Беларусь

«Вандроўкі па натхненне». Францішак Багушэвіч


Беларускі паэт Алесь Ставер напісаў:
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць…

Не толькі птушкі, але й людзі імкнуцца ўдалячынь, услед за марай і натхненнем. Мне таксама выпалі блізкія і далёкія дарогі, з якіх прывёз яркія ўражанні і цікавыя запісы, што сталі пазней пажыткам для кнігі, эсэ, абразкоў вершаў.
Яшчэ ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя я, будучы ў Ялце, адшукаў магілу Максіма Багдановіча. Міхайлаўскае, Святагорскі манастыр, Набярэжная, 12 у Санкт-Пецярбургу, Чорная Рэчка — мясціны, цесна звязаныя з жыццём і творчасцю А.С.Пушкіна. Сустрэчы са слынным дзіцячым пісьменнікам Васілём Віткам леглі ў аснову эсэ “Урокі вялікага Мудраца”. Да апошніх хвілін памяталі Брэст і наваколле пісьменнік, абаронца крэпасці Алесь Махнач і рускі паэт Раман Левін. Кракаў, Маціёвіцы, іншыя польскія паселішчы пашырылі мае веды пра знакамітага земляка Тадэвуша Касцюшку і г.д.
Сёння пачынаем шчырую гаворку з чытачамі “Народнай трыбуны” ў праекце “Вандроўкі па натхненне”. Першыя публікацыі — трыпціх “Беларускі дудар” і эсэ пра Францішка Багушэвіча, 170-годдзе з дня нараджэння якога будзем адзначаць у гэтым месяцы.
Тыя, хто пастаянна чытае “Народную трыбуну”, ведаюць маё імя. Для астатніх скажу, што я сябар двух творчых саюзаў: Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналістаў. 35 гадоў аддаў працы ў газеце. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У.А.Калесніка. Творчая дзейнасць заахвочана многімі дыпломамі. Аўтар 12 кніг паэзіі і прозы. Апавяданні і казкі змешчаны ў школьных падручніках.

Пакланіцца ў пояс Багушэвічу
1. Там, дзе спачыў Мацей Бурачок
Мацей Бурачок. Гэта псеўданім Францішка Багушэвіча, якім ён пазначыў свой першы паэтычны зборнік “Дудка беларуская”. Нездарма пасля сканання сябры і прыхільнікі яго таленту на вялікім камяні высеклі: “Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.”.
Першы раз у Багушэвічавы мясціны я трапіў 35 гадоў таму, яшчэ ў студэнцкую пару, разам з незабыўным Калеснікам. Уладзімір Андрэевіч лічыў, што нам, будучым настаўнікам мовы і літаратуры, патрэбна пабываць на зямлі, якая ўзгадавала паэта, дала яму сілу і натхненне, каб загучала ягонае слова. Таму кожны год разам са студэнтамі ён адпраўляўся ў падарожжа па літаратурных мясцінах. Яно доўжылася ад Брэста да Вільнюса з заездам у Мінск, Навагрудак, іншыя паселішчы, якія сталі калыскаю для знакамітых песняроў.
Надвор’е было цёплае, нават гарачае, але мы не надта стаміліся, бо язда на аўтобусе часта межавалася з невялікімі пераходамі. Нашым экскурсаводам пастаянна быў сам Калеснік. Колькі ён ведаў і расказваў пра Міцкевіча і філарэтаў, пра Коласа і Купалу, пра Брыля і Багушэвіча! Мы імгненна пераносіліся ў іх час і гатовыя былі слухаць гадзінамі…
Апошні перад Вільнюсам прыпынак зрабілі ў Жупранах, дзе пахаваны Францішак Багушэвіч. Уладзімір Андрэевіч расказаў, як Багушэвіч, працуючы ў судзе, часта займаў пазіцыю селяніна-бедняка, дапамагаў абяздоленым; як ён разам з сям’ёй падтрымаў паўстанне Кастуся Каліноўскага, быў нават паранены; як пасля, каб пазбегнуць арышту, доўгі час мусіў хавацца і жыць удалечыні ад родных мясцін; як, ствараючы свае вершы ды паэмы, мо першы напісаў іх беларускай мовай; што нарэшце вярнуўся ў Кушляны, дзе скончыў свой жыццёвы шлях.
Калеснік, не спыняючыся, гаварыў і гаварыў. І на магіле Францішка Багушэвіча, і ля помніка ў Жупранах, дзе, па ўспамінах сучаснікаў, на базарнай плошчы паэт-дэмакрат клікаў сялян далучыцца да паўстання і заваяваць сабе шчасце і волю.
Поруч – мясцовы касцёл, вострыя шпілі якога, здавалася, свідравалі блакіт неба.
Нехта са студэнтак спытаў, ці заедзем у Кушляны.
– Не, мы адразу кіруемся ў Вільню, – адказаў Уладзімір Андрэевіч. – Нам патрэбны яшчэ час, каб уладкавацца на турбазе. Дый Вільня цесна звязана з Мацеем Бурачком. А ў Кушляны, хачу верыць, кожны прыедзе самастойна, каб пазнаёміцца з мясцінамі, якія зачароўвалі Багушэвіча. Можа, нават са сваімі вучнямі.
Вільнюс сустрэў нас стракатасцю дойлідскіх стыляў. Хіба змаглі б мы разабрацца ў іх, калі б не Калеснік. Пабывалі мы ў бібліятэках Віленскага ўніверсітэта і Урублеўскіх, дзе захоўваліся старажытныя беларускія кнігі і газеты “Наша ніва”.
Што тычыцца паездкі ў Кушляны, дык далёка не ўсе, хто тады даў сабе слова прыехаць у Багушэвічавы мясціны, змаглі здзейсніць гэтае доўгае падарожжа. Сам жа я прыехаў сюды толькі ў верасні 2009 года.

2. Дзень беларускага дудара
У 2009 годзе для правядзення Дня беларускага пісьменства была выбрана Смаргонь – райцэнтр Гродзенскай вобласці. Да свята людзі рыхтуюцца загадзя. Так было і на гэты раз: гадоў дзесяць таму ў рэспубліцы праводзіўся творчы конкурс на лепшы помнік Францішку Багушэвічу, які меліся ўстанавіць на Смаргоншчыне. Перамагла работа Льва Гумілеўскага – народнага мастака Беларусі, аднаго з аўтараў помніка Янку Купалу ў Мінску, за які Леў Мікалаевіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй.
Той, хто 6 верасня зранку прыйшоў у гарадскі парк Смаргоні, бачыў, што белае пакрывала хавае помнік ад цікаўных вачэй. Да адкрыцця яго заставаліся лічаныя гадзіны, а ў гэты час на цэнтральнай сцэне разыгрывалася цікавае тэатралізаванае дзейства, калі ў XXI стагоддзе “прыйшлі” аўтар паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхаіл Клеафас Агінскі, пісьменнік і грамадскі дзеяч Ігнат Ходзька, іншыя волаты гэтай зямлі, а сярод іх – і паэт-дэмакрат Францішак Багушэвіч.
Насамрэч, Дзень беларускага пісьменства прайшоў поўнасцю ў ручве памяці класіка беларускай літаратуры. Недзе а трынаццатай гадзіне са скульптуры спаўзае белае пакрывала і перад вачамі людзей адкрываецца задуменны Багушэвічаў погляд. Пясняр “Дудкі беларускай” быццам зноў звяртаецца да нас са сваімі знакамітымі словамі: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Паэт, углядваючыся праз стагоддзі, яшчэ раз папярэджвае нас: калі не будзе мовы – не будзе і народа! Бо толькі там Беларусь, лічыў Багушэвіч, – дзе наша мова жыве. Мусіць, не аднаму мне ў гэтыя хвіліны хацелася пакланіцца ў пояс народнаму песняру і вечнаму абаронцу абяздоленых.
Але свята не было б поўным, калі б не наведалі музей-сядзібу ў Кушлянах, дзе ладзілася “Літаратурная гадзіна”. Калі два аўтобусы спыніліся (у адначассе з намі прыехала і дэлегацыя з Мінска), свята было ў поўным разгары: гучалі беларускія песні, а танцоры хвацка выстуквалі абцасамі. Гаспадары адразу ўступілі сцэну гасцям.
Словы ўдзячнасці зямлі, якая выхавала Мацея Бурачка, сказаў празаік, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Праўдзін. Мінскія паэты Павел Саковіч, Уладзімір Мазго, іншыя прачыталі вершы і перадалі “эстафету” гораду Гродна, дэлегацыю якога ўзначальвала Людміла Кебіч.
Берасцейцы выступалі трэцімі. Анатоль Крэйдзіч ад імя нашай “дружыны” падзякаваў за запрашэнне на фэст беларускай пісьменнасці і паднёс у дар музею кнігу “Літаратурная карта Берасцейшчыны”. Затым выступілі паэты. Я прачытаў трыпціх “Беларускі дудар”. Хаця з мяне чытальнік не надта, але вершы пра Францішка Багушэвіча добра ўпісаліся ў агульную канву свята.
Час бяжыць непрыкметна. Вось і вечарэе ўжо. Бывай, Смаргоншчына! Бывай, зямля Мацея Бурачка! Развітваючыся, азіраемся яшчэ раз-другі, быццам хочам пакінуць у памяці гэтыя гасцінныя і прыгожыя мясціны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля