Несакрэтныя сакрэты
ПАКЛАПОЦІМСЯ ПРА РАСАДУ
Сакавік, практычна кожная яго пяцідзёнка, – самы аптымальны час для высеву насення многіх культур агародніны на расаду.
Так, калі ў вас ёсць цяплічкі, цёплыя парнікі на біяпаліве ці ўцепленая глеба пад плёнкай, дык ужо ў першай дэкадзе трэба высеяць на расаду насенне перцу, памідораў, баклажанаў. У другой пяцідзёнцы сакавіка высяваюць на расаду цыбулю-чарнушку паўвострых і салодкіх гатункаў. Гэту расаду можна будзе потым вырошчваць у адкрытай глебе. У трэцяй пяцідзёнцы высяваюць на расаду насенне ранніх гатункаў белакачаннай, каляровай, чырвонакачаннай, савойскай, брусельскай капусты, а таксама кальрабі і браколі.
У чацвёртай пяцідзёнцы наступае чарга радыскі, салаты, кропу, цыбулі на зяленіва. У гэты ж час высяваюць на расаду для адкрытай глебы пад плёнкай памідоры і агуркі. Каб яна была вынослівай, насенне намочваюць і набухлае 2 – 3 сутак вытрымліваюць пры 1 – 3 градусах марозу.
За расадай усіх відаў агародніны наладжваюць пастаянны догляд, своечасова праводзяць яе пікіроўку, паліў і падкормку.
У канцы сакавіка, калі ёсць клубні ранняспелых гатункаў бульбы, іх закладваюць на яравізацыю (прарошчванне). Для гэтага выбіраюць здаровыя клубні вагой 80-100 г і раскладваюць на падлозе ці на стэлажах слоем у два-тры клубні ў светлым памяшканні з тэмпературай паветра 10 – 15 градусаў цяпла. Белыя парасткі, якія ўтварыліся пры зімовым захоўванні, неабходна абламаць.
НЕСАКРЭТНЫЯ САКРЭТЫ
Каб захаваць бляск скуранога абутку і зберагчы ад трэшчын, працірайце яго алеем.
Плашч, які доўга праляжаў у складзеным выглядзе і пакамячыўся, прасаваць цяжка. Прасцей пакінуць яго на некаторы час у гарачай вадзе, а затым прасушыць на вешалцы.
Засохлы сыр зноў стане мяккім, калі паляжыць некаторы час у малацэ.
Рыс атрымаецца белым і смачным, калі пры варцы ў ваду дабавіць крышку воцату.
Малако не збяжыць, калі па краях змазаць каструлю сметанковым маслам.
Каб пазбавіцца ад накіпу ў чайніку, можна пакласці ў яго скурку лімона, заліць вадой і давесці да кіпення.
Іржа з паліраванай паверхні праса знікне, калі нацерці яе палавінкай цыбуліны.
Каб захаваць смак і спажыўную каштоўнасць, замарожаную агародніну не размарожвайце, а адразу апускайце ў кіпень.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.