Беларусь

  • Главная
  • Рэха падзеі
  • За дзве гадзіны апошняй у 2011 годзе “прамой лініі” задаць кіраўніку Брэстчыны пытанні змаглі 39 жыхароў вобласці

За дзве гадзіны апошняй у 2011 годзе “прамой лініі” задаць кіраўніку Брэстчыны пытанні змаглі 39 жыхароў вобласці


– Канстанцін Андрэевіч?
– Так, слухаю Вас…
З такога дыялогу пачыналіся амаль што ўсе тэлефонныя размовы старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара з абанентамі, якім напрыканцы 2011 года ўдалося дазваніцца на “прамую лінію”. У галасах многіх адчувалася хваляванне – не кожны ж дзень з першай асобай у вобласці гаворыш… Але супакойваючыя інтанацыі ў голасе кіраўніка рэгіёна, напэўна, надавалі смеласці субяседніку на другім канцы проваду, і чалавек гаварыў смялей, дакладней выказваў ці то просьбу, ці скаргу, ці падзяку. Дарэчы, апошніх на “прамой лініі” ў гэты раз было шмат, як і пераднавагодніх віншаванняў. І хоць свята стаяла ўжо на парозе, ды справы надзённыя вымушалі не толькі слухаць, але каменціраваць, даваць рэкамендацыі і даручэнні. Такое правіла – кожны зварот па тэлефоне на “прамыя лініі” рэгіструецца і бярэцца на кантроль гэтак жа, як і звароты падчас асабістага прыёму.
Сур’ёзны падыход паспелі ўжо ацаніць людзі, а таму і тэлефанаванняў паўторных стала болей. Ды не таму, што пытанне не вырашана, а таму што ўзнікла новае.
“Прамая лінія” – гэта сувязь з людзьмі. На думку старшыні аблвыканкама, яны падказваюць, як справы ў раёнах вобласці, як працуе мясцовая ўлада. І хоць вялікіх прэтэнзій да ўлад не выказваюць апошнім часам, але пытанні да канкрэтных службаў, арганізацый, устаноў усё ж застаюцца.
– Пытанні, якія тычацца людзей, дробязнымі не бываюць, – падкрэсліў Канстанцін Сумар, каменціруючы вынікі апошняй у 2011 годзе тэлефоннай сувязі з народам.
На гэты раз самымі папулярнымі былі жыллёвыя пытанні і рамонту жылога фонду. Прынамсі, 39 узнятых праблем за дзве гадзіны ахапілі самыя розныя сферы жыцця: ад будаўніцтва дарог да работы праваахоўных органаў, ад забеспячэння пенсіянераў таварамі па зніжаных цэнах да крэдытавання жыллёвага будаўніцтва.
– Наша задача – людзям дапамагаць, – заўважыў Канстанцін Андрэевіч і пацвердзіў, што практыка “прамых ліній” будзе прадоўжана і ў 2012 годзе.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля