Беларусь

За мужам


У паліклініцы на працэдуру сядзелі некалькі жанчын і мужчына з газетай у руках. Чарга няспешна пасоўвалася да дзвярэй, з якіх выходзілі знаёмыя і незнаёмыя людзі, некаторыя віталіся, перакідваліся словам, пытаннем “Як здароўе?”. Да нашай чаргі дабаўляліся яшчэ людзі, вялі ціхую гаворку. Хутка да мяне дайшлі словы “так вось жыццё распарадзілася”.
Але слухаць далей ужо не было як, бо запрасілі ў кабінет. Тут мяне пасадзілі, ногі прый-шлося апусціць у ваду з лекамі, пасыпаўся пясок у гадзінніку, вочы самі заплюшчыліся ад спакою і цяпла. А дзве маладзенькія санітарачкі працягвалі сваю размову, пачатак якой я пачула за дзвярыма. Гісторыя ўразіла сваім трагізмам, я пачала даваць патрэбны ход нашай размове, раз-пораз устаўляючы пытанні.
Жанчына, аб якой вялася гаворка, была з бліжэйшай вёскі, яе добра ведалі, таму і прынялі блізка да сэрца ўсе падзеі. Некалі гэтая жанчына ўзяла да сябе жыць мужчыну, быццам на кватэру.
Што казаць, любіў ён выпіць чарку, мог і пабіцца з такімі ж, як сам, выпівохамі. Хаты не меў (аддаў былой жонцы), сам жыў у прыбудоўцы, апрануты быў з чужога пляча, але чыста, грошай многа не зарабляў. Вось і прыбіўся ён да жанчыны.
Усе гаварылі, што яна нейкая не ў сабе, але з мужчынам зажыла спраўна. З’явіліся і гаспадарка, і нейкае свінчо, і кароўка, і соткі засаджвалі бульбай. А потым і дзіця нарадзілася. Дзяўчынка была ціхая, непрыкметная, як маці.
Так і ішло іх жыццё. Памалу ўсё перайшло на плечы мужа, на яго рукі. Маці і дачка нічога ў доме не рашалі – не ўмелі, а можа, і не хацелі. Мужчына ведаў, што купіць з прадуктаў, з адзежы, да якога доктара весці тую ці другую.
Людзі здзіўляліся яго падатлівасці, самаахвярнасці. Іншыя гаварылі, што дабром гэта не скончыцца. Так яно і здарылася. За некалькі дзён згарэў мужчына. Ад чаго і як – ніхто не ведае, бо ўрача яны не выклікалі. Пасядзелі над ім, ціха ўтаропіўшыся ў полымя свечкі, пахавалі пры дапамозе суседзяў і як бы затаіліся яны ў доме. Потым маці прадала сёе-тое людзям, грошы пакінула на помнік, прыбрала дачку, сама пераапранулася ў чыстае.
Бачылі, як яны ўдваіх накіраваліся ў бок ракі. Ніхто благога не падумаў. Толькі рыбакі здалёк бачылі, як маці, узяўшы дачку за руку, увайшла ў раку, пастаяла, як бы развітваючыся са светам, і пайшла ўсё глыбей, ведучы за сабой малую. Так і забрала іх абедзвюх вада. Відаць, не змаглі яны без мужчыны, без яго апекі і падтрымкі, жыццё стала нялюбым…
Мы доўга маўчалі, працэдура была закончана. А ў сэрцы застаўся смутак. Чаму ж людзі так распараджаюцца сваім жыццём? Ці ж можна так?
Ніна ДЫДЫШКА,
г. Пружаны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля