Як стаць крылатым, або Не бойцеся марыць!
“Акрыленых шмат, крылатых мала”, – сцвярджаў Барыс Крутыер. Каб з’явіліся мары, не абавязкова быць летуценнікам. У любога можа быць запаветная мара, да ажыццяўлення якой чалавек хоць бы ледзь-ледзь ды павінен імкнуцца. Толькі так з’явіцца шанс стаць крылатым. Летуценні могуць завесці нас вельмі далёка, а могуць і пакінуць на ранейшым месцы. Калі чалавек настойлівы, то мара прывядзе яго да вынікаў, якіх ён чакае. Усяго толькі і трэба –
адчуць сваю мару, злавіць яе за “хвост” і смела адпраўляцца за ёю следам. Менавіта так і зрабіў малады брастаўчанін Улад Пенюк. Ён з дзяцінства марыў стаць вядомым відэографам, работы якога карысталіся б вялікім поспехам.
– Мая мара ўзнікла выпадкова, – успамінае цяпер ужо студэнт Улад Пенюк. – Аднойчы я ўбачыў работу Аляксандра Знахарчука, заснавальніка і аператара відэакампаніі “МАНГУСТЫ ТВ”. Гэта было вясельнае відэа, знятае ў Брэсце на вуліцы Савецкай. Мне вельмі спадабалася здымка, задумка, ідэя, і я падумаў: “Вось бы з ім разам здымаць”. Потым зразумеў, што гэта проста мара, якая наўрад ці ажыццявіцца. Таму проста здымаў далей – здымаў, як умеў. Дзесьці глядзеў відэаўрокі, нешта чытаў…
Ні адзін школьны канцэрт не абыходзіўся без
удзелу Улада і яго відэакамеры. На гарадскіх мерапрыемствах юнак таксама стаў частым госцем. Хлопец здымаў, манціраваў відэасюжэты і выстаўляў іх у інтэрнэце. Дзякуючы сусветнай павуціне, відэатворчасць маладога чалавека аднойчы заўважыў той самы Аляксандр Знахарчук. Заснавальнік відэакампаніі “МАНГУСТЫ ТВ” пазнаёміўся з Уладам праз інтэрнэт. Аляксандр напісаў: “Я бачу, што ў цябе ёсць вялікае жаданне ствараць. Такія людзі, як ты, калі не перагараць, дасягаюць шмат чаго”. Аляксандр прапанаваў хлопцу наведаць яго курсы. Цяпер берасцеец Улад Пенюк з’яўляецца вучнем-аператарам відэакампаніі “МАНГУСТЫ ТВ”, шырока вядомай нават за межамі нашай краіны.
Відэаработы першакурсніка БрДТУ сталі папулярнымі. Некаторыя кліпы транслююцца на тэлеканале АНТ у праграме “Наша раніца”. Улад здымаў відэаролік пра беларускую прыроду да музычнай кампазіцыі “REMEMBER” Аляксандра Галузія…
– Мне падабаецца тое, чым я займаюся, – гаворыць Улад. – Мару паездзіць па свеце і здзівіць свет. Імкнуцца да сваёй мары ці не?
Пасля знаёмства з Уладам Пенюком яшчэ больш упэўнілася: нашы мары прывядуць нас да чагосьці. Абавязкова прывядуць!
Ганна ДРАГАН,
вучаніца СШ №12 г. Брэста.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.