Беларусь

  • Главная
  • Рэха падзеі
  • Рэдакцыя “НТ” і абкам ГА “БРСМ” падвялі вынікі конкурсу “Слова маладых”

Рэдакцыя “НТ” і абкам ГА “БРСМ” падвялі вынікі конкурсу “Слова маладых”


Усяго ў фінальным этапе ўдзельнічалі 18 канкурсантаў, пяцёра з іх сталі пераможцамі. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікаў было менш, чым звычайна, варта адзначыць: амаль усе работы заслугоўваюць увагі і права на прызавое месца.
– Журы цяжка было прысудзіць перамогу з-за высокага ўзроўню падрыхтоўкі юнакоў і дзяўчат. Таму тыя, хто перамог, заслугоўваюць называцца лепшымі з лепшых, – расказала другі сакратар абкама ГА “БРСМ” Таццяна Венско. – Адметна, што многія з пераможцаў збіраюцца звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Спадзяюся, што ўсё ў іх атрымаецца, бо пераможцы і ўдзельнікі леташніх конкурсаў паспяхова вучацца спецыяльнасці “Журналістыка” і актыўна супрацоўнічаюць як з мясцовымі газетамі, так і з рэспубліканскімі.
У намінацыі  “Лепшая работа” перамагла выхаванка аб’яднання “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага РЦДЮТ Анастасія Вядзерчык. Лепшым юным карэспандэнтам  стала вучаніца СШ №1 г. Жабінка Дар’я Ніканчук. Сярод прафесіяналаў першае месца заняла журналістка раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” Вольга Шэляговіч. Лепшым гуртком прызнаны клуб юнага журналіста “Мерыдыян”  пры Кобрынскім раённым камітэце ГА “БРСМ”. Самым актыўным клубам-партнёрам СМІ стаў клуб маладых журналістаў “Эфектыўны лідар” пры Пінскім раённым камітэце ГА “БРСМ”.
Пераможцы атрымалі падарункі і дыпломы. У пераднавагодняй сустрэчы прынялі ўдзел таксама тыя, хто не заняў прызавыя месцы. Для таго, каб пазнаёміцца з равеснікамі, прыехалі навучэнцы Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, якія зай-маюцца ў гуртку “Журналістыка”. Прысутнічалі таксама студэнты аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Дзяніс Трацюк і Ганна Івашчанка – дарэчы, яны з’яўляюцца пазаштатнымі аўтарамі “Народнай трыбуны”.
Атрымалася вельмі цікавая гутарка пра перспектывы журналістыкі ў рэгіёне, маладзёжны рух і грамадскія аб’яднанні, а таксама пра хвалюючыя пакаленне “next” праблемы.
Конкурс працягваецца. У снежні 2012-га ў пяты раз будуць выбраны лепшыя з перспектыўных і вельмі крэатыўных будучых акул пяра. Абавязкова “Слова маладых” перажыве пэўныя метамарфозы. У прыватнасці, мы не можам пакінуць без увагі знамянальныя даты, якія адзначым сёлета, – 10-годдзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 90-годдзе піянерскай арганізацыі. Сачыце за выпускамі “Равесніка”, падрабязная інфармацыя будзе размешчана тут пазней. Апошняе слова зноў застаецца за маладымі!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля