Беларусь

З племені непакорных


4 сакавіка споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння вядомага берасцейскага мастака Эдуарда КУФКО
Ён быў маім суседам па Граеўцы. Жыў на суседняй вуліцы. Мне заўжды было цікава сустракаць яго, вітацца, ведаць, што ў мяне такі сусед, які жыве па вуліцы Мірнай… Хаця мірным жыццё ў Эдуарда Куфко было далёка не заўсёды, асабліва калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Эдуард да вайны паспеў скончыць два курсы Яраслаўскага мастацкага вучылішча, потым былі служба ў арміі, вайна, фронт, палон… Гітлераўскія канцлагеры. А пасля лагераў – вызваленне і… зноў калючы дрот, вышкі з пражэктарамі, злымі сабакамі цяпер ужо ў савецкім ГУЛАГу…
У Брэсце мастак апынуўся ў 1955 годзе і адразу пачаў плённа працаваць як жывапісец, удзельнічаць у мастацкіх выставах такіх жа мастакоў-франтавікоў, як і ён сам. Пасля вайны ў горадзе сабралася неблагая суполка мастакоў. Гэта і ўдзельнік Фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў Пётр Данэлія, франтавы разведчык Іван Фяцісаў, палескі партызан Іван Рудчык, Мікалай Чураба…
Эдуард Станіслававіч шмат працаваў, каб сцвердзіцца ў мастацтве. Маляваць даводзілася ўсё тое, што малявалі і яго калегі, таварышы па мастакоўскім цэху. Гэта былі партрэты перадавікоў сацыялістычнай вытворчасці,  ветэранаў вайны, мастакоў і літаратараў Берасцейшчыны, увогуле цікавых людзей, сяброў. Вынікам плённай працы стаў прыём у члены Саюза мастакоў.
Першыя буйныя палотны Эдуарда Куфко з’явіліся ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў і былі прысвечаны менавіта антыфашысцкай тэме, з іх пазней стварыўся цыкл палотнаў “Вязні фашызму” (Не забудзем”,  “Антыфашысты”, “Праўда”, “Асвенцым”, “Вызваленне”).  Мастак апавядаў пра  жахі лагераў смерці па праву чалавека, які праз гэтае  пекла прайшоў сам. Там сустракаў ён мужных людзей,
якія знаходзілі сілы, каб не толькі маральна не згубіць сябе, але яшчэ і выказваць свой гнеў і абурэнне ў процістаянні фашызму. Тэму завяршыла кампазіцыя “Памяці вязняў Ламсдорфу”, якая  з’яўляецца напамінам-перасцярогай  жывым.
Гады савецкіх лагерных выпрабаванняў таксама не прайшлі дарэмна. Эдуард Куфко ўсё часцей звяртаецца ў творчасці да тэмы ГУЛАГу (першы твор новага цыкла “Іван Дзянісавіч” убачыў свет ужо ў сярэдзіне 80-х). І каб ніколі падобныя лагерныя жахі не паўтарыліся ў жыцці людзей, мастак пераносіць на палотны свае ўспаміны аб перажытым, свае хваляванні, думкі. Так стварылася серыя жывапісных работ “ГУЛАГ”.
Але мастак не засяродзіўся толькі на ваенна-лагернай тэматыцы. Ён верыў у прыгажосць, пісаў цудоўныя пейзажы, светлыя партрэты, нацюрморты, любіў кветкі, клапатліва выгадаваныя жонкай…
Эдуард Станіслававіч у сваёй творчасці неаднаразова звяртаўся да стварэння жывапісных партрэтаў берасцейскіх літаратараў, з якімі любіў сустракацца, бавіць час. У спадчыну засталіся партрэты Уладзіміра Калесніка, Міхася Рудкоўскага, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско… Сярод іншых  можна вызначыць партрэты кампазітара Эдуарда Ханка, партызана Міхаіла Хлебнікава, пісьменнікаў Фёдара Дастаеўскага, Аляксандра Салжаніцына…  Да лірычных партрэтаў адносяцца “Дзяўчына з Палесся”, “Партрэт жонкі”, “Ірына”, “Рая”, у якіх мастак паказаў прыгажосць і ўзнёсласць жанчын – муз і натхняльніц творчасці мастакоў.
Эдуард Куфко любіў жыццё, любіў людзей, з ім заўжды было цікава сустракацца, размаўляць. Ён быў чалавекам-легендай. Такім і застаецца ў памяці мастакоў, літаратараў і ўсіх людзей, хто добра ведаў яго і памятае як няскоранага духам Чалавека і Мастака.
Леанід ВАЛАСЮК,
член ГА “Беларускі
саюз мастакоў”.
ДАВЕДКА “НТ”
Эдуард Куфко нарадзіўся 4 сакавіка 1921 года ў  сяле Славоціна  Цвярской вобласці Расіі ў сям’і чыгуначніка. Скончыў Абазерскі лесатэхнічны тэхнікум  у 1939 годзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1956 года. Працаваў у станковым жывапісе ў жанры карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Член Беларускага саюза мастакоў з 1964 года. Памёр 18 кастрычніка 1998 года ў Брэсце.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля