У Брэсце прайшла абласная нарада-семінар для акруговых камісій

У Брэсце прайшла абласная нарада-семінар для акруговых камісій

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Пачаўся актыўны перыяд работы акруговых выбарчых камісій. Галоўная іх функцыя цяпер – работа з кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Акруговыя камісіі да 19 ліпеня рэгіструюць ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, арганізуюць дапамогу ў вылучэнні прэтэндэнтаў на парламенцкі мандат, рэгіструюць кандыдатаў (гэта будзе зроблена ў перыяд з 14 па 23 жніўня), сочаць за выкананнем выбарчага заканадаўства і фінансуюць участковыя камісіі, якія будуць створаны да 8 жніўня. Апошнія працуюць непасрэдна з выбаршчыкамі: складаюць спісы, рыхтуюць памяшканні для галасавання, арганізуюць яго правядзенне (датэрмінова, дома, на ўчастку ў дзень выбараў), падводзяць вынікі галасавання. Па іх акруговыя камісіі і высвятляць, хто ж зменіць статус: з кандыдата пяройдзе ў дэпутаты. Аб розных нюансах парламенцкай кампаніі 2012 года ішла размова на абласной нарадзе-семінары для старшынь акруговых камісій, іх намеснікаў і сакратароў, якая прайшла ў Брэсце 17 ліпеня. Удзел у ёй прыняў сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Асаблівую ўвагу Мікалай Іванавіч звярнуў на навацыі – змяненні ў выбарчым заканадаўстве краіны 2010 года. “Усе гэтыя змяненні, – адзначыў Мікалай Лазавік, – накіраваны на тое, каб зрабіць працэс вылучэння кандыдатаў больш свабодным, дэмакратычным, а агітацыю – больш адкрытай і вольнай. Для правядзення агітацыйнай кампаніі ўпершыню кандыдаты ў дэпутаты парламента атрымаюць магчымасць сфарміраваць свой асабісты выбарчы фонд. З бюджэту выдаткоўваецца каля 5 мільёнаў рублёў на выраб перадвыбарнай друкаванай прадукцыі, а асабісты фонд прэтэндэнт можа сфарміраваць у памеры да 100 мільёнаў рублёў і выкарыстоўваць яго для сваёй агітацыйнай кампаніі”.
Такія навучальныя нарады-семінары Цэнтрвыбаркам практыкуе паўсюдна. Навошта? Каб акруговыя камісіі працавалі зладжана, бо ў іх заняты непрафесійныя спецыялісты, далёка не заўсёды яны маюць юрыдычную адукацыю. Выбары ж павінны быць не проста арганізаваны, але і праведзены ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам нашай краіны.
– Вельмі хочацца пажадаць калегам па выбарчых камісіях, каб парламенцкая кампанія прайшла дэмакратычна і грамадзяне Рэспублікі Беларусь мелі магчымасць зрабіць свядомы выбар, а выбраны дэпутат кожнай акругі годна прадстаўляў інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, – сказаў сакратар Цэнтрвыбаркама.
На думку Мікалая Лазавіка, варта адзначыць важнасць гэтага інстытута – Палаты прадстаўнікоў, бо ў слове “прадстаўнікоў” заключаецца галоўны сэнс дзейнасці парламентарыя. “Ён прадстаўляе сваю акругу, сваіх выбаршчыкаў, сваіх людзей, а значыць, ён прадстаўляе праблемы, якія існуюць у выбаршчыкаў. Хацелася б, каб тыя, хто прыйдзе 23 верасня галасаваць, выбіралі найбольш актыўнага і годнага дэпутата, які сапраўды будзе хварэць за справу, будзе дапамагаць вырашаць унутраныя праблемы сваёй акругі”, – выказаў меркаванне Мікалай Іванавіч і на канкрэтных прыкладах паказаў, як у той ці іншай сітуацыі павінны паводзіць сябе члены акруговых камісій, як узаемадзейнічаць з кандыдатамі, іх даверанымі асобамі, назіральнікамі.
Між іншым, упершыню за 8 год старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына змагла паўдзельнічаць у канферэнцыі арганізатараў выбараў, якая нядаўна прайшла пад эгідай АБСЕ. З боку нашых апазіцыянераў гэта выклікала нейкую нездаровую рэакцыю, таму што некаторыя прадстаўнікі апазіцыйных колаў лічаць, што толькі яны маюць права выязджаць на Захад і дакладаць аб сітуацыі ў нашай краіне. Па словах Мікалая Лазавіка, апазіцыя, як было заўважана на папярэдніх выбарах, часцяком нацэльвае сваіх назіральнікаў на тое, што калі недахопаў няма, дык трэба справакаваць нейкія канфліктныя сітуацыі і набраць пабольш негатыву. Зусім іншы падыход у канструктыўных назіральнікаў, напрыклад, прадстаўнікоў СНД, якія “калі і выяўляюць недахопы, дык не для таго, каб прынізіць арганізатараў выбараў у Беларусі, а каб ухіліць пэўныя хібы выбарчай кампаніі, часам  і папярэдзіць нейкія памылкі”.
Безумоўна, выкананне працэсуальных норм, захаванне выбарчага заканадаўства нашай рэспублікі вельмі важна. Але галоўны вынік кампаніі – выбар дэпутатаў. Ён будзе залежыць ад актыўнасці кандыдатаў і грамадзянскай пазіцыі выбаршчыкаў.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Ці знойдзе беларуская музыка дарогу да сэрцаў слухачоў?

Следующая запись

Па абласным цэнтры пачаў хадзіць… паэтычны тралейбус