Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу – на Камянеччыне

Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу – на Камянеччыне

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў вёсцы Вялікая Турна Камянецкага раёна
Пасялілася тут вялікая сям’я Таццяны і Дзмітрыя Якавукоў. Акрамя дарослай дачкі і сына-школьніка, у іх яшчэ сямёра прыёмных дзяцей ва ўзросце ад 2 да 12 гадоў.
ВЯЛІКІ ДОМ
Некалькі гадоў таму Беларускі саюз жанчын выступіў з ініцыятывай “Ні аднаго кінутага дзіцяці”. Гэту акцыю падтрымала кіраўніцтва ААТ “ААБ Беларусбанк”. Было вырашана за свае сродкі пабудаваць у кожным рэгіёне рэспублікі па аднаму дзіцячаму дому сямейнага тыпу. На Брэстчыне высакародную ідэю рэалізаваў калектыў абласнога ўпраўлення “Беларусбанка” на чале з Віктарам Лечанковым.
Для будаўніцтва выбралі Вялікую Турну, бо ў гэтай вёсцы знайшоўся добры ўчастак зямлі пад сацыяльны аб’ект, ды і ўся неабходная інфраструктура маецца – школа, дзіцячы садок. Двухпавярховы асабняк атрымаўся на захапленне: пяць спальняў, гасціная, гульнявы пакой абстаўлены ўтульнай і зручнай мэбляй. А на наваселле банкіры падарылі яшчэ і неабходную бытавую тэхніку – халадзільнік, тэлевізар, духоўку, мікрахвалёўку і іншыя рэчы. Не засталіся ўбаку і мясцовыя ўлады: старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык перадаў дзеткам новенькі камп’ютар.
ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я
Не думала Таццяна Якавук, што стане шматдзетнай мамай. Жылі з мужам у горадзе Высокае, выхоўвалі дачку Святлану. Дзяўчынка расла і вельмі любіла бавіцца з суседскімі дзеткамі, а бацькоў прасіла “купіць” браціка ці сястрычку. Толькі праз 18 гадоў нарадзіўся хлопчык Давід. Святлана вырасла і паехала працаваць у Брэст. Цяпер падрастаў ужо Давід і таксама стаў скардзіцца на адзіноту. Пакуль бацькі ўвесь дзень на працы, хлопчык кожную вольную хвіліну праводзіў у суседзяў Баневічаў. Там было весела: вялікая сям’я, аж чацвёра дзяцей. Вось тады і задумалі Якавукі ўзяць у сям’ю прыёмнага хлопчыка. Павел аказаўся на рэдкасць добрым і ветлівым. І хоць вучоба яму даецца нялёгка, затое ён вельмі працавіты – першы памочнік па гаспадарцы. А тут яшчэ  і старэйшая дачка Святлана вярнулася назад у Высокае. Аднойчы менавіта яна ўгаварыла маму паглядзець у камянецкай бальніцы двух кінутых немаўлят. Жаночыя сэрцы не вытрымалі – і сям’я павялічылася яшчэ на два чалавекі.
На прадпрыемстве “Белавежскія сыры”, дзе працавалі муж і жонка Якавукі, калі даведаліся аб гэтым, аднесліся з разуменнем і адабрэннем. Прапанавалі Таццяне гібкі графік работы, усяляк дапамагалі, але ўсё роўна часу на дзяцей не хапала. Вось тут і паступіла ёй прапанова стаць гаспадыняй у новым дзіцячым доме сямейнага тыпу, які будавала абласное ўпраўленне “Беларусбанка”. Сям’я падтрымала Таццяну Анатольеўну – і муж, і бабулі, і дарослая дачка.
Далей пайшло-паехала. Новы дом у Вялікай Турне быў разлічаны на выхаванне шасці непаўналетніх дзяцей. Таму і вырашылі Якавукі ўзяць яшчэ дваіх малых, ды лёс звёў адразу з чатырма. Ну, што тут было рабіць? Не разлучаць жа брацікаў і сястрычак.
Цяпер у Таццяны і Дзмітрыя 8 дзетак, не лічачы дарослай дачкі Святланы. І, па іх словах, усё ў сям’і пароўну – і гасцінцы, і бацькоўская любоў.
Юрый МАКАРЧУК, “НТ”,
Камянецкі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Малітва маці

Следующая запись

Падарунак лёсу, або Каханне, непадуладнае часу