Беларусь

Салата “Загадкавы рыжык”


ад Тамары БУНТО, галоўнага рэдактара часопіса жанчын Беларусі “Алеся”:
– Вядома ж, як і большасць гаспадынь, люблю простыя, смачныя і адначасова з густам аформленыя стравы. Адну з такіх салат з задавальненнем прапаную чытачам “НТ”.
Інгрэдыенты: 200 г адваранага філе індычкі ці курыцы, па 300 г адвараных і абабраных бульбы з морквай, 300 г грыбоў, 2 вараныя яйкі, 150 г цыбулі, маянэз, соль, кроп, алей.
На патэльні з алеем абсмажваем цыбулю, да яе дадаём парэзаныя грыбы, солім – усё смажым каля 15 мінут. Тым часам на дробнай тарцы паасобку надзіраем бульбу, моркву, яйкі. Дробна рэжам мяса.
Прыступаем да стварэння вобраза. На талерку выкладаем бульбу ў выглядзе морквы (трохвугольнікам). Крышку солім і змазваем маянэзам. На яе – слой грыбоў, далей – філе, якое солім і змазваем маянэзам. Настала чарга яек, а на іх – маянэз. Апошняй выкладваем моркву, на якой можна зрабіць баразёнкі (з дапамогай нажа) і прымацаваць “хвосцік” з зялёнага кропу.
Несумненна, гэтая яркая салата аздобіць любы стол, а яе смакавыя якасці, спадзяецца Тамара Пятроўна, не расчаруюць берасцейцаў. А яшчэ галоўны рэдактар “Алесі” паведаміла прыемную навіну: сакавіцкі спецвыпуск часопіса будзе прысвечаны жанчынам Брэстчыны – актывісткам пярвічных арганізацый ГА “Беларускі саюз жанчын”, прадстаўніцам сферы мастацтва і сферы бізнесу, вядомым асобам і простым працаўніцам. “Сярод гасцей чарговага нумара “Алесі” – сенатар Наталля Манько, генеральны дырэктар Брэсцкага панчошнага камбіната Таццяна Маторына, старшыня абласной арганізацыі БСЖ Ірына Арабей, зорка дзіцячага Еўрабачання Вольга Сацюк і іншыя, – расказвае Тамара Бунто. – Мы імкнуліся стварыць зборны вобраз сучаснай берасцейскай жанчыны. Якім ён атрымаўся – меркаваць, вядома ж, вам, шаноўныя нашы чытачы!”
А ўсіх жанчын Тамара Пятроўна віншуе з надыходзячым святам і шчыра зычыць, каб кожная новая вясна заўсёды дарыла ім кветкі, любоў і пяшчоту…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля