Беларусь

Малітва маці


Ларыса ПАТРУБЕЙКА, гаспадыня дома №7 па вуліцы Зорнай, што ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна, пераканана: бацькоўская любоў можа тварыць цуды…
Чалавеку заўсёды лягчэй жывецца з верай у цуд, Бога ці добрых людзей. У дзяцінстве старэйшая дачка Насця моцна хварэла. Мясцовыя дактары  толькі рукамі разводзілі: маўляў, мы зрабілі ўсё, што ад нас залежыць… А маці працягвала верыць у выздараўленне дачушкі. Малілася за яе. Тады ж дала сабе слова: калі Насця паправіцца, возьме на выхаванне хлопчыка ці дзяўчынку з дзіцячага дома. І дачка Ларысы Патрубейкі пасля таго, як  трапіла ў адну са сталічных клінік, пайшла на папраўку. З той пары мінула больш за 7 гадоў. Насця вырасла, выйшла замуж. Як тут не паверыш у сілу мацярынскай малітвы, у тое, што бацькоўская любоў ды прафесіяналізм дактароў, якія своечасова прыйшлі на дапамогу, здольны тварыць цуды?..
Ларысе пашчасціла і з Прэзідэнтам краіны пагаварыць падчас яго рабочай паездкі ў Давыд-Гарадок у 2007 годзе. Пра што расказала Кіраўніку дзяржавы шматдзетная маці (на той час у сям’і Патрубейкаў было пяцёра  дзяцей)?  Пра тое, што ім патрэбны прысядзібны ўчастак і дом, што цяжкавата шматдзетным сем’ям узяць крэдыт на будаўніцтва жылля. Прасіла жанчына Аляксандра Рыгоравіча, каб узнялі статус шматдзетнай сям’і…
Неўзабаве справа з крэдытам  зрушылася з месца. Сям’я Патрубейкаў у ліку  першых атрымала яго. Тады Ларыса яшчэ раз вырашыла для сябе, што гэты дом будзе домам не толькі для яе ўласных дзяцей. Пра сваё жаданне  ўзяць на выхаванне сірату сказала мужу.  Ён спачатку пагадзіўся з жонкай, а пасля чамусьці перадумаў. Жанчына не стала фарсіраваць вырашэнне далікатнага пытання. Спачатку трэба было пабудаваць дом.
Наступную размову пра тое, каб узяць на выхаванне дзіця, два гады таму завёў з Ларысай ужо муж, калі яна  вярнулася ад маці, якая жыве ў Расіі.
– Ідзі, кажа,  дакументы афармляй, – успамінае той час жанчына. – Мы прайшлі з ім камісію,  падрыхтоўку ў псіхолага. Хацелі ўзяць на выхаванне  маленькага хлопчыка, але на той момант у дзіцячым доме такога не аказалася. Быў старэйшы, а ў яго – сястра. Абое са Століншчыны. У той сям’і – шасцёра дзяцей, і ўсе яны раскіданы па дзіцячых установах краіны. Каб не разлучаць брата з сястрой, вырашылі забраць абаіх.
Спачатку – на выхадныя. Сяргею і Наташы (дарэчы, гэтыя імёны Ларыса прысніла), калі апынуліся ў новым доме, усё было нязвыкла. Мноства розных цацак, разнастайныя прысмакі, цёплы прыём як старэйшых Патрубейкаў, так і  іх дзяцей кранулі сэрцы брата з сястрой, якія ніколі не мелі ўсяго гэтага. Але выхадныя праляцелі хутка. Вечарам другога дня гаспадыня  дома выпадкова пачула плач дзяўчынкі,  якая праз слёзы гаварыла брату, што хоча застацца ў гэтым доме, а той на правах старэйшага супакойваў яе.
Калі пасля выхадных адвезлі дзяцей у дзіцячы дом, Наташа расплакалася. Ларыса, як магла, суцяшала яе, паабяцаўшы, што будзе званіць. А 9 сакавіка мінулага года брат з сястрой  пайшлі ў школу ўжо ў Давыд-Гарадку: Наташа – у другі клас, Сяргей – у трэці.
– Наташа за тры месяцы дагнала па праграме  сваіх аднакласнікаў, па хатняй гаспадарцы мне дапамагае. Сяргей напачатку быў, нібы звярок запалоханы. Цяпер прызвычаіўся. Яму англійская мова цяжка даецца, – характарызуе  жанчына сваіх новых членаў сям’і.
Расказала Ларыса і пра праблемы, якія часам узнікаюць. Дзякуй богу, суседзі ў Патрубейкаў добрыя, з разуменнем адносяцца да дробных правіннасцей прыёмных дзяцей, якія прывыклі пастаяць самі за сябе. Таму, мабыць, Сяргей  і не расказаў прыёмным бацькам пра тое, як аднойчы яму перагарадзілі шлях мясцовыя падлеткі. Ён сам паквітаўся з крыўдзіцелямі… Дарослыя не апраўдваюць такі ўчынак хлопчыка, пра што і сказалі яму. Ды і ўсім гуртам на аднаго нападаць не па-мужчынску…
З малодшымі Патрубейкамі – дзесяцікласнікам Дзмітрыем і трэцякласнікам Валерам (старэйшыя  Насця з мужам і Дзяніс з жонкай жывуць у Мінску і вучацца ў ВНУ, а Вераніка займаецца ў каледжы ў Лунінцы), як і са сваімі прыёмнымі бацькамі, брат з сястрой знайшлі агульную мову. Так, бываюць цяжкасці, але хіба гэта не шчасце – пазбавіць сірочага лёсу дзяцей, цёплым бацькоўскім подыхам адагрэць іх сэрцы, а ў адказ пачуць “мама” і “тата”?..
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Столінскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля