Торт “Халодны Напалеон”
ад Наталлі САХАРЧУК, начальніка аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС аблвыканкама:
– Без гатавання ўвогуле не магу ўявіць свайго жыцця. У вольную хвіліну імкнуся парадаваць блізкіх новай стравай. Дома часта прымаю гасцей. Здараецца, што прыходзяць яны і нечакана. Для такіх выпадкаў у мяне ёсць спецыяльны і бяспройгрышны варыянт – торт “Халодны Напалеон”. Рэцэптам падзялюся з чытачамі “НТ”.
Нам спатрэбіцца: каржы слаёнага цеста (пакупныя, 6 штук), 300 г грыбоў (вараныя ці кансерваваныя), 3 сярэдняга памеру цыбуліны, 4 яйкі, 300 г сыру (пажадана “Галандскі” ці “Пашахонскі”), маянэз (лепш узяць аліўкавы).
Наразаем грыбы, здрабняем на дробнай тарцы сыр і адварваем укрутую яйкі. Пасіруем цыбулю да залацістага колеру і дадаём да грыбоў. Інгрэдыенты (сыр, грыбы і яйкі) асобна раскладваем па трох ёмкасцях. Я выкарыстоўваю піялы. Запраўляем іх маянэзам і перамешваем да аднароднай масы, толькі не робім занадта рэдкай.
Затым на блюда выкладваем першы корж і на яго – грыбы. Зверху накрываем новым каржом і выкладваем яйкі. Далей паўтараем гэтыя маніпуляцыі ў такой чарзе – сыр, грыбы, яйкі, сыр. Зверху можна ўпрыгожыць зяленівам ці арэхамі, якія будуць вельмі карысныя ў зімовы час. На 1-2 гадзіны торт ставім у халадзільнік. Пасля падаём “Халодны Напалеон” на стол.
І я абяцаю, што такая закуска прыйдзецца даспадобы ўсім, бо і выгляд мае незвычайны, і смак – ну вельмі незабыўны!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.