“І раскажу бярозцы, як сяброўцы…”

“І раскажу бярозцы, як сяброўцы…”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Жыццёвыя цяжкасці і здрада блізкага чалавека не ачарсцвілі сэрца гэтай прыгожай і цалкам самадастатковай жанчыны

Яна не была ўлюбёнкай лёсу. Ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, ні ў дарослым жыцці. Бацька Ганны, вясковы каваль, памёр, калі старэйшай дачцэ было ўсяго 13 гадоў. Таму на яе падлеткавыя плечы лёг клопат не толькі аб малодшых братах, 11-гадовым Міхаіле і 8-гадовым Віктары, але і пра хатнюю гаспадарку – маці працавала на ферме, таму шмат часу аддавала рабоце. Вось і даводзілася дзяўчынцы паспяваць усюды. І маме дапамагчы з хатнімі справамі, а калі з’явіцца вольная хвіліна –
на ферму да яе забегчы, і за братамі панаглядаць, каб урокі зрабілі ды ахайна апранутыя былі, і самой у школу не спазніцца. Выдатніцай яна не была, ды і не імкнулася дасягаць гэтага за кошт зубрэння, але вучылася добра, актыўна ўдзельнічала ў школьным жыцці. А яшчэ вельмі любіла шыць – гэтаму рамяству навучыла маці. Таму, калі з’яўляўся час, сядала за швейную машынку. Новую “Падольскую” бацька падарыў дачцэ ў 7 гадоў…
У такіх вось умовах вясковая дзяўчына з Навагрудчыны, што на Гродзеншчыне, сталела, загартоўваўся яе характар. А на парозе самастойнага жыцця ў Ганны памерла маці. Страта самага блізкага і роднага чалавека стала для яе яшчэ адным няпростым выпрабаваннем. У 18 гадоў застацца сіратой з двума непаўналетнімі братамі на руках – такога нікому не пажадаеш. Але свет не без добрых лю-дзей. Ім бацькоў замяніла цётка. Сястра матулі-нябожчыцы прытуліла пляменнікаў, паставіла ўсіх на ногі, дапамагла вызначыцца ў жыцці. Дзякуючы ёй яны змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю.
У Ганны, праўда, адразу пасля школы стаць студэнткай Беларускай сельгасакадэміі не атрымалася – не хапіла аднаго бала. Яна не стала шукаць шчасця ў горадзе. Вярнулася дамоў і ўладкавалася рахункаводам у мясцовы калгас “Краіна Саветаў”. Праз год паступіла на падрыхтоўчыя курсы, а яшчэ праз год – на дзённае аддзяленне бухгалтарскага факультэта сельгасакадэміі.
Вучоба ў ВНУ давалася лёгка, таму дзяўчыне хапала часу і для адпачынку, і для заняткаў грамадскай работай ды спортам. У маладосці Ганна любіла гуляць у гандбол, катацца на лыжах. Студэнцкія гады пакінулі незабыўны след у яе жыцці. Да гэтай пары памятае яна іх вясёлую і дружную кампанію. 10 дзяўчат – такіх жа, як і яна, таварыскіх і кантактных – з жаданнем вучыліся, ахвотна ўдзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў ВНУ, і марылі… А на апошнім курсе пачалі выходзіць замуж. Яны і зараз, праз дзясяткі гадоў, не згубіліся, тэлефануюць адна адной, па магчымасці сустракаюцца. Як звычайна – на нейтральнай тэрыторыі.
На апошнім курсе выйшла замуж і Ганна, якая сваё каханне знайшла падчас вучобы ў акадэміі. Яе выбраннікам стаў аднакурснік з Брэстчыны Віктар Верамейчык. Ён займаўся на агранамічным факультэце. За ім, як нітка за іголкай, адправілася пасля заканчэння вучобы на яго маленькую радзіму – у вёску Пярковічы, што ў Драгічынскім раёне.
Як родную дачку, сустрэлі яе бацькі мужа Ганна Паўлаўна і Васіль Васільевіч, з якімі дагэтуль захаваліся самыя цёплыя адносіны. Яны спадзяваліся, што ў старэйшага сына будзе такая ж моцная і дружная сям’я, як і ў іх. Пра гэта марыла і нявестка.
20 гадоў ішлі па жыцці разам Ганна і Віктар Верамейчыкі. За гэты час у сям’і нарадзіліся і падрасталі дзве дачушкі, муж з галоўнага агранома гаспадаркі дарос да яе кіраўніка. Ініцыятыўны, ён нямала зрабіў для вяскоўцаў: пабудаваў Дом культуры, царкву, басейн. Ну, а жонка пастаянна была поруч – яна працавала эканамістам і ўсяляк садзейнічала кар’ернаму росту мужа, хоць і сама магла б расці далей. Акрамя работы ў калгасе, займалася выхаваннем дзяўчынак і  хатняй гаспадаркай. Старалася, каб у доме заўжды быў парадак, каб муж быў накормлены і дагледжаны. Вось толькі ён не ацаніў гэтага. А яна не захацела жыць у падмане…
Пра тое, як перажыла здраду і што рабілася на душы, ведае толькі яна. Аднак і гэтае выпрабаванне Ганна Верамейчык вытрымала з гонарам. Яна не апусціла рукі і не зацыклілася на сваёй бядзе, хоць перажыць такое было няпроста. Толькі плакацца ў падушку не было часу. У яе ж – дзве дачкі: старэйшая, Таццяна, на той час заканчвала сярэднюю школу, а малодшая, Наталля, –
дзявяты клас. Як і любая маці, жанчына старалася зрабіць усё для таго, каб дзяўчынкі як мага менш пацярпелі ад распаду сям’і, каб не азлобіліся на бацьку. У яе гэта атрымалася. Дзеці сустракаюцца з ім, ды і Ганна Аляксандраўна не трымае на яго крыўды. У яе выпадку прымаўка “Усё, што ні робіцца, робіцца да лепшага” спраўдзілася спаўна.
Дзяўчаты вывучыліся. Старэйшая закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, выйшла замуж, разам з мужам падарылі Ганне Аляксандраўне ўнучку Яраславу. А малодшая выбрала тую ж прафесію, што і маці. Пасля заканчэння бухгалтарскага факультэта БрДТУ працуе бухгалтарам. Абедзве жывуць у Брэсце, а як з’яўляецца час – абавязкова наведваюцца ў дом, дзе іх заўсёды чакае любая матуля, бабуля і цешча.
Змянілася з таго часу і жыццё самой Ганны Верамейчык. З калгаснага эканаміста і жонкі-гаспадыні яна стала дзелавой самадастатковай жанчынай. У хуткім часе пасля таго, як муж пайшоў з сям’і, аднавяскоўцы абралі яе старшынёй Драгічынскага сельскага Савета. Дочкі ўжо вучыліся ў ВНУ, таму ўсю сябе Ганна Верамейчык прысвячала рабоце. Жыла клопатамі людзей, якія даверылі ёй і сябе, і свае праблемы. Яна, як магла, дапамагала ў вырашэнні пытанняў як агульназначных, так і прыватных. Штодзень сустракалася з жыхарамі сельсавета, наведвала праблемныя сем’і, арганізоўвала людзей на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Арганізатарскія здольнасці старшыні сельскага Савета не засталіся незаўважанымі. І ўжо ў 2006 годзе дэпутацкі корпус Драгічынскага раёна абраў Ганну Верамейчык сваім кіраўніком. Гэта, вядома ж, было прыемна, аднак давер народных выбраннікаў і абавязваў да многага. Яна апраўдвае яго ўжо другое скліканне. І гэта таксама пра многае сведчыць. Старшыні раённага Савета дэпутатаў як дзяржаўнаму чалавеку даводзіцца вырашаць самыя разнастайныя пытанні, прымаць важныя рашэнні. А яшчэ – заўсёды быць у форме, бо яна – публічны чалавек. І гэта ў яе таксама атрымліваецца. Заўжды ахайная, прыгожа і па-сучаснаму апранутая, добразычлівая. Як і належыць выглядаць Жанчыне, якая ўпрыгожвае свет і сабой, і сваімі справамі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Драгічынскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Адзёр? Засцеражыся прышчэпкай!

Следующая запись

Узнагароджаны пераможцы абласных конкурсаў сярод моладзі за 2011 год