У гімназіі №2 г. Брэста прайшла ўрачыстая цырымонія пасвячэння пяцікласнікаў у гімназісты
Віноўнікі ўрачыстасці ў суправаджэнні класных кіраўнікоў пад бурныя апладысменты з’явіліся ў зале, і тут жа ў іх выкананні прагучаў гімн гімназіі. Каб даведацца, з якой нагоды сабраліся пяцікласнікі, у залу спусціліся з Алімпа бог багоў Зеўс і Багіня ведаў. Даведаўшыся, што дзеці збіраюцца стаць гімназістамі, яны вырашылі пацікавіцца: а хто гэта такія?
На дапамогу будучым гімназістам прыйшлі іх старэйшыя таварышы з шостых класаў, якія з дапамогай вясёлай сцэнкі паказалі і растлумачылі міфічным гасцям, якім павінен быць навучэнец гімназіі. Затым узялі слова старажытнагрэчаскія музы. Убачыўшы жыццярадасную сцэнку шасцікласнікаў, яны вырашылі праверыць, ці гатовы вучні пятых класаў стаць гімназістамі. І кожная падрыхтавала сваё выпрабаванне.
Еўпатра, лірычнай песні апякунка, “экзаменавала” вучняў 5-га “А” , і яны яе не расчаравалі, праявіўшы сябе як дружны, згуртаваны і самы музычны клас. Разам са сваім класным кіраўніком, Наталляй Уладзіміраўнай Пыцель, дзеці выйшлі на сцэну, напяваючы вясёлую песню. Затым Наталля Уладзіміраўна сольна выканала музычную кампазіцыю. Таксама цудоўны сольны нумар прадэманстравала пяцікласніца Вольга Чмель. Акрамя гэтага, школьнікі дэкламавалі вершы, ігралі на фартэпіяна.
У зале з’явілася муза гісторыі Кліа, якой захацелася ўбачыць, што ж падрыхтавалі вучні 5 “Б” класа са сваім класным кіраўніком Святланай Іванаўнай Кныш. Сапраўдным сюрпрызам стала з’яўленне на сцэне герояў твора А.С. Пушкіна “Казка пра цара Салтана”. Ткачыха з паварыхай, са сваццяй бабай Бабарыхай, не рашаючыся адправіць цара Салтана вучыцца ў 5-ы “Б”, вырашылі ўчыніць выпрабаванні дзецям. Пяцікласнікі цудоўна з імі справіліся. Маша Валашчук, Маша Гасюк, Марына Дзенісюк, Ліліяна Кныш, Карына Сыч і Алег Басалай праявілі сябе ў танцы. Паліна Кандрацюк, выканаўшы песню “Неба”, падарыла гледачам сваё ўнікальнае вакальнае дараванне.
Трэцяй у зале з’явілася Церпсіхора, муза танца. Яна блаславіла 5 “В” клас і іх класнага кіраўніка Ірыну Альгісаўну Мартынюк на пераадоленне нялёгкага выпрабавання. Дзеці падрыхтавалі гімназічныя навіны, здзівілі гледачоў яркім танцам. Парадавалі незвычайнымі галасамі Вераніка Радзівончык, Вераніка Целянкевіч і Соф’я Васілеўская. Таксама 5-ты “В” праявіў сябе як самы спартыўны клас, прадэманстраваўшы ўсім цудоўную фізічную форму і гімнастычныя трукі.
Вось так пяцікласнікі даказалі, што яны гатовы стаць гімназістамі. Для іх запалілі доўгачаканы агонь ведаў, якім богі адарылі класных кіраўнікоў. Прэзідэнт Рэспублікі Дзяцінства, вучань 10 класа Раман Шадрын, пазнаёміў пяцікласнікаў з “Кодэксам гімназіста”, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Анатольеўна Каліноўская ўручыла ім спецыяльныя пасведчанні гімназістаў. Пяцікласнікі сталі членамі вялікай дружнай сям’і, у якой шмат таленавітых, крэатыўных, разумных і вясёлых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Уладзіслаў БОНДАР,
вучань гімназіі №2
г. Брэста.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.