Беларусь

Здзівілі журы… “Лявоніхай”


Брэст
Лагістычны пуск
15 снежня ў Брэсце адкрыўся першы пускавы комплекс транспартна-лагістычнага цэнтра “Брэст-Белмытсэрвіс”. У яго будаўніцтва інвеставана каля 11 мільярдаў рублёў. Новы комплекс дазволіць удзельнікам знешнеэканамічнай дзейнасці значна знізіць затраты на перавозку, захоўванне і складзіраванне грузаў. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпілеўскі.
Брэсцкі раён
“Прыбужскае Палессе” раскрывае таямніцы
Сёння ў Доме культуры аграгарадка Тамашоўка праходзіць заключны этап другога рэгіянальнага эколага-турыстычнага фестывалю “Таямніцы Прыбужскага Палесся”. Каманды школ раёна і горада Брэста аспрэчваюць званне мацнейшых у намінацыях “Лепшая экалагічная акцыя”, “Экалагічны міні-спектакль “Сілы і з’явы прыроды”, “Лепшая эмблема біясфернага рэзервата “Прыбужскае Палессе”, “Лепшая сацыяльная рэклама на тэму “Захаваем прыроду разам”.
Баранавічы
Прафілактыка дзеля здароўя
На вуліцы Камсамольскай адкрылася дзяржаўная гасразліковая лячэбна-кансультацыйная паліклініка. Удзельнікі мерапрыемства, у ліку якіх быў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, пабывалі на экскурсіі па новай установе. Тут ёсць вялікі спектр неабходных паслуг, а для пенсіянераў адкрыты сацыяльны кабінет, дзе бясплатна можна памераць ціск ці ўзровень цукру ў крыві.

Баранавіцкі раён
Сушыць і прадаваць
На ўчастку перапрацоўкі драўніны “Глядзенне” баранавіцкага лясгаса пачаты мантаж фундаментаў пад новы сушыльны комплекс. Абноўка каштуе 220 тысяч еўра. Комплекс дазволіць больш якасна сушыць піламатэрыялы, якія выкарыстоўваюцца на вытворчасці сталярных вырабаў.

Бяроза
Зацікаўленасць фальклорам
Развіваць захапленне людзей нацыянальнымі традыцыямі, зацікаўліваць народнымі рамёствамі і фальклорам – такія асноўныя кірункі работы вызначылі для сябе работнікі ўстаноў культуры раёна на семінарскай вучобе. Удзельнікі прэзентавалі сваю дзейнасць, наведалі майстар-класы і экскурсіі па лепшых установах культуры Бярозаўшчыны.

Ганцавічы
Песні ад народных ды ўзорных
15 снежня ў гарадскім Доме культуры адбыўся гала-канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна “Беларусь – гэта мы!”. Старшыня райвыканкама Уладзімір Столяр адзначыў, што 13 калектываў носяць ганаровыя званні “народны” і “ўзорны”. А такія з іх, як “Талака”, “Правінцыя”, “Завіца”, “Хатовічы” і клуб нацыянальных культур “Карагод” неаднаразова годна прадстаўлялі Ганцаўшчыну на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывалях. На гэты ж раз сваімі задушэўнымі песнямі яны парадавалі землякоў.
Драгічын
Як працуем, жывёлаводы?
Учора  ў гарадскім Доме культуры старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар правёў пленарнае пасяджэнне абласнога семінара-нарады, які праходзіў на базе ААТ “Парахонскае” Пінскага, СВК “Асавецкі” Драгічынскага, СВК “Нарутавічы” Бярозаўскага і “Узыходзячая зорка” Кобрынскага раёнаў. Былі абмеркаваны вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны па жывёлагадоўлі за 2006-2010 гады і задачы на будучыню.
Жабінка
Здзівілі журы… “Лявоніхай”
Два кубкі і дыплом лаўрэата прывёз дамоў узорны дзіцячы танцавальны  гурт “Каруначкі”, які пад кіраўніцтвам Ірыны Румко працуе пры гарадскім Доме культуры. У суботу ў Мінску прайшоў IV адкрыты конкурс мастацтваў “Вікторыя-2010”, дзе малодшая група з райцэнтра здзівіла журы танцам “Палескія казакі”, а старэйшая – традыцыйнай “Лявоніхай”, за што калектыў і атрымаў найвышэйшыя адзнакі.
Іванава
Дарослае вырашэнне дзіцячых праблем
Дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірына Голуб правяла прэзентацыю вопыту работы педагагічнай і псіхалагічнай службаў раёна па індывідуальна-арыентаванай дапамозе дзецям. А яе намеснік Святлана Вялічка і бацькі, якія прыехалі разам з дзецьмі, раскрылі сакрэт трываласці сем’яў, што ўзялі на сябе абавязацельствы стаць для дзетак не проста прыёмнымі, а самымі  роднымі сем’ямі. Сваім вопытам іванаўцы падзяліліся з удзельнікамі  абласнога семінара “Тэхналогіі міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рабоце па сацыяльнай абароне дзяцей і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва”.
Івацэвічы
Пераднавагодні сюрпрыз
Дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы стала ўдзельнікам акцыі “Беларускія латарэі – дзецям”.  Тут пабывала здымачная група гульні “Ваша лато”. Піяр-менеджар РУП “Беларускія латарэі” Ганна Кулакова ўручыла аддзяленню сертыфікат на 3 мільёны рублёў. У бальніцы збіраюцца выкарыстаць іх для будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі.
Камянец
Пелішчанскі інтарэс
У сераду ў рамках адзінага дня інфармавання  першы намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Білейчык  сустрэўся з жыхарамі Пелішча. Госць са сталіцы расказаў вяскоўцам аб асноўных выніках развіцця краіны ў 2006-2010 гадах, адказаў на іх пытанні. Пасля сходу Аляксандр Білейчык правёў прыём грамадзян. Са сваімі праблемамі, якія  ў большасці тычыліся работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама з юрыдычнымі пытаннямі да яго звярнуліся 11 вяскоўцаў.
Кобрын
Сыры-лаўрэаты
Узнагародамі адразу двух рэспубліканскіх конкурсаў адзначана прадукцыя ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод”. Сыры “Кобрынскі”, “Эльтэрмані”, “Сметанковы”, “Аматарскі класічны” і “Янтар” сталі лаўрэатамі конкурсу “Лепшая прадукцыя 2010 года”, а сыры “Успенскі” і “Уладзімірскі” прызнаны лепшымі на конкурсе “Гарант поспеху сучасных тавараў”.
Лунінец
Спытаць у памочніка Прэзідэнта
У сераду Лунінеччыну наведаў Уладзімір Пузырэўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці. Ён правёў “гарачую лінію”, дзе на працягу дзвюх гадзін кожны жадаючы змог спытаць аб набалелым. Наступным пунктам рабочай паездкі Уладзіміра Іванавіча стала сустрэча з жыхарамі вёскі Лобча, якая адбылася ў актавай зале мясцовай школы.
Ляхавічы
Яшчэ не вечар, “Вечарніца”!
У мінулыя выхадныя адзначыў свой юбілей народны ансамбль “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК, якім нязменна кіруе Таццяна Пішч. З гэтай нагоды была падрыхтавана вялікая канцэртная праграма “Нам толькі 20!”. Разам з гэтым ансамблем выступіў дзіцячы калектыў-спадарожнік “Сузор’е”. А гэта сведчыць – народныя песні і прыпеўкі “Вечарніцы” будуць гучаць яшчэ многія гады…

Маларыта
Запрашэнне ў прафесію
На чарговы дзень прафарыентацыі, які прайшоў у раённай гімназіі, прыехаў старшы інспектар аддзела арганізацыі навучання насельніцтва і прафесійнай падрыхтоўкі абласнога ўпраўлення МНС маёр Уладзіслаў Дульчэўскі. Падчас сустрэчы з вучнямі 9-11 класаў ён расказаў пра асаблівасці службы выратавальнікаў, навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў МНС, адказаў на пытанні гімназістаў. Увазе прысутных быў прапанаваны відэафільм пра будні людзей гэтай мужнай прафесіі.
Пінск
Усё – дзеля кліента!
Афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё аддзялення №2 Пінскага філіяла ААТ “ААБ Беларусбанк” з удзелам старшыні гарвыканкама Аляксандра Гордзіча і старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Ніны Кахновіч прайшло 16 снежня. Адно са старэйшых банкаўскіх аддзяленняў горада пераехала ў трэці раз – цяпер ва ўласны будынак па вуліцы Цэнтральнай, 5 А. Тут створаны выдатныя ўмовы для работы з кліентамі і аказання разнастайных банкаўскіх паслуг з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій.
Пінскі раён
Тры радасці ў адзін дзень
Вадзіцель УП “Пінскае ПМС” Васіль Шарко і яго жонка Людміла ў адзін дзень перажылі аж тры радасці запар – у іх нарадзіліся трайняты. Ніна, Аліна і Святаслаў складуць кампанію Мікалаю, Святлане, Васілю і Ігару – старэйшым дзецям Шарко. У радзільным доме з папаўненнем Людмілу павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Іван Багатка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, кіраўнік раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Рыгор Прыгодзіч. Яны запэўнілі шматдзетную маму, што сям’я атрымае бязвыплатны крэдыт на пакупку ці будаўніцтва новага дома.
Пружаны
Каб кадры прыжыліся
Больш за 200 маладых спецыялістаў сёлета прыбылі на працу ў раён. У чацвер у Палацы культуры ў Пружанах адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна, грамадскіх арганізацый з маладымі кадрамі. Абмеркавана шырокае кола пытанняў: атрыманне жылля, льготнае крэдытаванне, перспектывы развіцця сацыяльна-культурнай сферы, новае ў аграпрамысловым комплексе раёна, дзейнасць БРСМ.
Столін
Гемадыяліз на месцы
На базе цэнтральнай раённай бальніцы адкрыта аддзяленне гемадыялізу, будаўніцтва якога было запланавана ў канцы 2009 года. У аўторак новенькае аддзяленне пачало прыём пацыентаў. Цяпер жыхары раёна, якія пакутуюць ад хранічнай ныркавай недастатковасці, могуць атрымаць неабходную дапамогу дома, а не ездзіць у суседні Пінск, як гэта было раней.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля