Беларусь

“Бе-La-Русь”: палёт прайшоў нармальна!


Па добрай летняй традыцыі міжнародны лагер сёлета зноў сабраў моладзь трох дзяржаў – Беларусі, Латвіі і Расіі – ля Кургана Дружбы
На гэтым месцы, дзе сціраюцца геаграфічныя і моўныя межы, заўсёды сустракаюць цёпла і прыветна ўсіх. “Старажылы” “Бе-La-Русі” і тыя, хто прыехаў на памежжа трох дзяржаў упершыню, аб’ядноўваюцца бадзёрым настроем, невычарпальным аптымізмам маладосці, яе энергічнасцю і крэатыўнасцю. І назаўжды застаюцца сябрамі.

Сёлета лагер адсвяткаваў 20-годдзе. Гаспадарамі форуму былі расіяне, якія і прапанавалі прысвяціць сустрэчу 50-годдзю першага палёту ў космас Юрыя Гагарына. Каб лягчэй і весялей было паразумецца, яны нават прыдумалі спецыяльны касмічны слоўнік. Разабрацца з новай лексікай не склала цяжкасці для дэлегацыі Берасцейшчыны. “Можа, таму, што наша вобласць падарыла сусветнай касманаўтыцы двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, але тэматыку і настрой  “Бе-La-Русі – 2011” берасцейцы прынялі на “ўра”, – заўважае другі сакратар абкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Таццяна Венско. – У брэсцкую дэлегацыю ўвайшлі 20 хлопцаў і дзяўчат. Гэта актывісты БРСМ, працоўная моладзь з Пінска, Баранавіч, Жабінкі і Брэста. Каманду мы назвалі “Цытадэль”. Прыемна, што яе заўважылі на міжнародным маладзёжным форуме і адзначылі ўзнагародамі”.
На працягу некалькіх дзён удзельнікі лагера на памежжы Расіі, Беларусі і Латвіі спаборнічалі ў розных відах спорту і творчых конкурсах, абменьваліся вопытам работы з моладдзю. “Наша каманда “Цытадэль” заваявала другое месца ў футбольным спаборніцтве, – расказвае Таццяна. – Вельмі добра беларуская зборная паказала сябе ў конкурсе “Лепшая пара”, заняўшы першае месца. Разам з Дзмітрыем Хальцавым з Віцебшчыны гэтую ўзнагароду беларусам прынесла брастаўчанка Іна Баравік. У творчым конкурсе бівакоў (на касмічнай мове – “зорных гарадкоў”) за Беларусь выступалі наша і Мінская вобласці. Брастаўчане прывезлі дадому дыплом 2-й ступені. І не дзіва, бо ў тэатралізаванай сустрэчы гасцей бівака і журы ўдзельнічалі касмамама, касматата, касмасабачкі і касмакацяняты…”
Беларусь атрымала 9 з 12 прызавых месцаў сёлетняга міжнароднага маладзёжнага лагера – заўважу, не без старанняў каманды Брэстчыны. Дарэчы, спецыяльныя ўзнагароды за падтрымку і захаванне традыцый “Бе-La-Русі” на радзіму прывезлі Васіль Гаркавы і Аляксандр Прылуцкі, якія ўжо 10 год запар прымаюць удзел у сустрэчы моладзі ля Кургана Дружбы. Васіль у дадатак яшчэ і ўпісаў сваё прозвішча ў  “Кнігу рэкордаў лагера “Бе-La-Русь – 2011”. На яе старонках ён значыцца як “Лепшы доктар лагера”.
“Маладыя людзі жывуць у розных краінах, але маюць агульныя інтарэсы. І паразуменне знаходзяць вельмі лёгка, не тое што палітыкі, – падагульніла свой каментарый паездкі ў “Бе-La-Русь” Таццяна Венско. – Упэўнена, гэты праект, у якім задзейнічана моладзь трох дзяржаў-суседак, будзе мець працяг і ў наступным годзе, бо ўсе мы хочам жыць па-сяброўску”.
Крысціна ЗЯЛЁНКА,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота з архіва АК БРСМ.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля