Рэха падзеі: “Студзеньскія музычныя вечары”

Рэха падзеі: “Студзеньскія музычныя вечары”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На развітанне Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” падарыў публіцы незабыўны вечар у кампаніі салістаў оперных тэатраў Італіі
Хоць Матэа Бертарэлі, Дамінга Стасі і Рабэрта Косці ўпершыню наведалі Брэст, іх прыезду чакалі з асаблівым нецярпеннем. Рабэрта Косці, дарэчы, адзін з апошніх вучняў знакамітага Лучана Павароці. Пра нашы “Вечары” артыст даведаўся ад свайго даўняга сябра Антоніа Амендуні. Першая флейта міланскага тэатра “Ла Скала” і рымскай оперы неаднойчы гасцяваў на форуме, бурнымі авацыямі сустракалі яго і сёлета. А вось для італьянскага тэнара нядаўняе падарожжа ў нашу краіну другое па ліку. Упершыню ён пабываў у Беларусі два гады таму, калі ўдзельнічаў у мінскім канцэрце, прысвечаным памяці маэстра Павароці. Артыст з асаблівай пяшчотай узгадвае слыннага настаўніка, знаёмства з якім стала лёсавызначальным.
– Гэта быў надзвычай важны момант у маім жыцці, – дзеліцца Рабэрта Косці. – Лучана Павароці навучыў самаму галоўнаму – быць шчодрым у адносінах да слухачоў, цалкам аддаваць сябе публіцы і мастацтву. Калі мы сустрэліся, маэстра ўжо хварэў, аднак у яго заўжды былі планы на выступленні. Ён ні на хвіліну не пераставаў думаць пра будучыню. Гэтым Павароці нагадваў майго бацьку, які таксама хварэў, але не страчваў жадання жыць і тварыць. Бацька, як і маэстра, да апошняга намагаўся заставацца на сцэне і працаваць з вучнямі.
Для другога музыканта – юнага Паўлюса Андэрсана – фестывальнаму дэбюту таксама папярэднічала рэкамендацыя блізкага чалавека: летась у Брэст прыязджала мама літоўскага піяніста Аляксандра Жвірблітэ. Сёлета ж мастацкі кіраўнік “Вечароў” Лілія Батырава запрасіла маладога артыста разам з яго вядомай бабуляй – прафесарам Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра Веронікай Вітайтэ. “Так, – усміхаецца Паўлюс, – у нас уся сям’я музыкальная. Дзядуля, напрыклад, дырыжор. Толькі тата – выключэнне”.
Сярод найбольш прыемнага на фестывалі піяніст узгадвае выступленне флейтыста-віртуоза Антоніа Амендуні, запомнілася і сама дарога ў Брэст: у цягніку Паўлюс сустрэў сваё 18-годдзе. Малады артыст адзначае і добрую арганізацыю форуму, і прыемныя знаёмствы.
– Няхай ваш фестываль з кожным годам набірае моц, становіцца ўсё лепшым, – кажа Паўлюс Андэрсан. – А яшчэ жадаю… набыць новы інструмент. Не таму, што гэты дрэнны, але ў наступны раз хочацца пабачыць на сцэне новенькі “Steinway” (марка фартэпіяна – Т. В.).
“Студзеньскія музычныя вечары” завяршыліся выступленнем салістаў оперных тэатраў Італіі. Пад гукі непараўнальнай “O Sole Mio” зала то выбухала апладысментамі, то зачаравана лавіла кожную ноту. Выкананне кампазіцыі “Mattinata” ўвогуле пачалося з пырскаў шампанскага: такім даволі прыемным спосабам Матэа Бертарэлі, Дамінга Стасі і Рабэрта Косці павіншавалі фестываль з 25-годдзем. Узрушаныя гледачы яшчэ доўга потым абмяркоўвалі ўбачанае. Прыгожае развітанне, шампанскае, заслона… І можна пачынаць новы адлік да наступнага студзеня.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Воінства зямное і… нябеснае

Следующая запись

Ваеннаслужачыя 115-га зенітнага ракетнага палка парадавалі дзяцей