Беларусь

Пра бюджэт, парадак і здароўе, або Бясплатны праезд для школьнікаў Брэстчыны


На чарговым пасяджэнні аблвыканкама, якое адбылося ў панядзелак, разглядаліся пытанні жыццядзейнасці вобласці. Адно з іх тычылася праекта абласнога бюджэту на 2011 год – адсюль і прысутнасць на пасяджэнні членаў абласнога Савета.
Па інфармацыі начальніка абласнога фінансавага ўпраўлення Івана Вабішчэвіча ў наступным годзе згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі будзе працягвацца скарачэнне падаткаў і збораў. Разам з гэтым зменяцца падыходы да іх платы. У параўнанні з сёлетнім годам структура даходаў на 2011-ы не пацярпела істотных змен. А наконт праектуемых расходаў Іван Мікалаевіч зазначыў: “Захоўваецца курс на сацыяльную накіраванасць бюджэту”. Не спыняючыся на падрабязнасцях, толькі дадам: старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар даручыў арганізаваць бясплатны праезд навучэнцаў 1-11 класаў Брэстчыны пасажырскім транспартам агульнага карыстання рэгулярных зносін, акрамя таксі і мікрааўтобусаў. З гэтай мэтай распрацоўваецца праязны дакумент “Адзіны білет навучэнца”, які неўзабаве паступіць у агульнаадукацыйныя ўстановы вобласці.
Аб выкананні комплексу мер па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў, умацаванні грамадскага парадку на 2008-2010 гады, зацверджанага рашэннем аблвыканкама ад 9 чэрвеня 2008 года №434, а таксама аб рабоце, якая праводзіцца па забеспячэнні маёмаснай і асабістай бяспекі пажылых грамадзян, далажыў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Уладзімір Сычэўскі. У прыватнасці, ён адзначыў: важна, што ў ліку зробленага – замацаванне станоўчых тэндэнцый. Як вынік – за прайшоўшыя 11 месяцаў на тэрыторыі вобласці назіраецца паніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў, групавых злачынных дзеянняў, а таксама тых, што здзейснены непаўналетнімі і пры іх удзеле, у стане алкагольнага ап’янення, у грамадскіх месцах. Хоць не ўдалося знізіць, ды і не дапусцілі росту цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сямейна-бытавых адносінах. Але ж, з горыччу канстатаваў Уладзімір Сычэўскі, значна (на 26 працэнтаў!) павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых грамадзянамі, якія маюць не знятую судзімасць. Таксама зарэгістраваны рост крадзяжоў маёмасці, угонаў аўтатранспарту, хуліганстваў…
Гаворачы аб “іншай статыстыцы, за якой – лёсы і жыцці людзей”, кіраўнік УУС аблвыканкама агучыў такую вострую праблему, як алкагалізацыя насельніцтва. І задаў пытанне: “Ці ўсё мы робім, і ці кожны з нас выкарыстаў свае паўнамоцтвы?” Неабходны агульныя намаганні, каб змяніць сітуацыю ў грамадстве да лепшага.
Па меркаванні пракурора вобласці Сяргея Хмарука, неспрыяльная крымінагенная абстаноўка нярэдка выклікана слабай прафілактычнай работай, а яшчэ – недастатковай асветленасцю населеных пунктаў, у сувязі з чым двойчы ўпамінаўся Пінскі раён, таксама Кобрынскі і Баранавіцкі. Гаворачы аб дзейнасці ДНД, Сяргей Хмарук узгадаў прыкрыя факты: іншым разам у іх склад залічваюцца раней судзімыя грамадзяне ці без адпаведных заяў – запісалі і ўсё!..
– Кропля точыць камень не сілай, а частатой, – гэтую народную мудрасць кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар узгадаў невыпадкова. – Таму і ДНД, і камісіі па барацьбе з п’янствам, і грамадскія арганізацыі не павінны стаяць убаку. Усё і адразу зрабіць не зможам, але работай па папярэджанні правапарушэнняў, умацаванні парадку і забеспячэнні бяспекі людзей трэба займацца пастаянна. Сістэмна! – падкрэсліў губернатар.
Такі ж – прадуманы, сістэмны падыход – патрабуецца і ў іншым пытанні, адзначыў Канстанцін Сумар у час абмеркавання ходу выканання рашэння аблвыканкама ад 2 жніўня 2005 года №500 “Аб мерапрыемствах па паляпшэнні ўмоў і аховы працы на 2006-2010 гады”, стане вытворчага траўматызму ў арганізацыях вобласці і мерах па яго папярэджанні ў святле патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Сумны прыклад – групавое надзвычайнае здарэнне, якое адбылося 25 кастрычніка на ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”, калі памерлі 14 работнікаў, а яшчэ пяцёра атрымалі цяжкія траўмы, лішні раз сведчыць: не ўсе адказныя асобы лічацца з аховай працы. Ужо цяпер, па словах першага намесніка старшыні аблвыканкама Міхаіла Юхімука, відавочна, што прычыны пінскага здарэння крыюцца ў ігнараванні норм пажарнай бяспекі і вытворчай санітарыі. У сваю чаргу старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай зазначыў, што прафкам “Пінскдрэва” з мінулай восені біў трывогу наконт беспарадку на вытворчасці, у адрас кіраўніцтва было накіравана прадпісанне – ды бяда ў тым, што на яго ніхто не адрэагаваў. Да таго ж, тэхнічны інспектар быў з ліку работнікаў таварыства…
– Гэта гаворыць пра фармалізм у нашай рабоце, – перакананы Канстанцін Сумар. – Не паступіла рэакцыі? Дык чаму пытанне адсунулі ўбок? Неабходна мяняць падыходы да работы. І свае адносіны.
Кіраўнік вобласці прапанаваў даць прынцыповую ацэнку дзейнасці тых асоб, якія “бяззуба аднесліся да выканання службовых абавязкаў, і папярэдзіць кожнага кіраўніка аб яго адказнасці”. А тым, хто грэбуе аховай працы, з-за чаго абрываюцца людскія жыцці, няма даравання…
Пасля таго, як быў зацверджаны план работы абласнога выканаўчага камітэта на 2011 год, удзельнікі пасяджэння абмеркавалі развіццё масавай фізічнай культуры ў аграгарадках вобласці на прыкладзе Пружанскага і Баранавіцкага раёнаў. Адзначаліся моцныя і слабыя бакі. Ды толькі, як дакладна заўважыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі, менавіта ў галіне масавай фізкультуры і спорту ў поўным аб’ёме выконваюцца платныя паслугі. Самае ж галоўнае – людзі ахвотна займаюцца спортам, і лепш за ўсіх – на Брэстчыне. А гэта ўжо яскравае пацвярджэнне недарэмных укладанняў у Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця сяла, ды, у рэшце рэшт, у здароўе беларускай нацыі. “Таму цяпер з цэнтральных сядзіб мы павінны дайсці да перыферыі, – падагульніў Канстанцін Сумар. – І гэта задача ўсіх кіраўнікоў”.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля