Беларусь

Залаты шлях


Пятру было 18, Таццяне – крыху больш за 15 гадоў, калі яны сталі мужам і жонкай. А сёлета дзеці і ўнукі віншавалі Пятра Паўлавіча і Таццяну Міхайлаўну Касцюкоў з залатым вяселлем…
ЗНАЁМСТВА І ЛЁС
Таццяна родам з Магіліц, Пётр – з Майска. А пазнаёміліся маладыя, калі аднойчы летам юнак прыехаў у яе вёску да сваёй дзяўчыны.
Прыехаў да адной, а закахаўся ў другую. Прыгажуня Таццяна запала ў сэрца з першага погляду так, што хлопец і дня не мог без яе пражыць. Сустракаліся яны нядоўга. Пеця ведаў, што хутка яго забяруць у армію, таму праз 4 месяцы прапанаваў Таццяне стаць яго жонкай.  Юная нявеста, як цяпер успамінае Таццяна Міхайлаўна, як мае быць не разумела, што такое “замуж”, але хлопец падабаўся ёй – і яна згадзілася.
Праз месяц пасля вяселля маладога мужа Таццяны забралі ў армію.  Толькі праз два гады службы на Сяміпалацінскім выпрабавальным ядзерным палігоне яму далі водпуск. Потым Пётр яшчэ раз прыязджаў на пабыўку. Калі праз тры гады службы ў войску вярнуўся дадому, дачцэ Святланцы было тры месяцы. Потым у маладой сям’і нарадзіўся сын Толік, а пасля – Юра…
“І Я РАЎНАВАЎ, І ЯНА…”
Дзе вялікае каханне, там пачуцці б’юць праз край. А як маладыя, то і рэўнасць загаралася ад аднаго позірку на каханую любога мужчыны. І яна раўнавала, як закружыць у вальсе на якім вяселлі яе любы з другой маладзіцай.
Зараз яны кажуць, што сакрэт сямейнага шчасця ў тым, каб навучыцца саступаць адзін аднаму. Яна яго цэніць за вернасць, пяшчоту, за добрае сэрца. Ён называе яе каханай, харошай, разумніцай і чысцюляй.
ЛЮБАЯ СПРАВА ГАРЫЦЬ У ІХ РУКАХ
Таццяна Міхайлаўна па натуры мэтанакіраваны чалавек. Напачатку працавала на вопытнай станцыі ў Майску. Потым падалася ў гандлёвую сетку ў Івацэвічы, вывучылася на бухгалтара…
А Пётр Паўлавіч усё жыццё працаваў вадзіцелем. На аўтобусах, на “хуткай дапамозе”.
Нажылі спачатку кватэру, а цяпер у Касцюкоў свой дом. Працягваюць працаваць і зараз. Яна – прадпрымальнік, а ён – яе вадзіцель.
ДЗЕЦІ
Любая сям’я марыць ганарыцца сваімі дзецьмі. Сям’я Касцюкоў – не выключэнне. Каб стварыць аснову для гэтага, муж і жонка прыклалі нямала намаганняў. Усе трое дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю. Пакуль вучыліся ў школе, турботаў не мелі.
– У мяне заўсёды было самае моднае адзенне, самыя прыгожыя боты, – расказвае дачка Святлана. – У братоў таксама было ўсё лепшае. Бацькі нам ні ў чым не адмаўлялі. Памятаю, як мне захацелася вучыцца ў музычнай школе. Я сказала бацькам, што буду вучыцца іграць на фартэпіяна. І ў той жа год, на маё 10-годдзе, мне падарылі піяніна. Па тым часе падарунак быў вельмі дарагі… А яшчэ памятаю, як мы малымі захацелі паехаць у Брэсцкую крэпасць. І ў першыя ж выхадныя паехалі. Уяўляеце?!..
Дзеці вельмі любяць сваіх бацькоў. І на іх думку, такія бацькі, як у іх, – рэдкасць. Бацькава дабрыня і матуліна мэтанакіраванасць  перадаліся і ім, і іх унукам.
БАБУЛІНА СТЫПЕНДЫЯ
У Касцюкоў чацвёра ўнукаў. У Святланінага Андрэя – вышэйшая адукацыя, у Анатолевага Дзяніса таксама, Юрава Карына вучыцца на пятым курсе ўніверсітэта, а Аня ходзіць у 8 клас. Кожны з унукаў атрымлівае штомесяц на працягу ўсіх гадоў вучобы ў ВНУ па 100 тысяч рублёў. Гэтую матэрыяльную дапамогу яны называюць “бабулінай стыпендыяй”. І ў гэтым Касцюкі бачаць толькі любоў і ніякай распешчанасці.
ВЯНЧАННЕ
Праз 50 гадоў сумеснага жыцця сямейная пара вырашыла павянчацца.  І хваляваліся яны, як у маладосці. На маё пытанне – чаму? – быў адказ: “Каб і на нябёсах, як дазволіць Бог, разам быць”. А яшчэ, упэўнена, каб быць прыкладам для сваіх нашчадкаў, якія ва ўсім імкнуцца быць падобнымі на бабулю і дзядулю.
Хочацца далучыцца да пажаданняў пратаіерэя Рыгора, які вянчаў сямейную пару: “Няхай Гасподзь умацоўвае цялесныя і духоўныя сілы на нясенне асаблівага Крыжа, і асаблівая Боская ласка прасціраецца на Вашых дзяцей і ўнукаў”.
Вяланціна Бобрык, г. Івацэвічы

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля