Усё яшчэ жывы…
Завяршыўся VIII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў
Фестываль завяршаўся інтрыгай. А дакладней, абяцаннем яе камандай журы. Перад цырымоніяй узнагароджвання арбітры ад мастацтва знянацку намякнулі: галоўны трафей форуму атрымае нешта нетыповае. Зрэшты, калі адматаць час назад, акурат да пачатку фэсту, узгадаецца, што арганізатары інтрыгавалі фактычна з першых хвілін.
Так, літаральна на старце змяніўся старшыня журы. Замест выбылага па ўважлівай прычыне Сяргея Лазарука месца галоўнага суддзі фэсту заняў кінакрытык Леанід Паўлючык. Для яго, дарэчы, падобная адказнасць ужо не новая, але вельмі прыемная. Леанід Васільевіч, які стаяў ля вытокаў кінапрэсы ў нашай краіне, быў членам журы на самым першым форуме ў Брэсце.
Меркаваліся карэктывы і ў спісе фестывальных узнагарод. Пра адну з іх яшчэ перад адкрыццём паведаміў Тэнгіз Думбадзэ, кіраўнік прадстаўніцтва Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы. Сваё знаходжанне ў Брэсце вядомы тэлежурналіст сумясціў з пошукам новых талентаў: сёлета кіраўніцтва ТРА задумала ўзнагародзіць спецыяльным прызам уласнага фаварыта.
На жаль, былі сярод арганізацыйных метамарфоз і не вельмі прыемныя. Нават хутчэй тэхнічныя накладкі, якія перыядычна здараюцца на кожным мерапрыемстве. З-за дрэннага самаадчування да брэсцкай чырвонай дарожкі так і не даехаў “таварыш Сухаў” – Анатоль Кузняцоў. Пастаянны госць Ігар Угольнікаў у гэты раз таксама не быў заўважаны сярод знакамітасцей.
Кампенсавала гэта вельмі цёплае прывітанне аднаго з самых узроставых айчынных артыстаў – Генадзя Гарбука. Публіка не шкадавала апладысментаў і для Вольгі Астравумавай, а тая ў адказ не хавала захаплення Брэстам і шчыра дзякавала арганізатарам за запрашэнне. У Валерыі Гушчынай, дырэктара гільдыі акцёраў кіно Расіі, тут увогуле збылася юнацкая мара. Яшчэ ў 16-гадовым узросце яна пазнаёмілася з творамі Васіля Быкава і з таго часу хацела пабываць у Брэсцкай крэпасці.
Трэба думаць, здзейсніліся мары і самых маленькіх гледачоў сёлетняга фестывалю: ім паказалі лепшыя анімацыйныя фільмы, створаныя студыяй “Беларусьфільм” за апошнія два гады. Шчыра кажучы, анімацыя, якая па праву лічыцца моцным звяном айчыннай кінаіндустрыі, парадавала не толькі дзетак. Работы з цыкла “Казкі старога піяніна”, заснаваныя на творчасці вядомых кампазітараў, прыйшліся даспадобы і дарослым гледачам. Увогуле ж, падобная творчасць зусім не мае ўзросту. Сёлета ў фестывальнай афішы цыкл быў прадстаўлены неверагоднай прыгажосці фільмам “Чацвёрты апельсін. Сяргей Пракоф’еў” рэжысёра Юліі Цітовай. Ён, дарэчы, і забраў адзін з галоўных прызоў форуму.
На “ўра” прынялі маленькія гарэзы і новую спробу аніматара Аляксандра Ленкіна – мультфільм “Дзед” паводле народнага падання. Ды не менш спадабаўся хлопчыкам і дзяўчынкам сам аўтар, які прадставіўся капрызнай у прамым сэнсе гэтага слова публіцы добрым чараўніком. Пасля знаёмства з ягонай свежанькай работай, адзначанай трэцім прызам на Міжнародным кінафестывалі “Залаты Віцязь”, не засталося ні кроплі сумненняў у тым, што гэта сапраўды так.
Цікавай членам журы падалася стужка “Ясны сокал” Ірыны Ка-дзюковай. Кінаманы, пэўна, памятаюць яе “Старажытную аповесць аб жыцці і смерці, і каханні, і іншых цудах”. На мінулым фестывалі стужка перамагла ў намінацыі “За арыгінальны аўтарскі погляд і лепшае выяўленчае вырашэнне”. Майстрыца фарбаў і пэндзліка аказалася стабільна арыгінальнай. Больш таго, Ірына Кадзюкова прыклала руку да яшчэ адной конкурснай работы – дакументальнага фільма “Маляваны рай” Галіны Адамовіч, дзе дапамагла рэжысёру стварыць унікальны свет мастачкі Алены Кіш.
Карацей кажучы, прапанаваную анімацыйную праграму без перабольшанняў можна назваць вельмі і вельмі ўдалай. Адзіны “мінус”: сёлета яна атрымалася даволі кароткай. Толькі шэсць стужак спрачаліся за права звацца лепшымі, а фактычна ўсе яны годныя гэтага тытулу. Да таго ж, па словах згаданага ўжо Аляксандра Ленкіна, беларускія аніматары за акрэслены перыяд наздымалі ўдвая больш. Дык чаму ж не трапілі ў конкурс іншыя работы? Пэўна, гэтаму таксама ёсць сваё лагічнае тлумачэнне. Ці апраўданне…
Самым яркім момантам фестывалю, як і меркавалася, стаў майстар-клас ад сапраўднага грамадзяніна кінематаграфічнага свету – сцэнарыста і рэжысёра Іраклія Квірыкадзэ. Старшыня брэсцкага кінафоруму Аляксандр Яфрэмаў, знаёмячы з грузінскім калегам, трапна заўважыў: “Калі ёсць абсалютнае ўвасабленне кінематаграфічнай дасканаласці, дык яно перад вамі. Гэты чалавек жыве кіно, любіць кіно і стварае кіно так, як усе астатнія маглі б пазайздросціць”.
Абаяльны педагог у імгненне заваражыў аўдыторыю жыццёвымі гісторыямі, поўнымі шчырых эмоцый. Расказаў пра дзяцінства ў грузінскім Кутаісі, пра тое, як артысты мясцовага тэатра прываблівалі да сябе гледачоў, пра “мядзведжы” дэбют на сцэне свайго дзядзькі. Заклікаў шукаць фантастычнае ў цалкам звычайных рэчах, бо наша жыццё скрозь насычана грандыёзнымі падзеямі і ў кожнай з іх ёсць зерне драматургіі. Пад заслону сустрэчы прысутныя паглядзелі дэбютны фільм шаноўнага госця “Збан”. Па іроніі лёсу стужка, якая была па сутнасці дыпломнай работай студэнта Квірыкадзэ, сваю першую ўзнагароду ў далёкім 1970-м здабыла менавіта ў Беларусі. Тады, прызнаецца масціты кіношнік, ён упершыню адчуў сябе творцам.
Вось і надышла чарга раскрыць ужо праанансаваную фінальную інтрыгу. Гран-пры 8-га па ліку фестывалю журы вырашыла прысудзіць дакументальнай стужцы Міхаіла Жданоўскага “Дрысвяты. Песня і лёс”. Аж у трох намінацыях (за лепшае гукавое і музычнае вырашэнне, а таксама – работу мастака па касцюмах) не знайшлося роўных першаму беларускаму фільму жахаў “Масакра” Андрэя Кудзіненкі. У лідарах па колькасці трафеяў – і стужка “На ростанях” Віталя Дудзіна: крыштальныя статуэткі з выявай бусла за лепшыя жаночую і мужчынскую ролі дасталіся акцёрскаму дуэту Вераніка Пляшкевіч і Руслан Чарнецкі. Шчыра кажучы, трошкі крыўдна за “Адзінокі востраў” Пеэтэра Сіма, які здаваўся найбольш відавочным прэтэндэнтам на гран-пры. Ды і фестывальны лёс у яго складваўся даволі добра – стужку цёпла прымалі як крытыкі, так і звычайная публіка. Напрыклад, з нядаўняга “Кінашоку” ў Анапе фільм прывёз узнагароду “За лепшы сцэнарый”. А вось на брэсцкім кінафоруме члены журы вырашылі не прысуджаць прыз у аналагічнай намінацыі. Чаму – чарговая загадка. Ці зноў інтрыга? Тым не менш, версія з вуснаў кіназнаўцаў пра “дзіравы” сцэнарны партфель айчыннага сінематографа прагучала досыць рэалістычна. У прынцыпе, тыя, хто ведае індустрыю знутры, сапраўды, маюць рацыю.
Закрываючы фестываль, удзельнікі канстатавалі: у цэлым ён атрымаўся. Сэнс форуму, на думку арганізатараў, не ў чырвонай дарожцы і нават не ў магчымасці абмяняцца вопытам. Галоўным было засведчыць тое, што нацыянальны кінематограф усё яшчэ жывы. Уздыхнуў з палёгкай і Леанід Паўлючык: страшныя апаскі наконт руінаў беларускага кіно, на шчасце, не спраўдзіліся.
– Хоць нацыянальны кінематограф і перажывае шэраг праблем ды цяжкасцей, затое ў ім з’явілася цэлая плеяда маладых таленавітых акцёраў, – дадаў старшыня журы. – Радуе і наяўнасць сумесных праектаў, кшталту карціны “Адзінокі востраў”. Гэта значыць, студыя “Беларусьфільм” перастае боўтацца ў сваім соку і інтэгруе ў еўрапейскае кіно. Дакументалістыка ў Беларусі традыцыйна даволі моцная, але засмучае недахоп у ёй публіцыстычных работ, заснаваных на нейкіх надзённых клопатах. Аднак складваецца агульнае ўражанне, што крок за крокам айчынная кінаіндустрыя развіваецца і набірае моц.
Нельга не згадзіцца, бо цяжкасці, праблемы і недахопы могуць стаць выдатным стымулам, каб дыхаць лягчэй. Асабліва калі гаворка ідзе пра кінематограф. А ён і сапраўды – усё яшчэ жывы…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
ПЕРАМОЖЦЫ ФЕСТЫВАЛЮ
Гран-пры (прыз за лепшы фільм) – “Дрысвяты. Песня і лёс”, рэжысёр Міхаіл Жданоўскі.
Лепшая рэжысура – Аляксандр Яфрэмаў, тэлесерыял “Немец”.
Лепшая рэжысура (дакументальны фільм) – Віктар Аслюк, фільм “Цяпло”.
Лепшы ігравы фільм – “Адзінокі востраў”, рэжысёр Пеэтэр Сім.
Лепшы тэлевізійны ігравы фільм (серыял) – “Усё, што нам трэба…”, рэжысёр Іван Паўлаў.
Лепшы дакументальны фільм – “Апошні ліст”, рэжысёр Тарас Вашчанка.
Лепшы анімацыйны фільм – “Чацвёрты апельсін. Сяргей Пракоф’еў”, рэжысёр Юлія Цітова.
Лепшая мужчынская роля – Руслан Чарнецкі, фільм “На ростанях”.
Лепшая жаночая роля – Вераніка Пляшкевіч, фільм “На ростанях”.
Лепшы дэбют у кінарэжысуры імя народнага артыста СССР, кінарэжысёра Віктара Турава – Алена Чэкіна, фільм “Мільянер”.
Лепшая студэнцкая работа “Момант ісціны” імя народнага артыста Беларусі, кінарэжысёра Міхаіла Пташука – Аляксей Макарэнка, фільм “Крыло матылька”.
Лепшая аператарская работа імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кінарэжысёра, кінааператара Юрыя Марухіна – Вадзім Пацееў, фільм “Адзінокі востраў”.
Прыз “За выдатнае ўвасабленне нацыянальнага характару і вялікі ўклад у развіццё беларускага кінематографа” – народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук.
Спецыяльны прыз Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы – фільм “Мінск” з цыкла “Гарады-героі”, рэжысёр Ілья Баранаў.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.