з 22 па 26 красавіка праходзіць Еўрапейскі тыдзень імунізацыі
Вакцынапрафілактыка – гэта найбольш эфектыўны і бяспечны спосаб барацьбы з інфекцыйнымі хваробамі і іх наступствамі. Пра гэта ішла гаворка на прэс-канферэнцыі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Як адзначыла выконваючая абавязкі намесніка галоўнага ўрача АЦГЭіГЗ Алена Падушкіна, калі дастатковая колькасць насельніцтва імунізавана, многія вірусы ці бактэрыі не могуць распаўсюджвацца. Гэты эфект называецца калектыўным імунітэтам. Чым больш дзяцей і дарослых цалкам імунізавана супраць пэўных хвароб, тым лепш кожны будзе абаронены ад іх. Але варта адмовіцца ад прышчэпак – і інфекцыі, якія лічыліся пераможанымі, абавязкова вернуцца.
– Штогод у нас ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі сярод насельніцтва складае ў сярэднім 97 – 99 працэнтаў, – паведаміла Святлана Карповіч, загадчык аддзялення імунапрафілактыкі ДУАЗ “БАЦГЭіГЗ”. – З кожнай групы насельніцтва, што падлягае прафілактычным прышчэпкам, 1-3 працэнты не прышчэпліваюцца альбо з прычыны адмовы, альбо па медыцынскіх супрацьпаказаннях. А гэта ў сярэднім каля 500 чалавек у кожнай узроставай групе.
У вобласці амаль паўтары тысячы дзяцей не прышчэпліваюцца з-за адмовы бацькоў. Такія паводзіны дарослых медыкі лічаць безадказнымі. Між тым, калі дзіця не прышчэплена своечасова, яно, напрыклад, можа застацца інвалідам пасля перанесенага поліяміэліту; не будзе абаронена ад туберкулёзу, які разбурае найперш лёгкія; не выключана смерць ад дыфтэрыі (сярод малалетніх дзяцей памірае кожны пяты); магчыма заразіцца і краснухай, якая ў падлеткавым узросце выклікае пашкоджанне суставаў. Дык ці варта рызыкаваць?!
На прэс-канферэнцыі гаварылася пра эфектыўнасць праграм імунізацыі. Дзякуючы ім, узровень многіх інфекцый зніжаны да адзінкавых выпадкаў. Так, у нашай вобласці дыфтэрыя не рэгіструецца ўжо больш за 10 гадоў. Узровень захворвання на вірусны гепатыт В за апошнія 15 гадоў зніжаны ў 10 разоў…
Дзеючы ў Рэспубліцы Беларусь Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак прадугледжвае правя-дзенне імунізацыі супраць 12-ці інфекцый: дыфтэрыі, поліяміэліту, слупняку, коклюшу і іншых. Гэта даступная кожнаму чалавеку бяс-платная мера па прафілактыцы інфекцыйных захворванняў, якую можна атрымаць у свайго ўчастковага ўрача – запэўніваюць медыкі. Яны прапануюць кожнаму праверыць свой вакцынальны статус – гэта значыць, упэўніцца, ці ўсе прышчэпкі зроблены.
Сабіна ГАРАЕВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.