Беларусь

Навука і практыка старшыні


Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк і ў 74 гады актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і займаецца любімай справай
Зорны час калгаса імя Ламаносава прыпаў на 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ім кіраваў Генрых Траццяк. Менавіта тады ўраджайнасць збожжавых культур у гаспадарцы была самая высокая за гісторыю яе існавання. У 1987 годзе яна перавысіла 60 цэнтнераў з гектара. А ячменю на круг тут малацілі па 80 цэнтнераў. Адносна 9,3 цэнтнера, што атрымлівалі ў 1968 годзе – перад тым, як галоўным аграномам у калгас прыйшоў выпускнік факультэта глебазнаўства і аграхіміі Беларускай сельгасакадэміі, Ленінскі стыпендыят Генрых Траццяк, гэта, і сапраўды, было нечым накшталт прарыву ў раслінагадоўчай галіне.
Дасягненню гэтаму папярэднічала вялікая і карпатлівая работа спачатку агранома, а праз год ужо кіраўніка на вопытным полі, якое ён заклаў, як толькі прыйшоў у гаспадарку, і давёў яго памеры да 10 гектараў. Адпрацаваныя на ім тэхналогіі ўкаранялі ў сельгасвытворчасць. А абагульненні зробленаму знаходзілі адлюстраванне ў навуковай працы, якая вылілася ў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Эфектыўнасць прымянення мінеральных удабрэнняў пад розныя гатункі ячменю”. Яе Генрых Траццяк абараніў задоўга да тых рэкордных ураджаяў – яшчэ ў 1975 годзе, а пазней пераабараніў у Маскве.
Шмат было зроблена і ў жывёлагадоўлі. У той час у гаспадарцы пабудавалі жывёлагадоўчы комплекс на 800 галоў, была значна ўмацавана кармавая база, што садзейнічала росту прадукцыйнасці кароў. Ад адной рагулі тады ў калгасе імя Ламаносава надойвалі 4000 кілаграмаў малака. А шчыльнасць буйной рагатай жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў дасягнула 110 галоў, у тым ліку 50 кароў. Гэта былі самыя высокія паказчыкі ў вобласці.
Падчас першай сустрэчы з гэтым чалавекам амаль два гады таму ён расказваў, што зайздросціць сённяшнім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў: у час яго старшынства такіх “цяплічных” умоў для работы ў сельскай гаспадарцы, як зараз, не было. У чым яны заключаюцца?
– Узяць тыя ж мінеральныя ўдабрэн-ні, – гаварыў Генрых Міхайлавіч, – якіх не было, і ў той жа час яны валяліся пад нагамі, бо ў калгасах не ведалі, як іх прымяніць. А якая тэхніка зараз! Мы пра такую нават марыць не маглі…
На пачатак 80-х гадоў прыпадае і будаўніцтва першага ў раёне аграгарадка. Грошы ў гаспадарцы былі, і недзе за паўтара года цэнтральная сядзіба калгаса імя Ламаносава – вёска Ураджайная – стала сучасным аграгарадком. Была вырашана жыллёвая праблема, у дамы працаўнікоў гаспадаркі праведзена блакітнае паліва.
А “Зорку” Героя Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк атрымаў у 1988 годзе – незадоўга да скону магутнай краіны з назвай Савецкі Саюз. Тады на прысваенне высокага звання прэтэндавалі кіраўнікі трох лепшых гаспадарак Брэстчыны. Значылася сярод іх і прозвішча старшыні калгаса імя Ламаносава, у якога перад калегамі былі пэўныя перавагі. На базе гаспадаркі, якую ўзначальваў Генрых Траццяк, працавала абласная школа перадавога вопыту, і ўраджайнасць збожжавых культур тут была вышэй, чым у яго калег. Сам кіраўнік з’яўляўся кандыдатам сельскагаспадарчых навук.
Генрых Міхайлавіч упэўнены, што высокае званне Героя проста так нікому не даюць. Яго, як і званне чэмпіёна ў спорце, заваёўваюць. У сельскай гаспадарцы – рэкорднымі ўраджаямі, важкімі паказчыкамі – у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Працаўнікі калгаса імя Ламаносава атрымлівалі іх пад кіраўніцтвам свайго старшыні.
Жыццё Генрыха Траццяка пасля прызнання было не такім насычаным, як у некаторых іншых Герояў Сацыялістычнай Працы. Ды і бязвоблачным яго не назавеш. Ён не ўдзельнічаў у вялікіх форумах, не раз’язджаў па загранкамандзіроўках – усяго два разы па турыстычных пуцёўках быў у Балгарыі і Югаславіі. А вось працаваць знакамітаму старшыні давялося шмат. Асабліва складана было на заранку станаўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь. То быў няпросты час для ўсіх. Кіраўніку гаспадаркі прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб захаваць калектыў. Дзе словам, а дзе і асабістым прыкладам Генрыху Міхайлавічу ўдалося гэта зрабіць. А там і справы пайшлі ўгору. Гэта прыносіла старшыні маральнае задавальненне. Ды толькі не зайздроснікам, якіх хапала. Паспяховая работа гаспадаркі, але яшчэ больш, відаць, аўтарытэт яе кіраўніка, Героя Сацыялістычнай Працы, якому “Залатую Зорку” і ордэн Леніна ўручаў сам старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Андрэй Грамыка, не ўсім былі па душы.
У гаспадарку зачасцілі розныя камісіі ды правяральшчыкі. І хоць яны ніякіх парушэнняў у вытворча-фінансавай дзейнасці не выяўлялі, работнікаў і старшыню гэта нервавала, трымала ў пастаянным напружанні. Больш таго, па раёне пайшлі размовы, маўляў, старшыня калгаса імя Ламаносава зазнаўся, нікога не прызнае і нікому не падпарадкоўваецца. Траццяк з зайздроснай упартасцю вытрымліваў усе праверкі і наезды зверху. Ён не стаў шукаць абароны і нічога нікому даказваць, а працягваў працаваць. А калі споўнілася 60 гадоў, пайшоў на заслужаны адпачынак. Вось так проста, як некалі пасля заканчэння акадэміі прасіў раённае кіраўніцтва назначыць яго кіраўніком гаспадаркі, праз 28 гадоў на агульным сходзе звярнуўся да калгаснікаў з просьбай вызваліць яго ад займаемай пасады. У рэшце рэшт калгаснікі пайшлі насустрач свайму старшыні.
Нялёгка было тады гэтаму дзейнаму чалавеку. Генрых Міхайлавіч лічыць, што жыццё павінна быць запоўнена на ўсе 100 працэнтаў – менавіта так ён жыў да выхаду на заслужаны адпачынак. А калі аказаўся без справы, якой прысвяціў усё сваё жыццё, дык неяк няўтульна стала на душы. Як вопытны сельгасвытворца-практык, ён неаднойчы прапаноўваў сваю дапамогу маладым кіраўнікам гаспадаркі. Праўда, яны чамусьці не рэагавалі на гэта.
Пазбавіцца ад сумных думак дапамагала работа на зямлі. На час выхаду на пенсію ў Генрыха Траццяка былі трактар Т-25 і надзел зямлі ў адзін гектар. Аб’яднаўшы свой участак з участкамі сыноў, якія таксама мелі надзелы па гектары, былы старшыня пачаў вырошчваць на іх збожжа і бульбу. Атрыманы ўраджай вазіў на рынак. Людзі, якія прадавалі тут сваю прадукцыю, даведаўшыся, хто побач з імі, не маглі зразумець, як гэта Герой Сацыялістычнай Працы гандлюе бульбай і зернем. А ўладальнік “Залатой Зоркі” ніколькі не саромеўся прадаваць тое, што вырасціў сваімі рукамі.
Калі ж працаваць на трактары стала цяжка – яму споўнілася 67 год, пакінуў справу, якая за 7 гадоў стала неад’емнай часткай яго жыцця. Аднак без работы Генрых Міхайлавіч не сядзеў. Іван Клішэўскі, які на той час быў старшынёй райвыканкама, прапанаваў Траццяку ўзначаліць ветэранскую арганізацыю раёна. Ён пагадзіўся. Жыць клопатамі людзей яму было не прывыкаць. Напачатку грамадскай дзейнасці сваёй былой даярцы дапамог з рамонтам даху дома, знесенага ўраганам. А колькі такіх эпізодаў было ўсяго – і не пералічыць! Затое ветэраны запомнілі ўсе справы свайго кіраўніка. І на справаздачнай канферэнцыі праз пяць гадоў яны большасцю галасоў работу старшыні ацанілі не на “здавальняюча”, як гэта прынята, а на “добра”.
Але не толькі клопатам пра ветэранаў жыве Генрых Траццяк. Як і многа гадоў таму, калі ён вучыўся ў сельгасакадэміі, працягвае займацца навуковай дзейнасцю. “Яна жывіць мяне”, – гаворыць мужчына. Каб не сядзець у кабінеце, Генрых Міхайлавіч прапанаваў стварыць пры СВК “Шлях новы”, у склад якога ў 2007 годзе ўвайшлі колішняя яго гаспадарка і СВК “Новы шлях”, навукова-вытворчую групу, і нават праект са старшынёй гаспадаркі Аляксандрам Вашчуком падрыхтавалі. З якой мэтай?
– Каб адпрацаваць навуковую методыку атрымання 100 цэнтнераў збожжа з гектара, – тлумачыць кандыдат сельскагаспадарчых навук. – З выкарыстаннем не толькі інтэнсіўных тэхналогій, але і энергазберагальных таксама. Напрыклад, ячмень атрымліваць без унясення пад яго азотных удабрэнняў. Якім чынам? Сеяць гэтую культуру пасля канюшыны, каранявая сістэма якой накоплівае азот. Пры чатырохгадовай ратацыі севазвароту два гады з чатырох пад канюшыну і ячмень не трэба яго ўносіць. Канюшына, акрамя накаплення азоту, паляпшае таксама глебу: вызваляе больш фосфару і калію з яе.
Задумак і навуковых распрацовак у Генрыха Траццяка нямала. І ён хоча на практыцы даказаць іх жыцця-здольнасць, але аднаму яму гэта ўжо не па сілах. А навукова-вытворчая група са спецыялістамі дапамагае кантраляваць і пацвярджаць ці абвяргаць дакладнасць вынікаў закладзеных вопытаў. Гэты праект падтрымаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які і сам прымае актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце.
А яшчэ Генрых Міхайлавіч падтрымаў і прыняў самы непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні ідэі калектыву рэдакцыі раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” – пасадцы дубовага парку, які размясціўся насупраць векавога дуба Элізы Ажэшкі ў фальварку Бохвіцаў у Флер’янове. Неабыякавы да ўсяго, што адбываецца навокал, Траццяк разам з іншымі высаджваў маладзенькія дрэўцы ў падрыхтаваную СВК “Шлях новы” зямлю, а зараз гэтыя 100 дубкоў ён даглядае, разам з такімі ж, як і сам, улюбёнымі ў свой край актывістамі працуе над адраджэннем старога дома Бохвіцаў і стварэннем у ім музея.
А вольны ад грамадскіх спраў час прысвячае сям’і. Разам з жонкай, якая шмат гадоў таму прыехала з ім на яго малую радзіму, а зараз займаецца ўнукамі, якіх у Траццякоў чацвёра, працуюць у агародзе. Тут ён адпачывае. “Адпачынак – гэта змена працоўнай дзейнасці”, – гаворыць Генрых Міхайлавіч. Годнымі людзьмі сталі і трое сыноў. Здаецца, усё склалася так, як павінна было скласціся. І дом ёсць, і сыноў выгадаваў, і маладзенькія дубкі ў парку пасадзіў. І “Залатую Зорку” Героя атрымаў, а дакладней – заваяваў яе напружанай працай на зямлі. Ці ў крыўдзе на тых, хто некалі паспяшаўся адарваць яго ад карміцелькі? Не! Генрых Траццяк застаецца верным ёй і зараз.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Ляхавіцкі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля