Сацыяльныя танцы: для таго, каб вывучыць сальсу ці бачата, узрост – не перашкода
Для таго, каб вывучыць сальсу ці бачата, узрост – не перашкода
Вы калі-небудзь марылі навучыцца хораша і ярка танцаваць? Ды так, каб ад вашага танца ва ўсіх займала дух? Думаеце, што вы на гэта не здольны? Спяшаемся вас разупэўніць: навучыцца практычна любому танцу вельмі проста. Для гэтага патрабуецца ўсяго толькі жаданне, трохі вольнага часу, вядома, выдатны настрой. Вы і дагэтуль не верыце ў свае сілы? А дарма! Менавіта такія няўпэўненыя, дзесьці сарамлівыя і не зусім падрыхтаваныя да танца людзі ўліваюцца ў новы танцавальны рух – сацыяльныя танцы. Сёлета яны прыйшлі і ў наш горад.
Сацыяльныя танцы – гэта танцы, для заняткаў якімі абсалютна неістотна, колькі вам гадоў, якая ў вас фігура, статус у грамадстве. Бачата, сальса, кізомба, мерэнга, семба, зук… Кожны можа акунуцца ў дзіўны свет рухаў… Ну, а калі чалавек сустракаецца з магіяй танца, то забывае пра паўсядзённыя праблемы шэрых будняў, бо трапляе ў атмасферу штодзённага свята.
Стваральнік групы Аляксандр Чарноў расказвае пра малады рух “Сацыяльныя танцы. Брэст”:
– Сацыяльныя танцы ёсць ва ўсім свеце, і яны карыстаюцца папулярнасцю, аднак у нашым горадзе з’явіліся нядаўна. Ідэя ў тым, каб людзі збіраліся разам і атрымлівалі асалоду ад зносін праз мову цела. Мы займаемся танцамі дзеля задавальнення. Яны не патрабуюць велізарных высілкаў. Танцаваць сацыяльныя танцы мы з сябрамі навучыліся па відэароліку, які натхніў, даў імкненне вучыцца і ўдасканальвацца. Потым прайшлі спецыялізаваныя курсы. Жаданне вучыцца нечаму новаму і цікаваму – вось што вызначае тых, хто цяпер засвойвае сальсу, бачата, кізомба…
– У многіх склаўся стэрэатып, што яны не могуць навучыцца добра танцаваць. Але ж кожнаму гэта пад сілу! Галоўнае – пераадолець страх і няўпэўненасць у сабе. Сацыяльныя танцы падыходзяць для любой узроставай катэгорыі. Да нас прыходзяць студэнты, працуючыя людзі. Бачыў і нямала пажылых, якія далі б фору моладзі. Так што ўзрост – не перашкода для танцаў, – упэўнены Аляксандр Уладзіміравіч.
Такое меркаванне падзяляе і Марына Самайлюк, студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, якую можна назваць творчым натхняльнікам руху “Сацыяльныя танцы. Брэст”.
– Пакуль наш рух не мае афіцыйных назвы і эмблемы, але мы ўжо абвясцілі конкурс на іх у сацыяльнай сетцы “У кантакце”, – паведаміла Марына.
Ваша жыццё маркотнае і сумнае? Жадаеце яго расквеціць яркімі фарбамі? Дык чаму ж вы марудзіце? “Сацыяльныя танцы. Брэст” адкрыты для ўсіх жадаючых! Пазнаёміцца з новым модным кірункам можна, напрыклад, у дыскаклубе брэсцкага гарадскога парку з 19 да 22 гадзін па аўторках. Звяртайцеся да дасведчаных інструктараў, якія дапамогуць вам спасцігнуць мастацтва танца.
Наталля МЯНЯЙЛЕНКА,
Дзяніс ТРАЦЮК (фота),
студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.