Беларусь

Амбіцыйная задача


Народныя выбраннікі зацвердзілі прагноз і бюджэт вобласці на 2011 год
Выступаючы перад дэпутацкім корпусам Брэстчыны на чацвёртай сесіі абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч акрэсліў галоўную задачу дзяржавы на новую пяцігодку: выйсці па ўзроўні жыцця ў 2015 годзе на сярэднееўрапейскі паказчык і ўвайсці ў першыя 50 краін свету. Задача гэтая, па словах Пятра Пракаповіча, амбіцыйная, але цалкам рэальная. Для яе ажыццяўлення патрэбна напружаная праца.
Свой уклад у выкананне гэтай задачы павінны ўнесці і працаўнікі Брэстчыны.Але спачатку старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар прааналізаваў выкананне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў мінулым годзе. У прыватнасці, кіраўнік вобласці адзначыў, што эканоміка Брэстчыны ў 2010 годзе развівалася стабільна, забяспечана выкананне большасці прагнозных паказчыкаў, акрамя платных паслуг, росту аб’ёмаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі і прыцягнення інвестыцый прадпрыемствамі бязведамаснага падпарадкавання.
Летась выкананне прагнозу па прамысловай прадукцыі і спажывецкіх таварах забяспечана на прадпрыемствах усіх форм падпарадкавання за выключэннем прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання. Эфектыўна працавала на працягу мінулага года і пяцігодкі ў цэлым прамысловасць, падначаленая мясцовым органам улады. Найбольшы ўклад у выкананне прагнозных паказчыкаў унеслі прадпрыемствы канцэрна “Брэстмясамалпрам”. Тэхнічнае пераўзбраенне і ўкараненне новых вытворчасцей дазволілі палепшыць фінансавы стан мясамалочных заводаў і камбінатаў. Узровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі ў малочнай галіне за студзень-лістапад склаў 11, у мясной – больш за 8 працэнтаў.
Выкананне прагнозных паказчыкаў забяспечана і ў прамысловасці, якая не мае ведамаснага падпарадкавання. Дзякуючы рэалізацыі 80-ці інвестыцыйных праектаў працягвалася нарошчванне вытворчасці на прадпрыемствах “Брэстмясцпрама”. У ліку гэтых праектаў можна назваць мадэрнізацыю вытворчасці ў Косаўскім мэблевым аб’яднанні, асваенне выпуску сентыпону і іголканабіўнога матэрыялу на Антопальскай бавоўнапрадзільнай фабрыцы, прадукцыі для будаўнічай галіны на “Бярозабудматэрыялах”, стварэнне новых імпартазамяшчальных вытворчасцей…
У сельскай гаспадарцы, зазначыў кіраўнік вобласці, вядзецца мэтанакіраваная работа па вытворчасці сельгаспрадукцыі. Валавы намалот хлеба ў 2010 годзе склаў 1 мільён 110 тысяч тон. У паўтара раза павялічылася вытворчасць зерня кукурузы. На 50 тысяч тон больш, чым у 2009 годзе, атрымана бульбы. Па нарыхтоўцы травяных кармоў вобласць стала пераможцай у рэспубліканскім спаборніцтве.
У жывёлагадоўчай галіне, адзначыў Канстанцін Андрэевіч, павялічылася вытворчасць малака, палепшылася яго таварнасць. Лідарам тут па-ранейшаму з’яўляецца Брэсцкі раён. Набліжаюцца да прыбужцаў іванаўцы. А вось жывёлаводы Драгічынскага, Камянецкага, Пружанскага, Кобрынскага і Столінскага раёнаў, падкрэсліў старшыня аблвыканкама, лепшых паказчыкаў па вытворчасці малака павінны дабіцца ў гэтай пяцігодцы.
Выконваецца Дзяржаўная інвестыцыйная праграма. За 11 месяцаў у эксплуатацыю ўведзены 41 аб’ект з 47 запланаваных. Завершана будаўніцтва першай чаргі смеццеперапрацоўчага завода ў Брэсце, двух жылых дамоў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, у Ляхавічах, зімняга саду для Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, водазабору “Беразнякі” ў Камянцы, комплексу пагранічнай камендатуры ў Маларыце і шэрага іншых аб’ектаў.
Укараненне новых тэхналогій на вытворчасці дазволіла прадпрыемствам актывізаваць знешнеэканамічную дзейнасць. На Расію, Украіну, Казахстан, Польшчу і Германію прыпадае каля 90 працэнтаў аб’ёмаў экспарту вобласці, асвойваюць берасцейскія вытворцы і далёкія рынкі: напрыклад, Венесуэлы, некаторых афрыканскіх краін. Каб пашыраць іх, зазначыў губернатар, неабходна паляпшаць якасць і павышаць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі.
Аб’ём вытворчасці ў малых гарадах таксама павялічыўся, вырасла колькасць малых прадпрыемстваў, у тым ліку створаны новыя прамысловыя прадпрыемствы і вытворчасці. Занятасць у эканоміцы павялічылася, узровень беспрацоўя знізіўся. У справаздачы кіраўніка вобласці аб выкананні сацыяльна-прагнозных паказчыкаў на 2010 год адзначалася таксама, што зарплата жыхароў рэгіёна вырасла амаль у два разы. Нягледзячы на ўсе эканамічныя складанасці, бесперабойна функцыянавала сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва.
2011 год для берасцейцаў будзе не менш напружаным, чым мінулы. Пра гэта гавораць зацверджаныя параметры: валавы рэгіянальны прадукт павінен скласці 109,5-110,5 працэнта да леташняга, прамыя інвестыцыі на чыстай аснове (без запазычанасці прамому інвестару за тавары, паслугі) павінны дасягнуць 838 мільёнаў долараў ЗША, увод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання – 1 мільёна 230 тысяч квадратных метраў. Акрамя гэтага неабходна стварыць 21 тысячу новых і мадэрнізаваных рабочых месцаў, а рэнтабельнасць продажаў у арганізацыях сельскай гаспадаркі давесці да 6-8 працэнтаў. “Менавіта ад гэтага паказчыка ў многім будзе залежаць вынік работы нашай эканомікі”, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Прагнозны паказчык па энергазберажэнні на гэты год – “мінус” 6 працэнтаў. Выкананне яго будзе вырашацца за кошт пераходу суб’ектаў гаспадарання на мясцовыя віды паліва.
Адметная асаблівасць прагнозу – прыбліжанасць да сусветных стандартаў. Прыярытэтным кірункам у рабоце прамысловасці стане стварэнне новых вытворчасцей і прадпрыемстваў, якія вырабляюць арыентаваную на экспарт, высокатэхналагічную і навукаёмістую прадукцыю, а таксама далейшае перааснашчэнне дзеючых прадпрыемстваў. У выпуску прадукцыі курс будзе ўзяты на тую, што не патрабуе вялікіх затрат і вырабляецца з мясцовай сыравіны. Асаблівая ўвага – якасным паказчыкам, ад якіх залежаць фінансава-эканамічны стан, рост даходаў і зарплаты, забяспечанасць занятасці насельніцтва працай. Крытэрыямі ацэнкі работы кіраўнікоў прадпрыемстваў стануць павелічэнне рэнтабельнасці продажаў і рост чыстага прыбытку.
Сёлета таксама чакаецца пераарыентацыя інвестыцый: акрамя ўзвядзення жылля і сацыяльна значных аб’ектаў, іх у першую чаргу будуць накіроўваць на стварэнне ў вобласці новых вытворчасцей, ад якіх напрамую залежаць стварэнне новых рабочых месцаў і папаўненне рэгіянальных бюджэтаў. Пра гэта, дарэчы, гаварыў і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч: “Новую эканоміку ствараць за кошт малых прадпрыемстваў сёння будзе недастаткова, калі не выходзіць на бія-, нана- і інфармацыйныя тэхналогіі, якія патрабуюць “мазгоў”. А іх мы можам падрыхтаваць”.
Не засталася па-за ўвагай праблема будаўніцтва ў раёнах новабудоўляў дзіцячых садкоў, школ, медыцынскіх устаноў. Ва Урадзе Беларусі зараз прапрацоўваецца варыянт фінансавання такіх аб’ектаў за кошт льготных крэдытаў.
Асобна Канстанцін Сумар спыніўся на рабоце спартыўных збудаванняў, якіх за пяцігодку на Брэстчыне ўзведзена каля 300. Выкарыстоўваюць іх не на належным узроўні. Гэта недаравальна, калі ў сельскіх населеных пунктах вечарамі пустуюць школьныя спартыўныя залы. Запоўніць іх, навучыць людзей весці здаровы лад жыцця – задача старшынь сельскіх Саветаў, бо менавіта яны з’яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай палітыкі на месцах.
На сесіі быў зацверджаны бюджэт вобласці на 2011 год. Ён, як і раней, захоўвае сацыяльную накіраванасць. І гэта правільна, бо медыцына, адукацыя, спорт – менавіта тыя сферы, дзейнасць у якіх скіравана на выхаванне здаровага і адукаванага чалавека, здольнага працаваць і ствараць.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля