Беларусь

Запаланіла маладосць


Актывісты пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта сустрэліся з ветэранам камсамольскага руху Іванам ШУЛЬГОЙ.
Іван Шульга працуе ў БрДТУ начальнікам аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, а раней быў актыўным членам камсамольскай арганізацыі. Яму ёсць што расказаць сённяшнім актывістам ГА “БРСМ” і не менш цікава даведацца пра сучасныя справы пераемнікаў камсамола.
– Пачаткам камсамольскай дзейнасці лічу 1962 год, калі мяне прынялі ў камсамол, – успамінае Іван Шульга. – Адразу зацікавілі грамадскія справы. Хутка я стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі класа, а потым і роднай Даманаўскай школы, узначальваў камсамольскую арганізацыю пасёлка Даманава.
На сустрэчы з моладдзю ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад работы ў камсамоле, даў парады і заўважыў, што галоўнае, каб у арганізацыі моладзі было цікава. Стымуляваць да грамадскай дзейнасці можна толькі інтарэсам. Члены пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” таксама расказалі пра свае справы і перажыванні.
– Быць членам БРСМ марыў яшчэ са школы, – падзяліўся другакурснік Сяргей Навумчык. – Калі атрымаў членскі білет, адразу стаў актыўным удзельнікам школьных мерапрыемстваў, аднак па-сапраўднаму акунуцца ў грамадскую дзейнасць атрымалася толькі ва ўніверсітэце. Асабліва падабаецца займацца дабрачыннасцю.
Напрыканцы ўсе ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што, дзякуючы пераемнасці пакаленняў, дух суполкі захоўваецца нават праз 90 год і, пэўна ж, не будзе згублены ніколі.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля