Мачанка “Святочная”
ад Любові БАБУЛІНАЙ, дырэктара Ганцавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
– Нашы мудрыя продкі выкарыстоўвалі здаровую, толькі з натуральных прадуктаў, і вельмі простую ежу. Кожная сям’я мела свае рэцэпты. У маёй з пакалення ў пакаленне перадаюцца сакрэты салення грыбоў, мяса, прыгатавання пірагоў з селядцом і брусніцамі. З задавальненнем падзялюся рэцэптам маёй прабабулі і раскажу, як прыгатаваць мачанку “Святочную”.
Нам спатрэбяцца: 10-12 невялікіх белых грыбоў, 2-3 цыбуліны, 1 вялікі селядзец (або 2 невялікіх), мука, алей, бульба, соль, перац, лаўровы ліст.
Сухія белыя грыбы (папярэдне замочаныя на 3 гадзіны ў вадзе) прамываем, рэжам палоскамі і варым каля гадзіны. Адначасова чысцім цыбулю і абсмажваем на вялікай колькасці алею. Разбіраем селядзец на філе і рэжам на невялікія кавалачкі. За 10 хвілін да гатоўнасці грыбоў дадаём у булён селядзец, цыбулю і алей, на якім яе смажылі. Затым 5-6 лыжак мукі абсмажваем у алеі, дадаём вады, каб атрымалася аднародная маса, і паступова ўводзім яе ў булён. Кіпяцім 5 хвілін, кладзём 1 лаўровы ліст, солім, перчым.
Да мачанкі абавязкова гатуем бульбяна-мучныя бліны. Бульбу і цыбулю надзіраем на дробнай тарцы, солім, дадаём мукі (прыкладна напалову з бульбяной масай) і смажым вялікія бліны.
Прыемнага апетыту!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.