Сёстры-сяброўкі. І сяброўкі – як сёстры…
Гісторыя чатырох жанчын і адной газеты
Калі знаходзяцца людзі – гэта вялікая радасць. І прыемней удвая, што ўсё часцей сувязным звяном паміж тымі, хто шукае і каго расшукваюць, выступае “Народная трыбуна”. Пацверджаннем таму – дзве гісторыі пра жаночую дружбу і сястрынскую любоў.
“…ЯНА СТАЛА ДЛЯ МЯНЕ СЯСТРОЙ”
Такі радок быў у інфармацыі для пошуку, якую ў “Народнай трыбуне” апублікавалі ў №5 за 29 студзеня 2011 года. Некалькімі cказамі Лілія Казакова сцісла распавяла пра сваё знаёмства з цудоўнай дзяўчынай, якая стала для яе больш чым лепшай сяброўкай – замяніла сястру. Зайграла яркімі фарбамі, напоўнілася дарагімі дробязямі і шчымлівымі ўспамінамі гэтая гісторыя ўжо ў размове са знойдзенай сяброўкай Валянцінай Гавака.
Жанчына памятае, як яны пасябравалі – маладая “брыгадзірша”, якая прыехала працаваць у вёску Крупляны Баранавіцкага раёна, і школьніца Ліля, што адразу пацягнулася да старэйшай Валі, адчуваючы ў ёй родную душу. Разам рабілі ўрокі, разам на танцы бегалі, усе сакрэты і мары давяралі адна адной… А потым бесклапотнасць маладосці, вір падзей закруцілі дзяўчат: ад’язджаючы на новае месца працы ў Пружаны, Валянціна Уладзіміраўна забыла пакінуць адрас – здавалася, гэта дробязь, а наперадзе чакае нешта новае і цікавае… “Дробязь” развяла іх на дзесяцігоддзі, пазбавіла каштоўнай сяброўскай падтрымкі, прынесла з цягам часу пачуццё шкадавання і, у рэшце рэшт, вылілася ў жаданне сустрэцца.
Радасць – вось што перапаўняла жанчын, калі адбылася першая тэлефонная размова з ліку многіх наступных. Пасля прыйшло жаданае супакаенне і адчуванне таго, што, нарэшце, гэта старонка іх жыцця перагорнута, а наперадзе – шмат новых агульных.
“Я ВЕДАЛА, ШТО ЁСЦЬ СТРЫЕЧНАЯ СЯСТРА. І ВЕРЫЛА, ШТО МЫ СУСТРЭНЕМСЯ…”
Ды не адна стрыечная сястра, а цэлая “галіна” прырасла да генеалагічнага дрэва Тамары Мурач з вёскі Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, дзякуючы актыўным пошукам Антаніны Шалабасавай, якая працягвала шматгадовыя спробы, не зважаючы на ўсе няўдачы. Жанчына пры дапамозе публікацыі ў “НТ” (№3 за 15 студзеня 2011 года) знайшла роднага чалавека. Сувязь з родзічамі згубілі, калі сям’я Тамары Аляксандраўны знаходзілася ў Таджыкістане. Яны пераехалі ў Беларусь, але былыя кантакты так і не змаглі ўзнавіць.
Вестка, што яе шукаюць, не стала для Тамары Мурач навіной: падсвядома яна рыхтавалася, уяўляла, як жа склалася жыццё блізкіх па бацькоўскай лініі. Таму можна нават сказаць, што і чакала гэтай хвіліны. У хуткім часе жанчыне давядзецца наноў пазнаёміцца з родзічамі, якія існавалі толькі ў яе цьмяных успамінах (Тамары было 3 гадкі, а Тоні – 6, калі яны бачыліся ў апошні раз) ды ў аповядах бацькі. На чарзе – сустрэча і ўз’яднанне роду, умацаванне вялікай сям’і. А пакуль што сёстры проста знаёмяцца, вучацца давяраць адна адной, дзеляцца ўспамінамі – яны пачынаюць усё спачатку, з сяброўства…
Алёна САЦУТА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.