Жыццё па талонах: як гэта было

Жыццё па талонах: як гэта было

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

20 гадоў таму ў Беларусі была ўведзена талонная сістэма размеркавання тавараў. У 1990 годзе Беларусь (якая была тады часткай Савецкага Саюза) перайшла на талонную сістэму забеспячэння грама-дзян спачатку прадуктамі, а потым і прамысловымі таварамі. Увядзенне талонаў аказалася ў пэўнай ступені няхай і не папулярнай, але жорсткай мерай па абароне айчыннага рынку ад вымывання якасных і ў той жа час танных у параўнанні з замежнымі аналагамі тавараў. З сённяшняга эканамічнага пункта погляду сітуацыя на беларускім рынку ў пачатку 1990-х гадоў выглядала проста абсурднай. Замест таго, каб максімальна павялічваць экспарт і мець станоўчае знешнегандлёвае сальда, беларусы наадварот ставілі «стоп-сігнал» экспарцёрам.
У маім сямейным архіве захоўваецца асабістая візітная картка пакупніка, выдадзеная ў верасні 1990 года ў нашым ЖЭСе. Адразу кідаецца ў вочы наступны запіс: «пакупнікам даецца магчымасць набыцця тавараў, якія ўказаны ў візітных картках і ўкладышах, а таксама іншых тавараў пры іх наяўнасці ў продажы». Напэўна, для асабліва цікаўных у канцы дакумента надрукаваны зацверджаны загадам Міністэрства гандлю БССР і Белкаапсаюза ад 24 верасня 1990 года «Часовы парадак продажу тавараў па візітных картках насельніцтву Беларускай ССР». У ім, у прыватнасці, падкрэслівалася, што «візітная картка выдаецца кожнаму грамадзяніну старэй за 15 гадоў, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларускай ССР… Візітная картка сапраўдная на ўсёй тэрыторыі Беларускай ССР у любым магазіне незалежна ад тэрытарыяльнай прыналежнасці да 1993 года».
Паразважаць аб ролі талоннай сістэмы ў рэгуляванні беларускага рынку ў той час, аб рабоце гандлёвых арганізацый ва ўмовах таварнага дэфіцыту я папрасіў Івана Макаравіча Сегенюка – вядомага ў гандлёвых колах Брэстчыны чалавека, кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства «Гандлёвы сэрвіс і спажывецкі рынак», створанага некалькі гадоў таму пры Брэсцкім гарвыканкаме.
– Калі ў 1990 годзе ў Брэсце ўводзіліся талоны, у гарвыканкаме не было ўпраўлення гандлю – існаваў толькі аддзел, які я ўзначальваў і дзе ў штаце працавалі ўсяго два спецыялісты. Нам дапамагалі два пенсіянеры на грамадскіх пачатках. Спраў жа было шмат. Увядзенне талонаў нарадзіла масу скаргаў ад спажыўцоў. Дэфіцыт тавараў справакаваў шматлікія бунты: каўбасныя, абутковыя і г.д. Кожны званок у аддзел гандлю даводзілася разбіраць скрупулёзна, грунтоўна. Алкаголь і тытунь разбіралі імгненна. А потым бабкі з-пад палы прадавалі цыгарэты на вуліцах горада, у асноўным – ля цэнтральнага рынку. Накаты на наш гандаль былі вельмі жорсткія, хоць мы, без перабольшвання, здолелі забяспечваць насельніцтва Брэста пры дэфіцыце транспарту і гарачым свежым хлебам, і малочнымі прадуктамі, асабліва дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Крышачку лягчэй стала, калі ўлады дазволілі супрацоўнічаць з прыватнымі прадпрымальніцкімі структурамі. Але гэта ўжо было пасля 1992 года. А ў 1993-м – талоны зніклі з нашага жыцця. І сёння, заходзячы ў любы магазін (незалежна ад формы ўласнасці), проста дзіву даешся, як можна было камандна-адміністрацыйнымі метадамі «трымаць у цуглях» і прамысловасць, і гандаль цэлай краіны…
Як сцвярджаюць эканамісты і кіраўнікі гандлю, талоны заканамерна з’явіліся ў сувязі з развалам камандна-адміністрацыйнай планавай сістэмы Савецкага Саюза. Беларусь, на жаль, не здолела імгненна забыць, скінуць аковы «развітога сацыялізму» і адразу перайсці на рыначныя рэйкі, перабудаваць сельскую гаспадарку і прамысловасць для задавальнення ўзрослых патрэб спажыўцоў. Ды якасць і цэны беларускіх тавараў былі вельмі прывабнымі для жыхароў краін-суседак. У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя (пры прыкладным курсе 1 долар ЗША – 1 савецкі рубель) 1 кілаграм доктарскай каўбасы каштаваў у Брэсце 2 рублі 40 капеек, 1 бутэлька гарэлкі «Сталічная» – 4 рублі 12 капеек, мужчынскі касцюм айчыннай вытворчасці – 60-100 рублёў. (Для параўнання: сёння 1 кг каўбасы «Доктарская» вышэйшага гатунку Брэсцкага мясакамбіната каштуе 14690 рублёў, 1 бутэлька гарэлкі Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода – 7940 рублёў, а курс долара трымаецца на ўзроўні 3 тысяч беларускіх рублёў.
Пры гэтым давайце не будзем забываць, што сацыялістычная эканоміка ганарылася сваёй аднаўкладнасцю, на рынку практычна дамінавалі манапалісты – дзяржаўныя прадпрыемствы, да якіх даводзіліся заданні Дзяржплана, і гэта было законам. Прыватны сектар быў развіты вельмі слаба і дзяржавай не заахвочваўся.
Як падкрэсліваюць кіраўнікі гандлёвых арганізацый, якія працавалі ў той перыяд, талоны поўнасцю аджылі сваё ўжо ў 1993 годзе, калі ў Беларусі стаў імкліва расці прадпрымальніцкі клас. Як грыбы пасля дажджу, у Брэсце пачалі будавацца рынкі, насычаныя самымі разнастайнымі таварамі.
Іван ГОМАНАЎ

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Прагнозныя паказчыкі будуць выкананы

Следующая запись

Навошта вяскоўцам свая гаспадарка?