Раёнам Брэста – 35! “Самы вялікі! Прамысловы, спартыўны, квітнеючы…”
Гэтыя і мноства іншых эпітэтаў гучалі са сцэны Палаца культуры прафсаюзаў у адрас Маскоўскага раёна горада Брэста
Міхаіл Водчыц, кіраўнік “Будтрэста №8” не хаваў сваіх эмоцый: “Хіба мог я 35 год таму падумаць, што на пустцы каля тэхнічнага ўніверсітэта вырасце гэткі велічны раён?! А калі сёння ўсё гэта бачыш – дамы, прадпрыемствы, школы – адчуваеш сапраўднае свята душы…”
“35 – гэта зусім маленькі крок у часе, здзейснены Маскоўскім раёнам. Тым не менш зроблена нямала, ёсць чым ганарыцца, – упэўнены генеральны дырэктар ААТ “Савушкін прадукт” Аляксандр Саўчыц. – Бо ўсё гэта стваралі мы самі, сваёй дружнай, працавітай сям’ёй…”
“Кажуць, што чалавек павінен ісці ў нагу з часам. А што датычыць нас і нашага Маскоўскага раёна, дык мы – на пярэднім плане і павінны апярэджаць час, – лічыць Заслужаны настаўнік Беларусі, дырэктар ліцэя №1 імя Аляксандра Пушкіна Святлана Сямёнава. – 4-тысячны калектыў настаўнікаў імкнецца, каб раён быў моцны інтэлектам, каб мы марылі і вучыліся ажыццяўляць самыя смелыя мары…”
На думку намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка, “самы вялікі раён на Брэстчыне – Маскоўскі – стаў узорам пераймання для іншых рэгіёнаў, асабліва для гарадоў Баранавічы, Пінск. Тут за апошнія 10 гадоў вельмі шмат зроблена”. Перад тым, як уручыць граматы аблвыканкама дырэктару гімназіі № 6 імя Г. К. Жукава Кацярыне Калейчык і намесніку старшыні камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі раёна Надзеі Зайцавай, Леанід Аляксандравіч пажадаў “масквічам” спаўна рэалізаваць увесь чалавечы патэнцыял, каб яшчэ больш значнымі сталі вынікі працы.
Пра цудоўных людзей, якімі славіцца Маскоўскі раён, казаў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, і мэр Брэста Аляксандр Палышанкоў, і старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Генадзь Масько. Пра тых, дзякуючы чыім добрым справам з году ў год квітнее рэгіён, усхвалявана гаварыў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Аляксандр Рагачук, узнагароджваючы лепшых “масквічоў” граматамі і лістамі падзякі. А іх на сцэну паднялася аж 35, не больш і не менш – роўна столькі, колькі споўнілася раёну. Менавіта людзей-працаўнікоў, таленавітых кіраўнікоў Аляксандр Рагачук назваў найвялікшым гонарам раёна. Бо яны не толькі вядуць за сабой іншых, а забяспечваюць стварэнне трывалай эканамічнай базы, якая дазваляе паспяхова функцыянаваць сацыяльнай сферы, а значыць – жыць прыгожа, камфортна, гарманічна…
Ну, якое ж свята без песень? Не абышлося без сюрпрызаў. Група “Лагуна” і яе салістка Марына Жыцянёва падарылі песню-прысвячэнне Маскоўскаму раёну, азоранаму ззяннем купалоў цэркваў і сабора, якому наканаваны шчаслівы лёс. У мінулае, у 1970 – 1980-ыя гады, вярнула большасць прысутных маскоўская група “Сияние пламени”, якую многія памятаюць па былой яе назве “Пламя”. Затое натхнёна думаць пра будучае – светлае, радаснае, пераможнае – прымусілі дзеці: дашкаляты, падлеткі, выпускнікі школ і студэнты, шчыра ўлюбёныя ў Маскоўскі раён, што назаўсёды прапісаўся ў іх сэрцах. Пра гэта яны гаварылі, спявалі са сцэны з надзеяй у вачах. Згадзіцеся, калі ёсць надзея, калі людзі ўмеюць марыць – усё ў іх атрымаецца. А значыць – і ў Маскоўскага раёна таксама…
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”.
Мовай лічбаў
* Тэрыторыя Маскоўскага раёна –
7589 га, з іх 24 працэнты – зялёныя зоны.
* Насельніцтва – 221900 чалавек (жанчын на 17 тысяч больш, чым мужчын), якія насяляюць 70 працэнтаў жылфонду абласнога цэнтра.
* Налічваецца больш за 3200 юрыдычных асоб, звыш 3000 суб’ектаў гаспадарання, каля 10 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.
* Удзельная вага харчовай прамысловасці – 65 працэнтаў; лёгкай прамысловасці – 11,8; машынабудавання, металаапрацоўкі і радыёэлектронікі –
10,4,;прамысловасці будматэрыялаў – 7,4.
* Маецца звыш 70 устаноў адукацыі – ад 36 дашкольных да вышэйшай (БрДТУ), 17 устаноў аховы здароўя, больш за 50 аптэк, 8 гандлёвых цэнтраў, 7 рынкаў, звыш 1500 прадпрыемстваў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання.
* Ёсць шыкоўная спартыўная база: Цэнтр алімпійскага рэзерву з інфраструктурай, 5 стадыёнаў, 2 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, лёгкаатлетычны манеж, Лядовы палац…
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.