У вялікай сям’і міліцыі Брэстчыны – маладое папаўненне
53 выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў прыбылі ў панядзелак раніцай на свой першы службовы інструктаж, які па традыцыі праходзіць з удзелам начальніка УУС аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Уладзіміра Сычэўскага, яго намеснікаў і прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі.
Звяртаючыся да маладых афіцэраў, Уладзімір Сычэўскі ўспомніў падзеі 25-гадовай даўніны, калі ён сам закончыў Вышэйшую школу МУС СССР. Сярод выпускнікоў таго нялёгкага для краіны 1986 года – чатыры генералы міліцыі, у тым ліку і міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Задача і тады, і зараз перад супрацоўнікамі міліцыі стаіць адна – сумленна служыць свайму народу. Так, як гэта рабілі папярэднія пакаленні. Старшыня абласнога савета ветэранаў органаў унутраных спраў Георгій Длюбарскі падкрэсліў, што, выконваючы службовы абавязак, больш чым 150 міліцыянераў вобласці загінулі ў мірны час. Вітаў маладое папаўненне і асаблівы госць сустрэчы, жывая легенда брэсцкай міліцыі, ветэран вайны, удзельнік міжнароднай акцыі “Вахта памяці” Міхаіл Уласаў.
Пасля афіцыйнай цырымоніі маладыя афіцэры пабывалі на экскурсіі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе ўсклалі кветкі да новага помніка вартавым граніцы, якія прынялі на сябе першы ўдар вайны. Традыцыйны вянок быў ускладзены і да памятнага знака байцам 132-га батальёна канвойных войск НКУС – удзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці. Тут, на свяшчэнным для кожнага міліцыянера месцы, генерал-маёр Уладзімір Сычэўскі на завяршэнне сустрэчы прачытаў некалькі вершаў з новага зборніка вядомага беларускага паэта, нашага земляка Уладзіміра Сітухі “Стваральнікі”:
…За парадак вулiцы i дома,
А найперш – за супакой душы
Людзi мужныя, не ведаючы стомы,
Цягнуць гуж, бы тыя мурашы.
Шмат падзяк iдзе iм ад народа,
Як гарантам спраўджаных надзей.
За тваю, маю, сваю свабоду –
У адказе хлопцы за людзей…
Ён падкрэсліў, што ў вершаваных радках ярка адлюстроўваецца прызванне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – надзейна ахоўваць мірнае жыццё і працу берасцейцаў. “Упэўнены, – зазначыў Уладзімір Сычэўскі, – маладыя афіцэры брэсцкай міліцыі таксама з гонарам будуць выконваць свой абавязак перад народам”.
Анатоль ЦІХАН,
супрацоўнік прэс-службы УУС аблвыканкама.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.