Адмаўляючыся ад чытання, людзі губляюць надзейнага сябра…

Адмаўляючыся ад чытання, людзі губляюць надзейнага сябра…

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Адмаўляючыся ад чытання, людзі губляюць надзейнага сябра – кнігу
У чароўны свет кнігі мы трапляем яшчэ зусім маленькімі, калі просім бабулю ці матулю пачытаць нам казкі. З паліцы на нас глядзіць яркая, прыгожая, з мноствам ілюстрацый кніга, і мы заціхаем у чаканні новай цікавай гісторыі. Што сёння здарыцца з любімым казачным героем? Разам з вынаходлівым Іванам змагаемся з Кашчэем, дапамагаем добрай Алёнцы вызваліць малодшага брата ад Бабы-Ягі, падарожнічаем з Аладзінам на дыване-самалёце…
У школе нас сустракае буквар. Менавіта з яго дапамогай мы вучымся чытаць. Цяпер не будзем надакучаць бацькам – з новай кнігай пазнаёмімся самі. Дзівімся сіле рускіх волатаў, нас захапляюць незабыўныя вандроўкі і прыгоды герояў кніг Янкі Маўра. Дзяўчынкі мараць мець такую сяброўку, як Дзінка з твора Валянціны Асеевай. Такую ж сапраўдную, сумленную, верную. Упершыню “Маленькі прынц” Экзюперы прымушае задумацца над сэнсам жыцця, над тым, што такое дабро і зло, адданасць і здрада. З прыгажосцю матчынай мовы знаёмімся, калі чытаем паэтычныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы…
Любоў да чытання, якая зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, здавалася б, з кожным годам павінна толькі мацнець. Але сёння не ў кожнага любімых твораў і герояў становіцца ўсё больш і больш. Кніга з цягам часу чамусьці перастае быць сябрам, памочнікам і дарадцай. Яна ўжо не ўсякі раз з намі ў вольны час, калі адпачываем, падарожнічаем. Мае равеснікі ўпарта губляюць інтарэс да чытання. Ці то падбор твораў у вучэбнай праграме наганяе тугу і адбівае ахвоту да кніг, ці то чытанне ўспрымаецца маладымі як нейкі атавізм, нямодны і несучасны прадукт.
Я не разумею тых, хто добраахвотна пакідае цудоўны свет кнігі, хто не спрабуе нават даведацца, чаму розныя людзі ў розныя часы прыходзяць у захапленне ад “Вайны і міру” Льва Талстога ці чаму зачароўвае людзей і сёння лірыка Аляксандра Пушкіна, Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай… Жыццё, якое мы не бачылі, але якім жылі нашы продкі, можна знайсці ў творах Івана Мележа. Для мяне ягоны раман “Людзі на балоце” адметны тым, што дзеянні ў ім адбываюцца на Палессі – краі, дзе я нарадзілася і дзе прайшло маё дзяцінства. Добра ведаю традыцыі, абрады палешукоў, але, дзякуючы твору, я змагла паглыбіць веды, звязаныя з гісторыяй палескага краю, з жыццём і культурай сваіх продкаў.
Кнігі робяць сэрца вялікім і любячым. Яны вучаць адчуваць і думаць, суперажываць і марыць, быць цвёрдым і мяккім адначасова. Яны даюць нам патрэбныя веды, дапамагаюць стаць дабрэй, чысцей, чалавечней. З іх дапамогай развіваюцца фантазія і мысленне, пашыраецца кругагляд.
Нельга здраджваць свайму вернаму сябру. Так хочацца, каб як мага хутчэй мы адкрылі для сябе цудоўны свет кнігі наноў!
Дар’я НІКАНЧУК,
вучаніца СШ №1,
г. Жабінка.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Сярод дыпламантаў конкурсу эсэ акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь – брастаўчане

Следующая запись

Падтрымаем дабрачынную акцыю “Фота на памяць”