Беларусь

Быццам жаніх і нявеста…


Радасна ўсміхаліся ў дзень залатога вяселля Марыя Паўлаўна і Сямён Нікіфаравіч Бягезы з вёскі Перавое Маларыцкага раёна
Шчаслівыя, узрушаныя, прыгожыя. Рука ў руцэ стаялі яны ў царкве, калі айцец Анатоль служыў у гонар юбіляраў святочны малебен і віншаваў іх з залатым вяселлем, а як мовіў ім “горка”, – нібы падлеткі, пачырванелі ды, сумеўшыся, пацалаваліся. І няхай не было ў тым пацалунку страсці, як 50 гадоў таму, затое засталіся пяшчота, цеплыня і павага, з якімі яны пражылі разам паўвека.
А дома іх чакалі, нібы сапраўдных жаніха і нявесту. З падарункамі і кветкамі самых любых-дарагіх прыйшлі павіншаваць з залатым юбілеем сумеснага жыцця пяцёра сыноў з жонкамі, 12 унукаў, родныя і суседзі. Сустракалі “маладых”, як і прынята, шампанскім і хлебам-соллю. Было шумнае застолле з віншавальнымі тостамі і песнямі. А напрыканцы ўрачыстасці падзялілі каравай – шыкоўны торт з Брэста прывёз старэйшы ўнук Вадзім. Усё прайшло годна, прыгожа і па-сямейнаму цёпла.
– А хто быў ініцыятарам правя-дзення ўрачыстасці? – пацікавілася ў Марыі Паўлаўны і Сямёна Нікіфаравіча, калі завітала ў іх дом праз два тыдні пасля вяселля.
– Нявесткі, – з ноткамі гордасці за жонак сваіх сыноў адказала гаспадыня прасторнага дома. – Надзя, Рая, Вольга, Валя і Наташа. Яны для мяне – як дочкі. І падрыхтавалі ўсё. А яшчэ раней, на дзень майго нараджэння, разам з хлопцамі арганізавалі для мяне экскурсію ў мясціны, дзе нарадзілася. Неяк ў размове я прагаварылася, што не была там 45 гадоў, а так хацелася б пабачыць, што зараз на хутары Хваенава – гэта ў пяці кіламетрах ад украінскай вёскі Гута, якая мяжуе з Перавым…
Дзеці ўсё прыгатавалі і на трох аўтамабілях разам з бацькамі накіраваліся на хутар. Па дарозе заехалі ў Гуту, забралі з сабою сясцёр Марыі Паўлаўны. Успамінам тады не было канца.
– І паплакалі, і пасмяяліся ад душы, – расказвала пра тую паездку жанчына.
Успаміналі пра колішняе жыццё, гады маладыя і падчас залатога вяселля. Як пазнаёміліся ў Гуце – тут у хлопца з суседняй беларускай вёскі сястра была замужам. Як пасля вяселле гулялі, як з гасцямі на запрэжаных у сані конях ехалі праз балота ў дом мужа…
– Няўжо ў Перавым не было сваіх прыгажунь? – цікаўлюся ў Сямёна Нікіфаравіча.
– Не прыгажуня славіцца, а хто каму падабаецца, – на поўным сур’ёзе адказвае мужчына.
Вядома ж, у вёсцы было нямала вабных дзяўчат. Магчыма, нехта з іх нават і ўздыхаў па ім. Ды і жылі некаторыя заможней. А яму прыглянулася 18-гадовая Марыя. З ёй і вырашыў звязаць сваё жыццё.
Дзяўчыне таксама спадабаўся хлопец. Але жыла яна вельмі бедна, таму не хацела, каб яе папракалі гэтым, як рабіў муж адной са старэйшых сясцёр. І калі Сямён паклікаў замуж, першай справай сказала яму пра гэта. Для яго ж беднасць дзяўчыны не сталі перашкодай для стварэння сям’і. Яны былі маладыя, здаровыя, кахалі адзін аднаго. А багацце, як вядома, справа нажыўная. Ды і не толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі яно вымяраецца.
З тым і пайшлі разам па жыцці. Працавалі, гадавалі дзяцей. Нібы тыя грыбы-баравічкі, у сям’і Бягезаў адзін за адным нарадзіліся пяцёра сыноў: Валера, Саша, Коля, Віталь і Косця. Магчыма, таму, што бацькі марылі пра дзяўчынку, каб была і матулі памочніца, з малодшым Косцікам выйшаў казус. Калі ён з’явіўся на свет, хтосьці з бальніцы па тэлефоне сказаў Сямёну Нікіфаравічу, што ў яго – дзяўчынка. Калі ж прыехаў праведаць жонку, дык на стэндзе прачытаў, што М.П. Бягеза нарадзіла хлопчыка.
– Ці не цяжка было адной з шасцю мужчынамі ў доме? – пытаюся ў Марыі Паўлаўны.
– Цяжка, – адказала. – Муж працаваў пэўны час у ПМК, дамоў прыязджаў толькі на выхадныя. А на маіх плячах былі і дзеці, і гаспадарка ўласная, і норма ў калгасе. Аднойчы, перад нейкім святам, калі зразумела, што не паспяваю ўсё сама зрабіць, села на табурэтку і заплакала.
Мацярынскія слёзы не засталіся незаўважанымі старэйшым сынам. Валера хуценька сабраў братоў, і разам яны лёгка зрабілі ўсю тую работу, якую не паспявала маці.
Дапамагаюць хлопцы бацькам і зараз. Па першым жа званку спяшаюцца ў родны дом. Віталь з жонкай Валянцінай і трыма дочкамі жывуць бліжэй за іншых – праз некалькі дамоў. Яны для Марыі Паўлаўны і Сямёна Нікіфаравіча – нібы палачка-выручалачка. Пакуль іншыя прыедуць, нехта з іх ужо тут як тут. Недалёка ад бацькоўскага дома абжыліся і іншыя хлопцы. Валера і Саша з сем’ямі – у Арэхаве, Коля – у Дрочаве, Косця – у Мельніках. Кожны з сыноў знайшоў сабе занятак па душы і здольнасцях. Ёсць сярод Бягезаў і будаўнікі, і механізатар, і выратавальнікі.
Цешаць сэрца бабулі і дзядулі шматлікія ўнукі. Цяпер, праўда, у іх сям’і пераважаюць дзяўчынкі. Магчыма, прырода такім чынам аддзячвае залатым юбілярам за тое, што выгадавалі годнымі і працавітымі сыноў, што нездарма некалі сустрэліся на жыццёвым шляху і працягваюць ісці па ім поруч. А асаблівая радасць – пяцімесячная Даша. Дзяўчынка хоць і малая, а бабулю з дзядулем, як і бацькоў з сястрычкамі, ні з кім не пераблытае…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля