У палоне зорак

У палоне зорак

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Іван Кульбеда вучыць дзяцей… любіць неба
Хто не любіць глядзець на зоркі? Летуценна ўглядацца ў неба, загадваць жаданні? Рамантычная ўзнёсласць, як высветлілася, лёгка спалучаецца з дакладнасцю фізікі і астраноміі. А пераканаў мяне ў гэтым настаўнік фізікі, астраноміі і інфарматыкі з дзяржаўнай установы адукацыі “Ляхавецкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” Маларыцкага раёна Іван Кульбеда.
Амаль 8 год таму да Івана Рыгоравіча звярнулася калега, настаўніца пачатковых класаў, з просьбай адказаць на пытанні дзетак. Цікаўныя малыя хацелі ведаць, чаму, калі самалёт ляціць, шыбы трасуцца? Чаму за ім белы хвост цягнецца? А што там, на небе, за зоркамі? Вось гэта вучнёўская дапытлівасць і падштурхнула педагога да стварэння клуба “Хачу ўсё ведаць!”. Пазакласная дзейнасць з’яднала як зусім маленькіх навучэнцаў, так і старшакласнікаў. “Зараз у мяне змена пакаленняў,  – гаворыць Іван Рыгоравіч,  – старшакласнікі ж
рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання. Вядома, на занятках з імі раблю акцэнт на паступленне ў ВНУ. А ці застанецца цікавасць да зорак у тых, хто толькі пачынае займацца ў маім гуртку, пакажа час”.
Пасля знаёмства з гэтым сціплым, але ўлюбёным у сваю справу настаўнікам вясковай школы, асабіста я ўпэўнена: застанецца. Успомніце свае ўрокі астраноміі. Падручнік, сшытак і мадэль зямнога шара ў кабінеце. А ведаеце, што ёсць у Ляхавецкай школе? Тэлескопы! Так-так. Прычым некалькі з іх зроблена самім астраномам і яго юнымі памочнікамі. Вы зараз скажаце, што тэлескоп –
складаная і дарагая рэч, што немагчыма ў вясковай школе яго зрабіць. Напэўна, раней пагадзілася б з такім меркаваннем, але ж на свае вочы бачыла прылады, з дапамогай якіх школьнікі вядуць свае астранамічныя назіранні. Дык смела я вам скажу: калі хочаш зрабіць –
зробіш!
“Для вырабу акуляра мы падабралі некалькі лінз, што збіраюць і рассейваюць святло, – няспешна распавядае настаўнік.  – Наш тэлескоп можа працаваць як труба Кеплера ці Галілея. Так, для фатаграфавання нябесных аб’ектаў лепш выкарыстоўваць збіральныя лінзы, а для назірання аб’ектаў на Зямлі – рассейвальныя.  Вы  вазьміце ў рукі і паглядзіце”.
Бяру маленькі тэлескоп, зроблены з… абрэзанай бутэлькі для вады і… дзіўлюся. Мой гуманітарны мозг адмаўляецца разумець, як з такіх простых рэчаў можна зрабіць прыбор. Заўважыўшы мой стан, Іван Рыгоравіч з усмешкай кажа: “Любіць сваю працу патрэбна, і дзетак. Усе вучні адораныя, толькі трэба разглядзець іх талент”. Эх, чаму ў мяне не было такога настаўніка –
можа, і я зараз была б фізікам ці астраномам?!
Калі вы падумалі, што работа гэтага клуба несур’ёзная, проста забаўка, дык расчарую вас. Вучні Івана Кульбеды кожны год вядуць навукова-практычную работу і займаюць першыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях.  Напрыклад, выпускнік школы Міхаіл Самасюк (зараз студэнт БДТУ) даследаваў ролю сіл трэння і цяжару пры ўтварэнні горак зерня. Падчас работы на зернятоку вучань вырашыў высветліць, якім чынам утвараюцца кучы зерня і ад чаго залежыць іх форма.
На XV  рэспубліканскім конкурсе  даследчых работ  навучэнцаў па астраноміі, біялогіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, хіміі ў секцыі “Астраномія” выхаванцы Івана Рыгоравіча атрымалі дыплом III ступені. Даследчая работа “Селенаграфія” была прысвечана Месяцу, а дакладней кажучы яго рэльефам у розных фазах. Ляхавецкім хлопцам удалося прывезці ўзнагароды і з конкурсу навукова-даследчых і творчых работ навучэнцаў “Шлях да зорак”, прысвечанага 50-годдзю палёту Юрыя Гагарына, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу…
Пра вучняў і зоркі Іван Рыгоравіч Кульбеда можа гаварыць гадзінамі, але згаджаецца, што лепш не гаварыць, а глядзець. Таму, калі вы зацікаўлены тым, што ў нас над галавой, прыязджайце ў Ляхаўцы, заходзьце да мясцовага Каперніка – і, магчыма, зоркі раскрыюць вам свае таямніцы.
Ганна ІВАШЧАНКА, “НТ”,
Маларыцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

ПЯЦЬ КРОКАЎ, або Адзін выпадак, які змяніў светапогляд і адкрыў сэрца дабрыні

Следующая запись

Асабісты рэцэпт здаровага ладу жыцця Сяргей САСНОЎСКІ, уладальнік тытула “Містар Фітнес” конкурсу “Містар Беларусь–2014” (г. Пінск):