Беларусь

Закаханыя і неразлучныя


Без пачуццяў не бывае прыгожай пары
Ёсць такі выраз: “Мой дом – мая крэпасць”. Сапраўднай крэпасцю дом можа стаць тады, калі ў ім утульна і цёпла, калі туды заўжды хочацца вяртацца, знаходзіць там душэўны спакой, калі ў ім жыве дружная, трывалая сям’я, у якой усе паважаюць і дапаўняюць адзін аднаго.
…З вясковай дыскатэкі вяртаўся вясёлы гурт моладзі. Быў там і жвавы прыгажун Васіль, які толькі вярнуўся са службы ў арміі. Непадалёк ад дома запрыкмеціў на лавачцы прывабную маладзенькую дзяўчыну, якая аб нечым размаўляла з сяброўкамі. Падышоў пазнаёміцца да прыгажуні, а застаўся побач на ўсё жыццё. Згулялі вяселле. Маладыя купілі дом у вёсцы Залядынне і пачалі віць сваё ўласнае сямейнае гняздзечка. Было гэта 18 год таму.
У свой час Васіль Казека скончыў Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум, таму з уладкаваннем на работу цяжкасцей не ўзнікла. Пачаў працаваць у калгасе. У маладой сям’і нарадзіўся і падрастаў на радасць бацькам сынок Мікалай, а душу Васіля Рыгоравіча не пакідала жаданне здзейсніць запаветную мару, якая зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, – стаць лесніком. Яго шчаслівая пара юнацтва прайшла на прыродзе. Лес зачароўваў. Менавіта тут з’явілася цікавасць да гэтай прафесіі. Праз некаторы час пачаў Васіль Казека выходзіць у лес не толькі дзеля адпачынку ды палявання, а і на працу – стаў лесніком Адрыжынскага лясніцтва. Вось ужо 11 гадоў для Васіля Рыгоравіча зялёны сябар чалавека – гэта яго лёс. Старанна ўпарадкоўвае лясныя ўгоддзі, сочыць за чысцінёй, а таксама не забывае аб вясковай моладзі, спецыяльна для якой сваімі рукамі стварыў месца для адпачынку: пабудаваў з бярвенняў альтанку, масток праз невялікі ручай, што бяжыць у лесе. Там жа знаходзіцца мангал, каб у цёплыя летнія вечары было дзе сустрэцца, пасмажыць шашлыкі. І моладзь удзячная свайму нераўнадушнаму лесніку.
Васілю Рыгоравічу хочацца адчуваць, што ён у лесе, нават тады, калі знаходзіцца дома. З жонкай, Зояй Яўгенаўнай, ёсць агульнае захапленне – з дароў лесу рабіць прыгожыя кампазіцыі, якія яны творча афармляюць і размяшчаюць у доме. Як жа задаволены Васіль Рыгоравіч тым, што 18 гадоў таму ажаніўся з дзяўчынай, якая, нягледзячы на малады ўзрост, стала дбайнай і стараннай гаспадыняй, аказалася ўмеліцай на ўсе рукі, а за прыгажосцю яе твару хавалася галоўнейшая прыгажосць – душэўная…
Гаспадарлівасць Зоі Яўгенаўны відавочная, бо як толькі апынаешся каля хаты лесніка – адразу бачыш стараннасць і творчасць. Рознакаляровасць і разнастайнасць кветак, клумбаў, кампазіцый з вясны да восені – сведчанне вялікай невычэрпнай фантазіі. Цэлая шафа вышываных ручнікоў, сурвэтак, навалачак – вынік працавітасці. А ў вачах жанчыны – вялікая любоў да мужа і сына.
Я пабыла ў хаце гасціннай сям’і, з задавальненнем размаўляла з яе цікавым гаспадаром, частавалася смачна прыгатаванай дзічынаю, разглядала вырабы шматлікіх хобі Зоі Яўгенаўны і адпачывала. Было так лёгка і спакойна на душы, што не хацелася развітвацца. А калі адыходзіла, дык мой позірк упаў на самы прыгожы ручнік, на якім, гледзячы адзін на аднаго, сядзела пара галубоў. Галубы – сімвал міру, а яшчэ яны – птушкі, усё жыццё адданыя адзін аднаму. Гэты ручнік – увасабленне рэальных людзей, паляўнічага і лесніка Васіля Рыгоравіча Казекі ды яго жонкі Зоі Яўгенаўны, якая працуе ў Залядынскім Доме культуры. Яны, бы тыя птушкі, – светлыя, закаханыя, неразлучныя ды шчаслівыя.
Дар’я ГАРБАЦКАЯ,
Іванаўскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля