Беларусь

Гатуем чахахбілі “Гараскоп”


ЧАХАХБІЛІ “ГАРАСКОП”
ад Агніі АНТАНЯН, дырэктара творчай майстэрні “DramRockStudio” (г. Брэст):
– Як і многія цяльцы, я вельмі люблю паесці і, вядома ж, гатаваць. Маю правіла: не кулінарыць праз сілу ці ў дрэнным настроі. Веру ў тое, што ў ежу падчас гатавання неабходна ўкладваць часцінку любові, а калі ўкласці няма чаго, дык лепш за справу і не брацца.
Галоўнае для мяне, каб прадукты былі свежыя, простыя і даступныя. Імкнуся харчавацца раз-дзельна – гэта значыць, вугляводы ператраўляюцца паасобку ад тлушчаў і бялкоў.
Я вельмі люблю стравы каўказскай кухні за востры смак, выкарыстанне часнаку і цыбулі, прымяненне духмяных траў і мноства разнастайных соусаў. Чытачам “НТ” раскажу, як гатаваць любімае чахахбілі “Гараскоп”.
Нам спатрэбіцца: курыца, 3 цыбуліны, 5 зубкоў часнаку, 4 памідоры, 40 г зяленіва (кінзы і базіліку), 4 сталовыя лыжкі алею, сталовая лыжка чырвонага віннага воцату, соль і молаты чорны перац.
Мыем курыцу, выціраем і раз-дзяляем на невялікія кавалкі. Цыбулю чысцім і наразаем тонкімі паўкольцамі. Часнок прапускаем праз прэс (часночніцу). Для таго, каб зняць з памідораў скурку, робім на іх надрэз крыж-накрыж і апускаем у кіпень на 30 секунд. Дастаём і здрабняем мякіш. Пасля – зяленіва.
У патэльні разаграваем алей і смажым курыцу да залацістай скурачкі. Асобна смажым цыбулю. Дадаём яе да курыцы разам з памідорамі. Заліваем воцат і 50 мл гарачай вады, тушым хвілін 15. Затым дадаём зяленіва, часнок, соль і перац. Здымаем з агню і пакідаем млець яшчэ на гадзіну. Перад падачай на стол неабходна падагрэць чахахбілі.
Па словах гаспадыні, страва – пальчыкі абліжаш! Яе абавязкова палюбяць  прадстаўнікі ўсіх знакаў задыяка.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля