ТОРТ “ТРАПІЧНЫ БЛЮЗ”
Ад Наталлі АЎРУСЕВІЧ, намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры Івацэвіцкім райвыканкаме:
– Для таго, каб пачараваць на кухні і здзівіць блізкіх, сяброў чым-небудзь арыгінальным і смачным, патрэбна натхненне. Калі ёсць настрой, дык прыгатаваць дэсерт можна і без вялікай на тое прычыны. А вось да свят – абавязкова! Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны прапаную чытачкам “НТ” рэцэпт “Трапічнага блюза”. Гэты торт абавязкова прынясе рамантычную нотку ў святочную вячэру з любімым мужчынам.
Рыхтуем бісквіт: 4 яйкі, 1 шклянку цукру, 1 шклянку мукі, 100 грамаў сметанковага масла, 1 чайную лыжку пагашанай соды і каліва солі ўзбіваем. Выліваем цеста на бляху, выпякаем 20 хвілін.
Для крэма: 500 г смятаны (пажадана 25-працэнтнай тлустасці) і 1 шклянку цукру ўзбіваем, дадаём папярэдне прыгатаваны і астуджаны жэлацін (2 сталовыя лыжкі на 3/4 шклянкі вады), размешваем.
Чысцім і рэжам 2 бананы, 1 ківі, 1 апельсін. Бісквіт наразаем кубікамі. У раз’ёмную форму з высокімі краямі выкладаем уперамежку бісквіт і фрукты слаямі, якія заліваем крэмам. Ім жа ў канцы пакрываем торт зверху. Адпраўляем на холад да застывання. “Трапічны блюз” перакладаем на блюда, упрыгожваем рознакаляровым мармеладам. Гатова!
Рыхтаваць торт лёгка і хутка. Я ўжо гадоў 15 раблю яго, і заўсёды такі дэсерт радуе маіх гасцей і родных.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.