Беларусь

Усміхніся, фартуна!


У сераду сталі вядомыя імёны чатырох прэтэндэнтак на тытул “Каралева Вясна-2011”
Дэфіле брастаўчанак у вячэрніх строях ад Моднага дома “Папіліа” адкрыла свята прыгажосці. Нагадаем, што яны прайшлі ўжо адзін іспыт – першы тур адборачнага кастынгу, але з-за слаба падрыхтаваных творчых нумароў працягвалі спаборнічаць нараўне з дзяўчатамі з Баранавіч і Пінска.
Асабліва хваляваліся канкурсанткі падчас гутаркі з журы. Каверзныя пытанні маглі паставіць у тупік нават самых смелых. Прыгажуні разважалі аб змене полу ці як, напрыклад, хутка патраціць вялікую суму грошай. Умовы кастынгу, які праходзіў у брэсцкім салоне прыгажосці “Стыль”, былі максімальна набліжаны да сталічных. Ніякіх асабістых сімпатый, ніякіх падказак ці дапамогі. Старшыня кастынгавай камісіі, другі сакратар абкама ГА “БРСМ” Таццяна Венско прызналася, што і сама ўдзельнічала ў гэтым конкурсе ў 1999 годзе. Па яе словах, у сталіцу павінна ехаць упэўненая ў сваіх сілах, актыўная, бойкая і неардынарная асоба. Удзельніца конкурсу ў 2009 годзе Таццяна Кунцэвіч дадала, што канкурсантка павінна не губляцца ў цяжкай сітуацыі, з годнасцю трымацца перад публікай і мець пачуццё гумару. Менавіта такіх жамчужынак шукалі члены камісіі.
Танга, танец самурая, антрэпрыза на французскай мове, паказ мод, песня пад гітару – гэта толькі невялікая частка праграмы, якой дзяўчаты спрабавалі здзівіць і запомніцца журы.
– Вельмі парадаваў творчы рост брэсцкіх дзяўчат пасля першага тура, уразіў узровень падрыхтоўкі прыгажунь з Пінска і Баранавіч, – расказала заснавальніца мадэльнага агенцтва “Подыум” Святлана Лагошына. – Многія дзяўчаты паказалі цікавыя нумары, яны, безумоўна, павінны быць дапрацаваны, але могуць прэтэндаваць на перамогу.
Дарэчы, спачатку журы абласнога этапа павінна было адабраць толькі трох  дзяўчат да ўдзелу ў ХХ Міжнародным міжуніверсітэцкім конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна-2011”,
аднак  прыгажуні настолькі цудоўна падрыхтаваліся да кастынгу, што вельмі цяжка было вызначыць лепшых. Па канферэнц-сувязі з мінскім аргкамітэтам было прынята рашэнне аб дадатковым месцы. Такім чынам, ад нашай вобласці ў сталіцу паедуць студэнткі чатырох ВНУ. 26 сакавіка ў начным клубе “Next” адбудзецца нацыянальны міжрэгіянальны конкурс. Уся Брэстчына будзе хвалявацца за Дар’ю Грыцук (БрДУ імя А.С. Пушкіна), Дзіну Грыбоўскую (БрДТУ), Рэгіну Гойка (ПалесДУ), Марыну Казека (БарДУ).
На перамогу настроіў канкурсантак лідар творчага праекта “ДрамРокСтудыа” Ігар Пашэчка. Спявак не пагадзіўся з алімпійскім дэвізам “Галоўнае – не перамога, а ўдзел” і дадаў, што берасцейскія красуні едуць перамагаць. Раней нашым зямлячкам не ўсміхалася фартуна на гэтым конкурсе, аднак з такім патэнцыялам, як цяпер, вобласць можа стаць лідарам. Ды і я пераканалася: грацыі і артыстычнага майстэрства выбраным прыгажуням не пазычаць.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля