Парады дачнікам
Прадстаўнікі старэйшага пакалення, напэўна, помняць такія словы папулярнай некалі песні: «В мае все случается, в мае сердце мается…».
Апошні веснавы месяц сапраўды багаты на сюрпрызы, у тым ліку і для ўладальнікаў дачных і прысядзібных участкаў. То засушыць можа надоўга, то дажджы зачасцяць, то мароз па квітнеючым садзе ўдарыць… Таму не варта чакаць падарункаў ад прыроды, а лепш загадзя падрыхтавацца да капрызаў надвор’я. А дамавічок Антось параіць, дапаможа, падкажа, як паклапаціцца аб будучым ураджаі яшчэ ў маі. Сёння ён выступае ў ролі…
…навасёла
Пераезд – не пажар
Напэўна, хоць аднойчы ў жыцці кожнаму чалавеку давялося пераязджаць на новую кватэру. Як пры гэтым пазбегнуць стрэсаў?
Не шкадуйце часу на ўпакоўку крохкіх і ломкіх рэчаў. Талеркі стаўце на бок – так яны больш устойлівыя да ўдараў.
Пустыя месцы ў каробках запаўняйце скамечанымі газетамі, гэта дазволіць зафіксаваць стан крохкіх прадметаў.
Не забудзьце на кожную каробку наклеіць паперку з указаннем таго, што вы ў яе змясцілі.
Апошнімі ўкладвайце рэчы, якія спатрэбяцца ў першую чаргу: 2-3 каструлі, соль, цукар, тазік, сталовыя прыборы, якімі вы карыстаецеся кожны дзень, пасцельныя рэчы, ручнікі, туалетныя прылады.
Размяшчайце гатовыя да пагрузкі прадметы і каробкі як мага бліжэй да дзвярэй – гэта спросціць і паскорыць працэс пагрузкі.
..агародніка
“Пачастуйце” мядзведку квасам
Горкая радыска нікому не падабаецца. Таму не лянуйцеся яе паліваць кожны дзень. А яшчэ лепш – два-тры разы на дзень. Гарантуем: горкай яна не будзе!
Капусту добра апрацоўваць драўняным попелам. Шкоднікі вельмі ж яго не любяць. А лісточкі ў нашай капусты будуць зялёнымі і вялікімі. Рабіць гэта трэба перыядычна. Можна чаргаваць попел з тытунём.
Добры сродак для догляду за часнаком – звычайная салёная вада. Разводзім адну шклянку солі ў 10-літровым вядры вады. Паліваем двойчы за сезон. Галоўкі часнаку тады вырастуць вялікімі і не будуць жаўцець. Праверана!
Надакучыла мядзведка? Зрабіце на яе засаду. Вазьміце 3-літровы слоік, закапайце паміж градкамі, але так, каб горлачка выглядвала наружу, і наліце невялікую колькасць хлебнага квасу. Мядзведка адчуе пах квасу і залезе ў слоік, а вылезці ўжо не здолее.
…садоўніка
Яшчэ не восень…
Вы марыце пасадзіць на сваім прысядзібным участку вечназялёныя туі. Але хочаць ведаць: ці можна гэта рабіць вясной?
Не хвалюйцеся: аптымальны тэрмін пасадкі гэтага прыгожага дрэва прыпадае на красавік-май. Як паказвае практыка, у нашых умовах восенню садзіць туі немэтазгодна, бо каля 60 працэнтаў іх гіне. Паўднёвыя дрэўцы проста не паспяваюць пайсці на спачын, імкнучыся аднавіць пашкоджаную кораневую сістэму. Вынік – вымярзанне пасадак зімой.
…спажыўца
Фірменнае мыла: ці варта плаціць больш?
Вялікі асартымент мыла на прылаўках магазінаў уражвае. Але яшчэ больш уражвае разбежка цэн на яго. У чым розніца і ці варта плаціць больш?
Чым таннейшае мыла, тым вышэйшая ў ім канцэнтрацыя шчолачы. Вытворцы дарагіх сродкаў нейтралізуюць шкоднае ўздзеянне шчолачы з дапамогай тлустых кіслот. Аднак варта помніць і аб тым, што, купляючы фірменнае мыла, вы даволі вялікі працэнт цаны аддаеце проста за «фірму» ці прозвішча дызайнера. У любым выпадку мыла дапамагае змыць бруд, вось толькі яго нельга выкарыстоўваць для штодзённага догляду за скурай не толькі твару, але і рук. Усе карысныя дабаўкі, якімі вытворцы напаўняюць мыла, проста не паспяваюць падзейнічаць, бо мыла мы змываем адразу ж. Шчолач жа, наадварот, падзейнічаць паспявае. Таму практычна ўсе дабаўкі, якія рэкламуюцца, – гэта не больш чым маркетынгавы ход. Мыла (любое!) проціпаказана сухой, пашкоджанай ці старэючай скуры. А пасля кожнага выкарыстання мыла касметолагі рэкамендуюць прымяняць увільгатняючы крэм.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.