Беларусь

Вялікі Тата


Загадчык аддзялення неанатальнай інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі абласнога радзільнага дома Сяргей Філатаў у 2011-м быў адзначаны дзяржаўнай узнагародай – медалём “За працоўныя заслугі”

Мы прызвычаіліся вымяраць жыццё гадамі. І толькі тут я зразумела, як жа мы памыляемся! У гэтым аддзяленні абласнога радзільнага дома жыццё вымяраецца спачатку гадзінамі і толькі потым – суткамі. Неанатальная інтэнсіўная тэрапія і рэанімацыя, якую ўзначальвае выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Сяргей Філатаў, штогод для амаль 300 маленькіх пацыентаў становіцца той адзінай саломінкай, якая і ёсць масток да жыцця. А Сяргей Віктаравіч і яго калегі – праваднікі, якія падказваюць, куды трэба ісці. Вось толькі прайсці за каго-небудзь гэты шлях яны не могуць.
– Дзіця ні ў чым не вінаватае, – гаворыць доктар Філатаў. – Ні ў тым, што нарадзілася раней тэрміну, ні ў тым, што вага ў яго маленькая, ні ў тым, што нейкія праблемы са здароўем. Яго ўбок не адкладзеш, таму ратаваць трэба.
У аддзяленні немаўляты праводзяць ад некалькіх гадзін і да… Адзін з апошніх малых прабыў тут 20 сутак. Толькі калі ўпэўняцца ўрачы ў паляпшэнні стану, даюць згоду на перавод у дзіцячую бальніцу ці ў аддзяленне да матулі. У доктара Філатава такі прынцып: лепш суткі ператрымаць пацыента ў аддзяленні.
Тут умеюць змагацца за жыццё, нават калі яно ледзь-ледзь тлее. У чым матывацыя? Як ні дзіўна, але справа не толькі ў клятве Гіпакрата. Сяргей Віктаравіч кажа: “Бываюць зусім катастрафічныя дзеці, але памаленьку, памаленьку – і выходзяць з крызіснага стану. Жыць жа хочацца! Яны змагаюцца за сваё жыццё нават больш, чым дарослыя. Яны за нас мацнейшыя…”
Галоўны ўрач абласнога радзільнага дома Анатоль Дашко перакананы: доктар Філатаў – на сваім месцы. Спецыялістаў такога ўзроўню ў рэспубліцы зусім нямнога і падобных аддзяленняў няшмат. Брэсцкае – адно з лепшых у Беларусі. Пасля рэканструкцыі яно адкрылася ў 2008 годзе, лічы, нанава. Абсталявана сучаснай медыцынскай тэхнікай: тут ёсць усё і для абследавання, і для рэанімацыі, і для інтэнсіўнай тэрапіі маленькіх пацыентаў. І, што самае важнае, тэхнічны патэнцыял задзейнічаны напоўніцу, усё выкарыстоўваецца. Але машыны без людзей – нішто. А людзі, на чале якіх з 1994 года ў аддзяленні Сяргей Філатаў, не менш за яго адданыя медыцыне і сваім юным, часта зусім бездапаможным маленечкім пацыентам (дзетак зараз выходжваюць ад 500 грамаў).
Размаўляю з рознымі людзьмі пра Філатава. Рознымі словамі яны даводзяць адну і тую ж думку: Сяргей Віктаравіч – прафесіянал, які самааддана любіць сваю справу, у якога такая шчодрая душа і такое добрае сэрца, што яны дапамагаюць немаўлятам не менш, чым лекі. Яго за вочы нават называюць Вялікі Тата. Дзетак жа ў яго ўжо тысячы…
Размаўляю з доктарам Філатавым пра Філатава. Ён лічыць сябе звычайным чалавекам: “Як большасць з нас, на работу аўтобусам езджу”. Верыць у тое, што шчасце – гэта ўдача, а ўдача – гэта калі  табе “проста падвярнуўся кавалак жыцця”. Перакананы: любоў у жыцці многае значыць – “куды ж мы без яе?!” Ён не ўмее гаварыць прыгожыя словы пра справу, якой служыць усё сваё самастойнае жыццё. Да медыцыны ў сям’і Сяргея Віктаравіча ніхто не меў аніякага дачынення. Ён проста захацеў гэтым займацца, хоць думае, што “не чалавек выбірае прафесію, а прафесія выбірае чалавека”. У 1984-м скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут, праходзіў інтэрнатуру ў абласной дзіцячай бальніцы. У радзільным доме было месца – прыйшоў доктарам, потым стаў загадчыкам аддзялення. Былі магчымасці перайсці на іншую работу, можа, не такую эмацыянальна і энергетычна затратную. Не захацеў? Не змог? Прынамсі, не важна, бо па-ранейшаму доктару Філатаву штодня хочацца прыходзіць у гэтае аддзяленне радзільнага дома. Той своеасаблівы дзіцячы свет, які ён тут назірае, не адпускае. Хоць, бывае, і пякучым болем раніць.
Ён не любіць слова “лёс” і адначасова кажа, што лёс распарадзіўся, каб доктар Філатаў прыйшоў у аддзяленне неанатальнай  інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. Ён не любіць слова “добра”, якое напаверку часцяком аказваецца занадта гучным, таму аддае перавагу слову “нармальна”. І разам з тым, пра свой калектыў гаворыць “добры”, у сэнсе таго, што “медыцына – гэта калектыўная работа”. Паляванне – не яго захапленне. Рыбалка, грыбы… Усяго патроху, залежыць ад сітуацыі. І сцены клаў, і рубанкам махаў. Па яго тэорыі, для ўсяго ў жыцці павінен быць адпаведны момант і адпаведны стан душы. “Можна выцягнуць сябе за горад, – кажа, – сядзець, глядзець на агонь вогнішча, але ніякай радасці гэты агонь не прынясе”.
Любіць фантастыку – аналітычную, з філасофскім падтэкстам. Яго можа закрануць канкрэтны верш, канкрэтная песня, канкрэтны музычны твор, але безагляднага захаплення якім-небудзь адным відам мастацтва за сабой Сяргей Віктаравіч не заўважаў. Свой характар называе “ўсялякі”.
– Калі б Вы былі кветкай, дык якой? – раптоўна пытаюся ў доктара Філатава.
Паўза – і: “Дык мне букеты падабаюцца. Усяго патроху павінна быць у жыцці. Аднабаковае жыццё сумнае, а яно ж – цудоўнае, дзіўнае. Трэба, каб у ім было шмат цікавага: сёння – так, заўтра – вось так… Галоўнае, што яшчэ адзін год прайшоў спакойна, не тое, каб ціха, а менавіта спакойна”.
Доктар Філатаў не любіць марозных зім. Усе святы дзеліць на ўнутраныя і знешнія. Новы год – унутранае, бо сямейнае. Па жыцці ён аптыміст. “Жыццё ідзе, не заўжды яно кіруе намі, не заўсёды мы кіруем ім, – лічыць ён. – Трэба знаходзіць з гэтым жыццём пэўны кансэнсус”.
Я спрабавала разгадаць доктара Філатава, каб знайсці тую сістэму сілкавання, якая падмацоўвае яго, надае ўпэўненасці, нараджае надзеі, падказвае словы, калі даводзіцца размаўляць з матулямі, што глядзяць на яго, нібыта ён усемагутны. А Сяргей Віктаравіч гаварыў пра звычайнае, тым не менш, абдуманае не раз.
“У нас, у медыцыне, усе вучацца. Нехта кніжкі чытае, нехта глядзіць, як калега працуе. Нават тыя, хто шмат-шмат год практыкуе ў медыцынскай справе, вучацца. Трэба ж дзяліцца тым, што ўжо ўмееш сам, каб іншыя падобных памылак не рабілі…”
“Быў у камандзіроўцы летась у ЗША. Адносіны да дзяцей усюды аднолькавыя, а тэхнічныя магчымасці сёння што ў нас, што ў Еўропе, што ў Штатах – падобныя. Дзеці – гэта будучыня, насамрэч будучыня, таму і ўвага паўсюдна да іх асаблівая. У нас генетычна закладзена барацьба за захаванне віду. І хоць каштуе яна дорага (у нашым аддзяленні часам даводзіцца прымяняць лекі, толькі адно ўвядзенне якіх каштуе больш за 1000 долараў ЗША, і іх аплочвае дзяржава), але ж мы яе вядзём…”
“Абставіны могуць быць мацнейшымі за чалавека. Але галоўнае тут, наколькі чалавек унутрана скіраваны і куды…”
“Цудаў на свеце мора. Іх успрыняцце, ступень цудоўнасці залежаць ад узросту. Цуд нельга спланаваць. Тое, што можна спланаваць, называецца мэтай…”
Мы вяртаемся да медыцыны, і я прашу пералічыць якасці ўрача.
– Згодзен з тымі, хто гаворыць, што да хворага трэба адносіцца так, як да сябе. Ці як зрабіў бы свайму блізкаму, дарагому, роднаму чалавеку, – чую ў адказ. – Добрапрыстойнасць, чэснасць – гэта індывідуальныя якасці чалавека, якія могуць быць зусім не звязаныя са спецыяльнасцю, з той справай, якой ён займаецца. Значэнне мае яшчэ адна якасць – ніколі не азірацца назад.
– А як жа ўрокі мінулага? Як не наступіць на адны і тыя ж граблі?
– Любыя падзеі ўзнікаюць у пэўны час, у пэўным месцы і пры пэўным спалучэнні абставін. Аналізаваць не забараняецца. А вяртацца навошта?..
Напрыканцы нашай размовы я нарэшце зразумела, кім мог бы стаць Сяргей Філатаў, не стань ён доктарам. З яго атрымаўся б выдатны філосаф, але не Дыяген – Сяргей Віктаравіч не ўседзеў бы ў бочцы, думу думаючы. Чаму? Таму што ён не-не ды парываўся б сваю філасофію матэрыялізаваць у канкрэтнай справе, так сказаць, абмазгаваў тэорыю і адразу ж прымяніў на практыцы ці праверыў гэтай самай практыкай. І не дзеля таго, каб пацвердзіць важнасць сваіх філасофскіх высноў, а таму што стыль – не, не памочніка, а выратавальніка – яму бліжэй за ўсё.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля