 годзе цудоўным чынам было знойдзена. Яго перадала свяшчэнніку прыхаджанка ва ўдзячнасць за адпяванне   сваяка.
Перавыданне рарытэта стала магчымым у межах праекта “Вяртанне святынь”, які праводзіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларуская Праваслаўная Царква. У наступным годзе плануецца выдаць факсіміле Полацкага Евангелля, якое захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.
Юрый МАКАРЧУК, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля