Беларусь

Інспектары па справах непаўналетніх паганялі мяч са школьнікамі


Забраць з вуліцы падлеткаў з катэгорыі “цяжкіх” часам вельмі няпроста. Нібыта магнітам, яна прыцягвае праблемных дзяцей да сябе. А калі бязмэтнае блуканне па дварах і вуліцах надакучвае, дык падлеткаў клічуць крымінальныя “подзвігі”. Каб гэтага не здарылася, ужо не першы год аб’ядноўваюць намаганні ў прафілактыцы дзіцячых правапарушэнняў інспекцыя па справах непаўналетніх Маскоўскага РАУС г. Брэста і раённы камітэт ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Напрыклад, за ўсімі падлеткамі, якія знахо-дзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, замацаваны грамадскія выхавальнікі – актывісты БРСМ. Маладзёжная суполка і праваахоўныя органы ладзяць для гэтых дзяцей розныя мерапрыемствы, у тым ліку і спартыўныя.
З нагоды Алімпіяды ў Сочы нядаўна правялі турнір, да ўдзелу ў якім запрасілі цяжкіх падлеткаў і іх равеснікаў, у якіх праблем з міліцыяй няма. Інспектары ІСН таксама далучыліся да спартыўных спаборніцтваў. І нічога, што гулялі ў міні-футбол, а не ў якую зімовую гульню, галоўнае – спорт аб’яднаў дзяцей і дарослых, стаў яскравым прыкладам таго, што інтарэсы ў іх могуць быць узаемнымі.
Школьнікі вельмі стараліся не саступіць праціўнікам, а таму ўсе гульні турніру атрымаліся цікавымі. Праўда, на гэты раз усё ж перамог вопыт – першае месца заваявала каманда інспектараў па справах непаўналетніх. “Серабро” – у  юных футбалістаў сярэдняй школы №28, а “бронза” – у каманды падлеткаў, што знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі.
– Мы абавязкова арганізуем яшчэ не адно сумеснае спартыўнае мерапрыемства, – упэўнены першы сакратар Маскоўскага РК БРСМ Дзяніс Сілівонік і маёр міліцыі Андрэй Дзярдзюк. – Разлічваем на падтрымку нашых падлеткаў.
Уладзіслаў БОНДАР,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля