Свет, які завецца “Верасок”
Літаратурнае аб’яднанне дапамагае школьнікам Ганцаўшчыны зрабіць першыя крокі па ўнікальнай дарозе паэзіі і прозы ў краіну творчасці
Яшчэ летась я пачала наведваць узорнае літаратурнае аб’яднанне “Верасок” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. З таго часу маё жыццё змянілася: сустрэчы з цікавымі людзьмі, магчымасць друкавацца ў розных газетах, літаратурныя конкурсы, мерапрыемствы. “Верасок” бліжэй пазнаёміў мяне з паэтамі-землякамі, дапамог шчыра палюбіць роднае слова. Я ўпэўнена, што “Верасок” – гэта дзіўны свет, дзверы ў які шырока адчынены для тых, хто выказвае свае пачуцці з дапамогай пяра і паперы.
Сваё жыццё літаратурнае аб’яднанне “Верасок” пачало ў 1978 годзе ў вёсцы Востраў. Ініцыятарам яго стварэння была Вера Паляшчук. Да апошніх дзён свайго жыцця Вера Уладзіміраўна, выдатнік народнай адукацыі БССР, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, ветэран працы, была адданая літаратурнаму аб’яднанню.
Сёння “Верасок” – калектыў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дзень за днём авалодваюць майстэрствам моўнага апісання навакольнага свету. Вершы, замалёўкі, апавяданні, казкі – у якіх толькі жанрах не пішуць “вераскоўцы”! І тэмы не менш разнастайныя: любоў да малой радзімы, здзіўленне з’явамі прыроды і, безумоўна, родныя і блізкія людзі, якія заўсёды будуць побач.
Штогод “Верасок” робіць новыя адкрыцці і ўзыходзіць на новыя літаратурныя вяршыні. Незабыўным для гурткоўцаў стала знаёмства з сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам. Былі сустрэчы з Аляксеем Галаскокам, Нінай Кавальчук, Алесем Каско, Ірынай Рудкоўскай (сястрой Міхася Рудкоўскага). Убачыў свет зборнік вершаў юных паэтаў “Галасы”. У госці да юных талентаў завітаў знакаміты берасцейскі паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч са сваёй праграмай “Край”. “Вераскоўцы” друкаваліся і друкуюцца на старонках раённай газеты “Савецкае Палессе”, абласной “Народная трыбуна”, рэспубліканскай дзіцячай “Зорька”.
Юныя аматары літаратурнага слова прымаюць удзел у розных конкурсах. І не застаюцца без узнагарод! У намінацыі “Літаратурныя аб’яднанні” апошняга абласнога конкурсу “Брэсцкі рупар” Паліна Купрэвіч была ўзнагароджана дыпломам II ступені. Яўгенія Пракапчук заняла 3-е месца ў конкурсе “Моладзь і дзеці ў гады Другой сусветнай вайны” (намінацыя “Літаратурнае эсэ. Верш”), а Ягор Муха стаў пераможцам конкурсу “Я складаю казку”…
“Верасок” вылучаецца творчай энергіяй. Тут любяць прыдумваць нешта новае. Напрыклад, удзельнікі літаратурнага аб’яднання распачалі работу па стварэнні ўласнага лялечнага тэатра. У яго праграме – пастаноўкі паводле твораў, напісаных “вераскоўцамі”, а таксама дзіцячымі пісьменнікамі Ганцаўшчыны.
У народзе кажуць: па працы – і пашана. Напачатку навучальнага года аб’яднанне атрымала шыкоўны падарунак ад раённага аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама – камп’ютар і прынтар. Сучасная тэхніка дазволіць падняць выдавецкую работу на больш высокі ўзровень, дапаможа цікава і змястоўна праводзіць як звычайныя заняткі, так і святочныя мерапрыемствы.
“Верасок” – гэта месца, дзе таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі маляўнічага і песеннага краю робяць першыя крокі ў вялікую літаратуру. Дапамагае ім у гэтым Галіна Пупач. Яна ўмее знайсці паразуменне з юнымі талентамі. Можа, таму ў “Верасок” ходзяць ахвотна і з радасцю.
Кацярына РУТКОЎСКАЯ,
удзельніца літаб’яднання
“Верасок”,
Ганцавіцкі раён.
Фота з архіва літаб’яднання.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.