Беларусь

Падарунак пасля… смерці


Хачу падарыць сыну сваю кватэру пасля смерці. Як гэта можна аформіць дакументальна?
Васіль ПАЎЛЕНКА, г. Баранавічы.
У першую чаргу трэба адказаць самому сабе на пытанне: пры жыцці ці пасля смерці кватэра павінна перайсці да іншага чалавека. Бо калі жадаеце застацца ўласнікам жылля да канца свайго жыцця, а ў выпадку смерці каб яно перайшло сыну, то неабходна афармляць завяшчанне. А пры жаданні перадаць кватэру яшчэ пры жыцці заключаецца дамова дарэння.
Справа ў тым, што дамова дарэння і завяшчанне – зусім розныя натарыяльныя дзеянні, якія адрозніваюцца правіламі складання і афармлення.
Пры дамове дарэння прадугледжваецца абавязковы ўдзел і дарыльшчыка, і таго, каму дораць. Першы бязвыплатна аддае ва ўласнасць сваю маёмасць. У выніку – пераход права ўласнасці на падораную рэч ад дарыльшчыка да таго, каму дораць. Для заключэння дамовы ў кожным канкрэтным выпадку неабходна сабраць пэўны пакет дакументаў. Грамадзянам сёння не трэба самім іх збіраць. Па прынцыпе “адно акно” натарыусы самастойна падрыхтуюць паперы, неабходныя для засведчання дамовы дарэння. Зацікаўленай асобе проста трэба звярнуцца да натарыуса з пашпартам.
Абсалютна іншы парадак складання і афармлення завяшчання, а таксама яго прававыя вынікі. Яно складаецца на той выпадак, калі чалавек жадае, каб пасля смерці пэўная асоба распараджалася яго маёмасцю. Заключыць завяшчанне праз прадстаўніка нельга. Каб скласці і зацвердзіць дакумент, неабходна з пашпартам прыйсці да натарыуса. Аб напісанні завяшчання не абавязкова камусьці паведамляць. Адзінае патрабаванне – яно павінна быць запісана самім завяшчальнікам альбо натарыусам з яго слоў. У апошнім выпадку, акрамя завяшчальніка, у натарыуса павінен быць не зацікаўлены ў завяшчанні сведка.
Чалавеку, які хоча сваю маёмасць некаму падарыць, галоўнае – вызначыцца з дакументам, а скласці яго правільна дапамогуць у натарыяльнай канторы.
Анжэліка ШУМЕЙКА,
старшы дзяржаўны натарыус Першай
Брэсцкай дзяржаўнай натарыяльнай канторы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля