Без матулі няма ні паэта, ні героя
На ўрачыстым прыёме намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык уручыў шматдзетным матулям вобласці ордэны Маці
Мама… З ёй, самай роднай на зямлі, мы спяшаемся падзяліцца радаснымі падзеямі ў жыцці. Да яе звяртаемся ў хвіліны смутку і няўдач. А ўсё таму, што толькі мама, без якой не будзе ні паэта, ні героя, зразумее і даруе любую правіннасць. Як ніхто іншы, яна шчыра парадуецца нашым удачам і пашкадуе, калі нешта ў жыцці не так. І гэта сімвалічна, што ў Дзень маці – 14 кастрычніка, які супадае з прыгожым асеннім святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы, усё было для іх.
Шмат цёплых пажаданняў у адрас тых, хто горда называецца словам “мама”, прагучала падчас прыёму, які адбыўся ў аблвыканкаме. Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, акрамя віншавання са святам шматдзетных матуль, акцэнтаваў увагу прысутных на іх ролі ў грамадстве. А яна заключаецца не толькі ў выхаванні будучых грамадзян Беларусі, але і ва ўмацаванні эканамічнай бяспекі краіны, бо без удзелу жанчын зараз не дзейнічае практычна ніводная галіна народнай гаспадаркі. Леанід Аляксандравіч распавёў таксама пра тое, што робіцца дзяржавай для падтрымкі сем’яў, падняцця аўтарытэту мацярынства і бацькоўства.
– Вы ўшанаваны высокай дзяржаўнай узнагародай. Значнасць вашага мацярынскага подзвігу сваім подпісам у ордэнскай кніжцы падкрэсліў і Кіраўнік дзяржавы, – зазначыў Леанід Аляксандравіч, калі ўручаў ордэн Маці жанчынам.
А яны, расчырванелыя ад келіха іскрыстага шампанскага і шматлікіх кампліментаў, свяціліся шчасцем і гонарам за сябе і сваіх дзяцей. Дзякавалі кіраўніцтву вобласці за ўвагу, клопат і цёплы прыём. Маці 9-ці дзяцей, загадчыца бібліятэкі рэлігійнага таварыства “Прыход храма Свяціцеля Ціхана, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы”
г. Ганцавічы Ірына Піліпчук уручыла кіраўніцтву вобласці ікону Божай Маці, а настаўніца Завершанскай базавай школы імя
М.К. Юскаўца Драгічынскага раёна Любоў Жыдковіч – сувеніры, зробленыя дзецьмі.
…Мама. Яна чакае сваіх дзяцей заўсёды. Дык давайце ж і мы будзем помніць пра яе не толькі ў святы, а штодзённа!
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.