Беларусь

Як асвойваюць новы цягнік берасцейцы?


Патэлефанаваўшы ў даведку чыгуначнага вакзала, цікаўлюся, як набыць білет на новую электрычку і колькі ён будзе каштаваць. Зычлівы жаночы голас дакладна праінфармаваў: білет да станцыі  Баранавічы-Палескія каштуе 11760 рублёў, а з Баранавіч да Мінска – 9740 рублёў. Спачатку мне параілі купіць білет да сталіцы ў Баранавічах, запэўніўшы, што час для гэтага бу-дзе, аднак потым падказалі: і ў Брэсце можна набыць білет адразу да Мінска за 21500 рублёў. Дарога да Баранавіч займае 1 гадзіну 56 хвілін. Сістэма праезду простая, але не вельмі зручная. Прыязджаеш у Баранавічы, чакаеш прыкладна гадзіну, перасаджваешся на такі ж электрацягнік да Мінска. Калі падлічыць, дык эканомія ў часе і кошце ў параўнанні з, напрыклад, пасажырскімі цягнікамі мінімальная. Тым больш, што ў прамежак з 11 да 14 гадзін з брэсцкага вакзала адыходзяць адразу некалькі саставаў у сталічным напрамку. Варта ўспомніць і пра інфраструктуру нашых вакзалаў: Баранавічы-Палескія наўрад ці парадуюць пасажыраў бізнес-класа. Самой неаднойчы даводзілася рабіць тут перасадку. Сумна…
Тым не менш, новая электрычка ўжо ўпэўнена заваявала сімпатыі пасажыраў. Перад адпраўленнем пытаюся ў аднаго з пасажыраў аб тым, чаму ён выбраў гэты “рэйс”.
– Ездзіць у сталіцу даводзіцца па некалькі разоў на тыдзень, – расказаў індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Сталярчук. – Раней з-за нізкага кошту выбіраў хуткі цягнік “Брэст-Мінск”, які ідзе ў 11:55. Прызнаюся, не вельмі зручна было ездзіць на драўляных лаўках у агульным вагоне, а цяпер перасеў на швейцарскую навінку – і пакуль задаволены. Шчыра кажучы, электрычкай яе цяжка назваць – чыста, ветлівыя правадніцы ды сядзенні камфортныя.
Сапраўды, швейцарскі электрацягнік кардынальна адрозніваецца ад нашых электрычак. Прасторны салон, кандыцыянеры, сістэмы відэаінфармавання і відэаназірання, сучасны туалет і шмат чаго іншага. Вельмі важна, што створаны дададковыя ўмовы для пасажыраў з дзецьмі, а таксама для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ды і курыць тут забаронена.
Электрычка налічвае ўсяго чатыры вагоны, у якіх могуць размясціцца 210 чалавек. Яна стала піянерам у нашай краіне. Як адзначыў міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Іван Шчэрба, зроблены крок для мадэрнізацыі ўсёй чыгуначнай інфраструктуры, да канца гэтага і ў наступным годзе ў Беларусі з’явяцца яшчэ некалькі такіх цягнікоў. Швейцарскія партнёры ўжо даставілі тры электрацягнікі для ўнутрыгарадскіх перавозак і адзін – для рэгіянальных ліній бізнес-класа. Да канца 2012 года будуць пастаўлены 10 сучасных электрацягнікоў, чатыры з якіх – для рэгіянальных ліній бізнес-класа.
Пэўна, з-за загружанасці і запатрабаванасці брэсцкага чыгуначнага вакзала, як заўсёды, не абышлося без “лыжкі дзёгцю”. Не атрымалася сумясціць перон і вышыню цягніка. Даўняя праблема нашага вакзала пакуль застаецца адкрытай, аднак чыгуначнікі паабяцалі, што і яна будзе вырашана. Пачакаем.
– У бліжэйшай перспектыве плануецца адкрыць рух на рэгіянальных лініях цягнікоў яшчэ і эканом-класа, – расказаў начальнік Беларускай чыгункі Анатоль Сівак. – Яны будуць адрознівацца не столькі ўзроўнем камфорту, колькі хуткасцю і колькасцю прыпынкаў. Разлічаны такія цягнікі на тых, хто дабіраецца чыгункай на работу ці вучобу.
Аналагічныя электрацягнікі даўно курсіруюць у краінах-суседках, аднак для беларускай чыгункі гэта велізарны крок наперад, які дазваляе спадзявацца, што электрычкі з “духмяным” водарам, шалупіннем семак на падлозе і экстрэмальнымі спадарожнікамі назаўжды адыдуць у мінулае, а звычайны камфорт перастануць называць бізнес-класам.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля