Беларусь

Спадчына: усё павінна быць па законе


У галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама на “прамую лінію” паступіла шмат пытанняў, якія тычыліся атрымання спадчыны. Ёсць такія звароты і ў рэдакцыйнай пошце. Сёння мы прапануем адказы на некаторыя з іх.
Ці можна скласці завяшчанне ад дзвюх асоб?
Нельга. У адпаведнасці з артыкулам 1040 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь завяшчаннем прызнаецца волевыяўленне грамадзяніна па распараджэнні маёмасцю, якая належыць яму, на выпадак смерці. У завяшчанні могуць утрымлівацца распараджэнні толькі адной асобы. Складанне яго дзвюма ці больш асобамі не дапускаецца.
Ці можа сястра прэтэндаваць на спадчыну пасля смерці брата, калі ў яго ёсць дзеці і завяшчання ён не пакінуў?
Спадчыннікі па законе прызываюцца да наследавання ў парадку чарговасці. У адпаведнасці з артыкулам 1057 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь спадчыннікамі па законе першай чаргі з’яўляюцца дзеці, муж (жонка) і бацькі нябожчыка. Спадчыннікі кожнай наступнай чаргі атрымліваюць права наследавання ў выпадку адсутнасці спадчыннікаў папярэдняй чаргі, ухілення іх ад спадчыны, непрыняцця яе імі або адмовы ад спадчыны. Сястра адносіцца да спадчыннікаў другой чаргі і прызываецца да наследавання па законе пры адсутнасці спадчыннікаў першай чаргі.
Сястра з мужам пераехалі ў Рэспубліку Беларусь з Казахстана ў 2004 годзе. Прапісаліся ў маці. У 2006-м яна памерла, праз 1,5 месяца не стала сястры. З заявай аб прыняцці спадчыны пасля смерці маці ў натарыяльную кантору я не звярталася. Ці мог муж сястры-нябожчыцы аформіць па спадчыне на сваё імя дом маёй маці?
Так, мог. Ваша сястра як спадчынніца першай чаргі фактычна прыняла спадчыну пасля смерці маці, што пацвярджаецца фактам сумеснага пражывання (была прапісана ў доме, які прымаецца ў спадчыну, на момант смерці спадчынадаўцы). Муж сястры з’яўляецца спадчыннікам першай чаргі пасля смерці жонкі і, адпаведна, меў права аформіць спадчыну на маёмасць, якая належыла жонцы, у тым ліку і на дом, які яна прыняла фактычна, не аформіўшы юрыдычна сваіх правоў.
Калі ў апошні дзень тэрміну для прыняцця спадчыны я накірую заяву ў натарыяльную кантору па пошце, ці будзе лічыцца, што дакумент пададзены своечасова?
Так. Калі заява аб прыняцці спадчыны і аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну была здадзена ў аддзяленне сувязі да заканчэння тэрміну для прыняцця спадчыны, але паступіла да натарыуса па яго заканчэнні, дакумент лічыцца своечасова пададзеным. Акрамя таго, калі апошні дзень тэрміну для прыняцця спадчыны прыпадае на нерабочы дзень, дык днём заканчэння тэрміну лічыцца бліжэйшы за ім наступны рабочы дзень.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля