Беларусь

Стаў родным чужы дом


Сям’я Джыгаў – адна з пяці прыёмных у вёсцы Ліпнікі Драгічынскага раёна
Тут пакінутыя дзеці знаходзяць не толькі прытулак, але і сапраўдную бацькоўскую любоў. Тое, што не атрымалі ў біялагічнай сям’і, – яны маюць у прыёмнай.
Гаспадыня дыхтоўнага дома На-дзея Мікалаеўна, якая працавала нянечкай ў мясцовым садку,  не хавае, што хацела ўзяць на выхаванне дзяўчынку. Магчыма, таму, што хлопцы ў яе былі свае: старэйшы Андрэй працуе ўжо на чыгунцы, а малодшы Дзіма зараз ходзіць у сёмы клас. Але на той момант, калі яна прыехала ў дзіцячы дом,  там для ўладкавання ў прыёмную сям’ю былі толькі хлопчыкі. І калі вывелі маленькага Юру (тады яму было  тры з паловай гады), яна не змагла адмовіцца. “Няхай будзе хлопчык”, – падумала жанчына.  Яе жаданне ўзяць на выхаванне дзіця вяскоўцы ацанілі па-рознаму.  А малодшы сын, якому тады было чатыры з паловай гады, нават крыўдзіўся на маці за тое, што больш увагі ўдзяляе гэтаму чужому хлопчыку.
Пасля сталася так, што Джыгі ўзялі на лета двух старэйшых братоў Юрыя, якія знаходзіліся ў інтэрнаце ў Быцені. Узялі на лета, а Цімафей і Вадзім засталіся назаўсёды. Палюбіўся ім дом, дзе жыў малодшы брат і яго прыёмныя бацькі. Цяпер Цімафей вучыцца ў чыгуначным каледжы, а Вадзім – у дзявятым класе.
А што біялагічныя бацькі хлопчыкаў? Маці, якая жыве ў Столінскім раёне, пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Праўда, гаворыць гаспадыня дома, Цімафей аднойчы папрасіў дазволу з’ездзіць да роднай маці. Прыёмныя бацькі дазволілі. Толькі энтузіязму вялікага гэтая сустрэча ў хлопца не выклікала. Таму цяпер на выхадныя ён спяшаецца ў Ліпнікі. Спачатку, па словах Надзеі Мікалаеўны,  у хлопца быў нейкі страх. Відаць, думаў, калі стаў жыць у інтэрнаце каледжа, дык яго тут не прымуць. Але жанчына развеяла страхі хлопца: тут яму рады заўсёды.
Так і жывуць вялікай дружнай сям’ёй. Надзеі Мікалаеўне іншым разам бывае вельмі цяжка: усё ж шасцёра мужчын у хаце. А ім і прыгатаваць паесці неабходна, і бялізну выпраць, і шмат чаго яшчэ зрабіць. Але шчасцем поўніцца яе вялікае сэрца, калі чуе ад усіх  сваіх  пяцярых сыноў слова “мама”. Значыць, яе справа недарэмная.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Драгічынскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля